Гуляе ў мафію, даганялкі, уяўляе, што плыве на караблі ў амерыканскія калоніі: пра што піша з СІЗА Андрэй Скурко
Паўліна Скурко ў фэйсбуку напісала пра тое, пра што расказвае ў сваіх лістах з СІЗА Андрэй Скурко.
«Нягледзячы на пэўныя нязручнасці, гэта адно з самых захапляльных падарожжаў у маім жыцці», — піша ў лісце Андрэй.
І яшчэ што мяне захапіла: без тэлефона, штохвіліннай камунікацыі, канечне, нязвычна — але ён уяўляе, нібы паплыў кудысьці ў амерыканскія калоніі з Англіі 17 стагоддзя. А я цяпер уяўляю сябе жонкай, якая штодня выходзіць на бераг выглядаць гэты карабель:)
Дзякуй усім, хто нас падтрымлівае ў гэтым падарожжы.
Перадаю Андрэю, што восенню выходзяць новыя сезоны «Елаўстоўна» і «Озарка», польскія «Балота» і «Крук», а таксама трылер «Каштанавы чалавечак» паводле дацкага бестселера. Заўважаю: было б вельмі здорава, каб ён да іх вярнуўся. А ён піша, што засумаваў па нармальных серыялах. У камеры ёсць тэлевізар з чатырма каналамі, але нармальнае кіно там паказваюць рэдка.
«Да тэлевізара, дарэчы, выпрацаваўся імунітэт: сёння сядзеў пад самым тэлевізарам і займаўся англійскай — і заўважыў, што зусім яго не чую:) Як тубыльцы Ніягарскі вадаспад. Ішоў серыял «Ляснік» ці штосьці падобнае».
Чым Андрэй заняты, акрамя англійскай? Гуляюць у мафію, у словы, на прагулках — у даганялкі (мне трохі страшна ўяўляць, што такое даганялкі для 15 мужыкоў у малым турэмным прагулачным дворыку
Андрэй многа чытае, замовіў збор твораў В.О. Ключэўскага (сумняюся, што нехта на Валадарцы яго раней замаўляў:). Шчаслівы, піша, засумаваў па навуковых кнігах, няхай і ХІХ стагоддзя. Расказвае мне адтуль цікавосткі пра Маскву і сярэднявечныя рэспублікі.
На паштоўцы з бабром Андрэй даслаў Тамашыку новы верш-віншаванне — на 1 год і 7 месяцаў:
Мы спыталіся ў бабра:
— Дзе, бабёр, твая нара?
— У рацэ, за балацінай,
Мая хатка і плаціна.
І падземныя хады
Аж да самае вады.
— А нашто хады капаць?
— Каб у хованкі гуляць!
З гэтымі дзеткамі, канечне, кроіцца сэрца. У нашыя год і 7 месяцаў я ледзьве спраўляюся тлумачыць, дзе тата. Што робяць мамы дараслейшых дзетак? Мамы школьнікаў, у якіх тата — палітвязень?..
«Тата ма! Ма! Тата ма!» — малы ўсё дабіваецца ў мяне тлумачэння. «Тата ў замку, на Валадарцы. Думае пра нас, прыдумляе Тамашыку новы вершык. І скора да нас прыедзе! Чым мы тату будзем карміць?» — «Кахка (кашкай)! Пуп (суп)! Сісісісь (сасіскамі)!» — «А куды мы з ім пойдзем гуляць, калі ён прыедзе?» — «Туту! Туту! Булю». — «Так, пойдзем разам да цягнікоў і купім на ўсіх булку!»
А тата наш тым часам піша: «Заўважаю, што трохі закаліўся тут — думкі пра адарванасць ад вас не выклікаюць ужо такой вострай унутранай рэакцыі, як раней. Кожны дзень, пражыты тут, набліжае мяне да сустрэчы з вамі».
І яшчэ цытатка, у ёй таксама ўвесь Андрэй. «Па тэлевізары ідзе перадача «Сакрэтны мільянер» — сэнс у тым, што нейкі з многіх расійскіх багацеяў едзе ў правінцыю і прыкідваецца там якім-небудзь прасцяком. А пасля дорыць мільён якім-небудзь людзям з цікавым праектам. Мільянеры ў перадачы нейкія былыя бандыты з адпаведным выхаваннем:) Але расказваю так доўга да таго, што задумка перадачы эксплуатуе сюжэт беларускай легенды пра падарожнага бога:) — як спачатку Вялес ці Пярун, а пасля Пятро ці Ілля хадзілі па зямлі і дапамагалі (а бывала што і не) людзям».м Так моцна люблю яго!
Сябры, калі хочаце перадаць Андрэю прывецік, ліст, пару слоў — пішыце мне, будзем перадаваць. Ваша падтрымка — вялікае шчасце.
Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч былі арыштаваныя 8 ліпеня падчас разгрому «Нашай Нівы». За кратамі яны знаходзяцца ўжо больш за 50 дзён.
Падтрымайце Андрэя і Ягора лістом!
Адрас: 220030, г. Мінск, вул. Валадарскага, 2. СІЗА №1