Хрысціянскія дэмакраты – журналістам: трэба кіравацца прынцыпам грамадскай карысці ад інфармацыі
У Мінску прайшлі слуханні на тэму зменаў у заканадаўства аб СМІ, арганізаваныя ў межах праграмы “Урад для народа”. Удзел у слуханнях узялі прадстаўнікі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”, а таксама аргкамітэту па стварэнні партыі БХД і сябры журналісцкай супольнасці.
З кароткім аглядам сітуацыі, а таксама канцэпцыяй рэфармавання беларускай медыйнай сферы выступіў старшыня ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Андрэй Бастунец.
Старшыня журналісцкага аб’яднання падкрэсліў пры тым, што якое-кольвек рэфармаванне беларускай медыясферы магчымае толькі пры наяўнасці на гэта палітычнай волі ўладаў.
Канцэпцыя рэфармавання беларускай медыйнай сферы
Яшчэ ў канцы 1990‑х – пачатку 2000‑х ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падрыхтавала Канцэпцыю рэфармавання заканадаўства аб СМІ. Сёння яна падлягае пераасэнсаванню, аднак асноўныя высновы застаюцца актуальнымі.
Нязменным з тых часоў засталося тое, што сродкі масавай інфармацыі па-ранейшаму не абароненыя ад дыктату дзяржавы і не могуць у поўнай меры выконваць сваё грамадскае прызначэнне. У краіне пераважаюць дзяржаўныя СМІ, якія выкарыстоўваюцца для ідэалагічнай апрацоўкі насельніцтва. Недасканаласць дзейнага заканадаўства аб СМІ, яго няздольнасць рэгуляваць дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі ва ўмовах рынкавых адносін і адкрытай інфармацыйнай прасторы ставяць на парадак дня пытанне пра рэформы.
Мэта такога рэфармавання – стварыць прававыя і арганізацыйныя перадумовы для дзейнасці СМІ як аднаго з асноўных інстытутаў сучаснага грамадства. Заканадаўства аб СМІ павінна стаць прававой асновай дзейнасці незалежных, плюралістычных СМІ і садзейнічаць рэалізацыі правоў і свабод грамадзян.
Прававой базай рэфармавання павінны стаць Канстытуцыя і ратыфікаваныя Беларуссю міжнародныя дамовы. Рэфармаванне заканадаўства аб СМІ стане магчымым пасля аднаўлення ў Рэспубліцы Беларусь асноў дэмакратыі і выканання праў чалавека.
Прапануецца наступная пакрокавая стратэгія рэформаў.
На першым этапе неабходна прыняць неадкладныя арганізацыйныя і прававыя меры, якія здымуць неабгрунтаваныя перашкоды ў развіцці беларускіх СМІ і знішчаць празмерны дзяржаўны кантроль над імі. Гэтыя прапановы не патрабуюць унясення істотных змен у дзейнае заканадаўства і могуць быць выкананыя ў вельмі кароткія тэрміны.
На другім этапе ў заканадаўства павінны быць унесены змены, якія дазволяць наблізіць яго да дэмакратычных стандартаў.
На трэцім этапе прапануецца ўнесці прынцыповыя змены ў заканадаўства, прыняўшы новыя заканадаўчыя акты ў гэтай сферы.
У якасці канцэптуальнай асновы і першачарговай задачы прававога рэгулявання ў сферы СМІ неабходна разглядаць абарону канстытуцыйных правоў і свабод асобы, заахвочваць плюралізм меркаванняў і шматграннасць кантэнту СМІ, спрыяць развіццю нацыянальнай культуры, развіццю беларускамоўных медыя, забяспечыць выкананне палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і іншых міжнародна-прававых абавязальніцтваў краіны, выконваць Сіракузскія прынцыпы ААН тлумачэння абмежаванняў і адступленняў ад палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах пры прыняцці рашэнняў пра абмежаванне свабоды выказвання меркавання і права на распаўсюд інфармацыі (у тым ліку пры аднясенні інфармацыйнай прадукцыі да экстрэмісцкіх матэрыялаў).
