Хто паказаў праблему, таго і штрафуюць — шосты штраф Кастусю Жукоўскаму
Суд Гомельскага раёна 4 чэрвеня пакараў журналіста-фрылансера Кастуся Жукоўскага максімальным штрафам паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП – 50 базавых велічыняў, што складае 1225 рублёў.
Гэта сёлета ўжо шосты штраф фрылансеру. Суддзя Тамара Застаўнецкая прызнала Жукоўскага вінаватым у незаконным вырабе прадукцыі СМІ для польскага спадарожнікавага тэлеканала “Белсат”. Падставай стаў відэасюжэт “На Гомельшчыне замоўчваюць экалагічную катастрофу?”, паказаны ў праграме “Аб’ектыў” 5 красавіка і ў тэкставым варыянце змешчаны на сайце.
Пратакол склаў участковы інспектар райаддзела міліцыі Сяргей Прыманаў на падставе маніторынгу аддзела па раскрыцці злачынстваў у сферы высокіх тэхналогій УУС Гомельскага аблвыканкма.
Недавер і папярэджанне
На пачатку разгляду адміністрацыйнага пратакола Жукоўскі заявіў, што незалежных судоў у Беларусі няма, але не супраць, каб справу разглядала суддзя Застаўнецкая. Фрылансер падаў пашпарт, назваў сябе. Калі суддзя папрасіла назваць яшчэ і хатні адрас, Жукоўскі адмовіўся гэта зрабіць публічна, спаслаўся на артыкул 27 Кастытуцыі. Палічыў, што агучаныя звесткі могуць яму нашкодзіць. Суддзя настойвала. Жукоўскі, у сваю чаргу, папрасіў Застаўнецкую паказаць пасведчанне суддзі, за што атрымаў папярэджанне: можа быць прыцягнуты да адказнасці за непавагу суда.
Быў выказаны недавер суддзі, але Застаўнецкая яго адхіліла як беспадстаўны.
Узнікла пытанне і з датай так званага “вырабу прадукцыі СМІ”. Абвінавачаны фрылансер заявіў, што ён не рабіў здымкаў пра сметнік у той дзень, які пазначаны ў міліцэйскім пратаколе.
“Не ў той дзень, але ж рабілі?” – дапытвалася суддзя.
Здымкаў БТ у сюжэце больш
Паглядзеўшы відэасюжэт, скапіяваны міліцыяй з сайта “Белсата”, Жукоўскі ўдакладніў, што там сапраўды маецца “кавалачак” ягоных відэаздымкаў з вёскі Сцяг Працы Гомельскага раёна.
“З БТ у сюжэце больш відэаздымкаў – трэба і ягоных супрацоўнікаў прыцягваць да адказнасці”, – казаў Жукоўскі.
Фрылансер патлумачыў таксама, што не з’яўляецца штатным карэспандэнтам “Белсата”. Відэаздымкі змяшчае ў адкрытым доступе на сваёй старонцы ў YouTube, дасылае ў розныя агенцтвы. Хто і дзе іх выкарыстоўвае пазней, не яго справа. Але рады, што выкарыстоўваюць.
“Трэба прыцягваць да адказнасці тых, хто давёў вёску да экалагічнай катастрофы, а не таго, хто пра гэта расказаў”, – лічыць Жукоўскі.
Вада ў калодзежах стала бялёсай
Жыхары вёскі Сцяг Працы, што пад Гомелем, больш як дзесяць гадоў змагаліся супраць сметнішча каля іхных дамоў. Замест таго, каб вывезці ўсе адкіды на адмысловы палігон і такім чынам зліквідаваць звалку, мясцовыя ўлады зрабілі бачнасць парадку: выкапалі катлаван да самай грунтовай вады і ссунулі ў яго бульдозерам усё смецце. Пасля прысыпалі хлоркай.
Прыгожую карцінку ліквідацыі несанкцыянаванай звалкі паказалі па дзяржаўным тэлебачанні. А тым часам вада ў калодзежах вяскоўцаў і без таго забружаная блізкім сметнішчам, стала цяпер яшчэ і бялёсай. Вяскоўцы б’юць трывогу – шлюць лісты ў Гомельскі райвыканкам, Камітэт дзяржкантролю, Адміністрацыю прэзідэнта.
І як піша сайт “Белсата”, адказы атрымліваюць станоўчыя. Маўляў, дапаможам, вышлем з праверкай камісію. Аднак вынік пакуль нулявы.