1. Першачарговыя меры, якія не патрабуюць унясення істотных зменаў у заканадаўства.
Прававыя меры:
– Адмяніць змены, унесеныя ў Закон аб СМІ ў снежні 2014 года, а таксама прававыя акты, прынятыя ў адпаведнасці з ім;
– Да ўнясення змен у заканадаўства накласці мараторый на пазасудовае ўжыванне санкцый да суб’ектаў СМІ, а таксама на пазасудовае блакаванне сайтаў;
– Прыпыніць падрыхтоўку зменаў ва Указ №60 адносна адказнасці ўладальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў за каментары карыстальнікаў;
– Адмяніць патрабаванне абавязковай акрэдытацыі журналістаў замежных СМІ;
– Накласці мараторый на ўжыванне ч.2 і 3 арт.22.9 КаАП да ўнясення зменаў у КаАП;
– выключыць з Крымінальнага кодэкса артыкулы: 188 «Паклёп», 189 «Абраза», 367 «Паклёп у дачыненні да Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», 368 «Абраза Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», 369 «Абраза прадстаўніка ўлады», 391 «Абраза суддзі ці засядацеля», 369–1 «Дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь».
– Да ўнясення адпаведных зменаў накласці мараторый на ужыванне дадзеных артыкулаў.
Арганізацыйныя меры:
– Зняць абмежаванні па доступе незалежных СМІ да дзяржаўных сістэм распаўсюду (“Белпошта” і “Саюздрук”); стварыць для дзяржаўных і недзяржаўных СМІ роўныя ўмовы доступу да дзяржаўных сістэм распаўсюду, размеркавання частотнага рэсурсу, атрымання ліцэнзій, размяшчэння рэкламы;
– Аднавіць дзейнасць Грамадскага каардынацыйнага савета ў сферы масавай інфармацыі; правесці перапрызначэнне яго сябраў з улікам меркавання прадстаўнікоў СМІ і грамадзянскай супольнасці; садзейнічаць яго ператварэнню ў незалежны грамадскі орган з шырокімі паўнамоцтвамі;
– Пераглядзець падыход да фармавання абавязковага агульнадаступнага пакета тэлепраграм і парадак уключэння тэлеканалаў у яго; правесці адкрыты конкурс па вызначэнні тэлепраграм, уключаных у абавязковы агульнадаступны пакет тэлепраграм, з мэтай забеспячэння канцэптуальных палажэнняў па рэфармаванні СМІ і заахвочвання развіцця беларускамоўнага інфармацыйнага вяшчання;
– Дзяржаўным органам – заснавальнікам сродкаў масавай інфармацыі – забяспечыць неадкладнае правядзенне адкрытага конкурсу на замяшчэнне кіруючых пасад у рэдакцыях сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку ў тэлерадыёкампаніі і г.д.; правесці атэстацыю супрацоўнікаў дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі;
– Дапусціць у тэлевізійны эфір замежныя тэлеканалы, змест якіх адпавядае Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным вяшчанні.
2. Меры, рэалізацыя якіх магчымая пасля ўнясення змяненняў у існуючую заканадаўчую базу.
Прававыя меры:
– Змяніць вызначэнне тэрміна “акрэдытацыя журналіста сродку масавай інфармацыі”, дадзенае ў пункце 1 артыкула 1 Закона аб СМІ”, “Асноўныя тэрмiны, якiя прымяняюцца ў дадзеным Законе”, які ў існуючай рэдакцыі не адпавядае асноватворным прынцыпам свабоды масавай інфармацыі і звязвае магчымасць ажыццяўлення журналісцкай дзейнасці з акрэдытацыяй;
– Перайсці ад дазваляльнага да паведамляльнага парадку рэгістрацыі СМІ, перадаць функцыі рэгістрацыі незалежнага органу (напрыклад, грамадскай каардынацыйнай радзе ў сферы масавай інфармацыі), унёсшы адпаведныя змены ў главу 2 Закона аб СМІ “Парадак заснавання i дзяржаўнай рэгістрацыі сродкаў масавай інфармацыі”;
– Устанавіць, што ініцыятыва рэгістрацыі інтэрнэт-рэсурсу ў якасці СМІ павінна зыходзіць ад уладальніка гэтага рэсурсу ў выпадку, калі ён хоча атрымаць правы і магчымасці, якія прадастаўляюцца заканадаўствам аб СМІ, а таксама падатковыя ільготы і іншыя прэферэнцыі для рэдакцый СМІ;
– Дапоўніць артыкул 10 Закона аб СМІ “Заснаванне сродкаў масавай інфармацыі” указаннем на тое, што органы дзяржаўнай улады, дзяржаўныя арганізацыі, органы мясцовага самакіравання не могуць быць заснавальнікамі друкаваных сродкаў масавай інфармацыі, акрамя выданняў, якія публікуюць афіцыйныя матэрыялы і прававыя акты гэтых органаў;
– Пералік інфармацыі, распаўсюд якой забаронены або абмежаваны у СМІ (арт. 37, 38 Закона аб СМІ), прывесці ў адпаведнасць з міжнароднымі абавязальніцтвамі Рэспублікі Беларусь (артыкул 19 Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах) і Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (артыкул 34);
– Пазбавіць Міністэрства інфармацыі кантрольных функцый і паўнамоцтваў па ўжыванні санкцый да СМІ, інтэрнэт-рэсурсаў, выдаўцоў, распаўсюднікаў прадукцыі СМІ, выключыўшы з Закона аб СМІ арт. 51 “Спыненне выпуску СМІ”;
– Распрацаваць механізм абскарджання (у тым ліку судовага) прыняцця рашэння аб унясенні інтэрнэт-рэсурсаў у спіс абмежаванага доступу;
– Далучыцца да Еўрапейскай канвенцыі аб трансгранічным вяшчанні.
Арганізацыйныя меры:
– Стварыць нацыянальны незалежны орган у вяшчальным сектары (першапачаткова яго функцыі могуць быць перададзены грамадскай каардынацыйнай радзе ў сферы масавай інфармацыі ў новым складзе);
– Павялічыць долю беларускамоўнага кантэнту ў эфіры; паступова перайсці на беларускамоўнае навінавае вяшчанне тэлеканаламі, якія ўваходзяць у абавязковы агульнадаступны пакет, ўжываць заахвочвальныя меры па павелічэнні беларускамоўнай музыкі ў эфіры (замест ўстанаўлення абавязковай квоты “беларускай” музыкі).
3. Наступныя меры па змяненні заканадаўства ў медыясферы.
– Рэфармаваць заканадаўства аб СМІ ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. У прыватнасці, прыняць новы Закон аб СМІ (пакет законаў аб СМІ), законы аб грамадскім вяшчанні, раздзяржаўленні дзяржаўных СМІ, выдавецка-паліграфічных магутнасцяў і сістэм распаўсюду друкаваных СМІ, аб доступе да інфармацыі;
– Трансфармаваць дзяржаўную Белтэлерадыёкампанію ў Грамадскае тэлебачанне;
– Правесці раздзяржаўленне дзяржаўных СМІ, выдавецка-паліграфічных магутнасцяў і сістэм распаўсюду друкаваных СМІ.]
Канцэпцыю, прапанаваную Андрэем Бастунцом, падтрымала і сябра праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Жанна Літвіна. Яна яшчэ раз падкрэсліла неабходнасць стварэння роўных умоваў для дзейнасці ўсіх СМІ, а таксама неабходнасць прыняцця законаў, якія б гарантавалі беларускім журналістам свабодны доступ да інфармацыі ад дзяржаўных органаў і арганізацый.
Удзел у абмеркаванні зменаў у заканадаўства прынялі і іншыя сябры журналісцкай супольнасці. У прыватнасці, з уласнымі прапановамі выступіў рэдактар інтэрнэт-партала “Крыніца.info” Анатоль Шырвель.
Рэформы з аглядкай на хрысціянскія каштоўнасці
Рэфармаванне айчыннай сістэмы СМІ і заканадаўства, якое рэгулюе іх дзейнасць, павінна забяспечыць свабоду меркаванняў, спрасціць механізмы стварэння і дзейнасці СМІ.
Усякае дзяржаўнае рэгуляванне дзейнасці СМІ павінна быць адменена, як і іншых суб’ектаў гаспадарання. Павінна быць забяспечана поўная адкрытасць дзяржавы і мясцовых уладаў да грамадскасці і СМІ. Зайздрасць выклікаюць законы кшталту “Закона аб сонечным святле” у Фларыдзе, дзе нават службовая перапіска мэра ці губернатара поўнасцю празрыстая для грамадства і СМІ.
Але таксама варта задумацца, як стварыць механізмы, якія б забяспечвалі масавы распаўсюд выключна дакладнай інфармацыі, каб СМІ гралі стваральную і канструктыўную ролю, каб рэдакцыі кіраваліся не толькі прынцыпамі свабоды слова, але і задумваліся пра дасягненне ў выніку іх дзейнасці грамадскай карысці.
Існуючая сёння сістэма дзяржаўных і недзяржаўных СМІ мае шэраг істотных недахопаў. Ствараецца ўражанне, што ўсе СМІ ўтрымліваюць больш прапаганды, чым сапраўды дакладнай і аб’ектыўнай інфармацыі. Гэта значна звужае магчымасці грамадзян прымаць адказныя рашэнні ў часе палітычных кампаній і ў жыцці.
Ва ўсіх СМІ ёсць публікацыі, якія заахвочваюць нізінныя інстынкты альбо заснаваныя на духоўным невуцтве – і гэта распаўсюджваецца масава. Да гараскопаў, эротыкі, тыражаванні сцэн гвалту і крыміналу, ужывання алкаголю, наркотыкаў, тытуню можна ставіцца з ладнай доляй гумару ці абыякавасці – вядома ж, пакуль гэта не ўваходзіць у твой дом або ў тваё жыццё і не занявольвае цябе ці тваіх блізкіх.
Сістэма СМІ ў Беларусі павінна абавязкова трансфармавацца з сённяшняй двухпалярнай у шматпалярную і плюралістычную. Гэта будзе садзейнічаць фармаванню больш адказнага і свядомага грамадства.
Дзяржаўныя СМІ павінны быць прыватызаваныя або трансфармаваныя ў грамадскія, якія не імкнуцца адпавядаць інтарэсам палітычнага кіраўніцтва краіны, а зыходзяць з грамадскай карысці.
Нароўні з інфармацыйна-палітычнымі СМІ павінны атрымаць развіццё адукацыйныя, сямейныя і іншыя грамадскія СМІ, якія існуюць не ад рэкламы, а фінансуюцца па іншых прынцыпах – за кошт унёскаў і ахвяраванняў, за кошт краўдфандынгу, за кошт грантаў, у тым ліку і дзяржаўных, на рэалізацыю асветніцкай і грамадскай дзейнасці.
Неабходны этычны кодэкс журналістаў, які б не толькі рэгуляваў прафесійныя аспекты дзейнасці, але і ствараў бы перадумовы для ўстанаўлення журналістамі і рэдакцыямі добраахвотнага і свядомага абмежавання на распаўсюд гвалту, парнаграфіі, прапаганды дэструктыўных формаў паводзін, у тым ліку рэкламы алкаголю, тытуню, наркотыкаў, абортаў і т.д. Журналіст павінен мець права адмаўляцца ад рэдакцыйнага задання, якое супярэчыць яго рэлігійным перакананням.
Можна спрачацца пра спіс тэм, але такі кодэкс павінен быць. Не можа рэдакцыя і журналіст кіравацца выключна выгадай распаўсюду той ці іншай інфармацыі. Прынцып “піпл глынае” ніколі не прыводзіў ні да чаго добрага ні ў шоў-бізнэсе, ні ў культуры, ні ў палітыцы. Нідзе.
Некаторыя абмежаванні, магчыма, павінны быць замацаваны заканадаўча: напрыклад, рэклама алкаголю, тытуню, наркотыкаў, абортаў, эўтаназіі.
Неабходныя змены ў праграмах і метадах падрыхтоўкі журналісцкіх кадраў. У сувязі з гэтым неабходна абавязкова даць права рэлігійным канфесіям засноўваць уласныя адукацыйныя ўстановы, пачынаючы ад дзіцячых садкоў і заканчваючы ўніверсітэтамі і акадэміямі. Выхаваныя і падрыхтаваныя на аснове рэлігійных (хрысціянскіх) каштоўнасцяў і прынцыпаў спецыялісты будуць здольныя адстойваць і выяўляць у сваіх матэрыялах хрысціянскі светапогляд, які мае для Беларусі фундаментальнае значэнне, што пацверджана нашай гісторыяй, сучаснасцю і звязана з нашай перспектывай. Наяўнасць журналістаў-хрысціянаў у рэдакцыях дазволіць забяспечыць неабходны плюралізм, ацэнку падзей і з’яў у тым ліку і з улікам хрысціянскага пункту гледжання.
Наступная прапанова – у грамадскім каардынацыйным савеце па СМІ абавязкова павінны быць прадстаўнікі ўсіх вядучых хрысціянскіх канфесій, эксперты ў сферы рэлігій.
Доступ да СМІ павінен быць роўным для ўсіх канфесій і дэнамінацый.
У цэлым жа, калі ацэньваць існуючую сістэму СМІ і жаданую, то паміж імі ёсць даволі вялікая адлегласць, якую ўсё ж можна пераадолець – але не толькі рэфармаваннем заканадаўства, але таксама пераглядам і змяненнем самой практыкі журналісцкай і рэдакцыйнай дзейнасці, змяненнем прынцыпаў фінансавання рэдакцый, стварэннем перадумоў для шырокага развіцця грамадскіх СМІ, зменамі ў падрыхтоўцы кадраў.
Але добра было б, каб рэформа не вылілася ў рэалізацыю толькі ліберальнай павесткі дня. Добра, каб нейкія рэчы рабіліся з улікам меркавання традыцыйнай дэмакратычнай супольнасці, кансерватараў. Для гэтага ў краіне павінна быць створана сапраўдная канкурэнцыя ідэй і меркаванняў, часткай якой з’яўляюцца СМІ, – лічыць Анатоль Шырвель.
Удзел у дыскусіі бралі і іншыя прадстаўнікі журналісцкай супольнасці. Арганізатары круглага стала заяўляюць, што прааналізуюць агучаныя прапановы і многія з іх уключаць у выніковы тэкст, распрацаваны на замову аргкамітэта па стварэнні партыі БХД.
– У рамках гэтай праграмы “Інстытут развіцця і сацыяльнага рынку для Беларусі і Усходняй Еўропы” (Літва) распрацоўвае законапраекты, накіраваныя на ўмацаванне незалежнасці Беларусі ў тых галінах, якія, на наш погляд, найбольш патрабуюць зменаў. Сярод гэтых тэмаў – культура, правасуддзе, фінансы, адукацыя, вайсковая сфера і іншыя.
Наша задача – падрыхтаваць законапраекты, якія цалкам могуць замяніць дзеючыя законы ў выпадку змены ўлады, а таксама распрацаваць дарожную карту пераменаў, якія могуць у той ці іншай ступені быць уведзеныя ужо зараз. Праект прапаноў зменаў у заканадаўства распрацоўваецца нашым інстытутам на замову аргкамітэта па стварэнні партыі БХД, – дадае выканаўчы дырэктар Інстытута Зміцер Кухлей.