“Гродзенскія фотагісторыі” і выстава ад Наталлі Дораш
Гродзенская фотамастачка і журналіст Наталля Дораш раскрыла ў сваім фотаальбоме “Гродзенскія фотагісторыі” горад, які яна ўбачыла ў маладосці, і свой сучасны на яго погляд.
Фатограф і журналіст Наталля Дораш у народным фотаклубе “Гродна” правяла адначасова дзве імпрэзы — прэзентацыю альбома “Гродзенскія фотагісторыі” і адкрыла персанальную выставу фотаздымкаў “Асяроддзе жыцця”.
Альбом складаецца з сотні здымкаў, на якіх — жыхары горада, падзеі і святы, здымкі як канца ХХ стагоддзя, так і сучасныя, зробленыя ў апошнія гады. Фотавыстава “Асяроддзе жыцця” — гэта 40 работ Наталлі Дораш, частка з якіх патрапіла ў кнігу.
Наталля Дораш пачала здымаць горад яшчэ ў савецкі час, калі працавала журналістам-фатографам у газеце “Высата”. Пазней яна стала рэдактарам гэтага выдання.
У альбом увайшлі здымкі, якія не прапусціла савецкая цэнзура.
«Стварэнне гэтага фота альбома — прыклад таго, што здараюцца цуды. Для мяне гэта — падарунак лёсу. Я выпадкова ў інтэрнэце знайшла выдавецтва “Юрсапрынт”, паглядзела, якія выдатныя кнігі яны друкуюць па гісторыі горада. Я напісала электронны ліст да галоўнага рэдактара выдавецтва Аляксандра Рыжага, спытала ці яму “слабо” выдаць такі альбом. І мы вырашылі паспрабаваць. Я за пяць дзён сабрала фатаздымкі, абдумала канцэпцыю гэтага альбома і нават папярэдне звярстала і прыйшла да яго з флэшкаю. Ён гэта ўсё паглядзеў і сказаў: «Будзем спрабаваць». І ён выдаў гэта ўсё за свой кошт. Я атрымала свае тры аўтарскія асобнікі», — распавядае пра гісторыю стварэння альбома Наталля Дораш.
— Што ў гэтай кнізе — гісторыя жыцця горада, ці гісторыя вашага бачання горада?
— Гэта гісторыя майго бачання. Кожны фатаздымак — асобная гісторыя. Адкрываешь кнігу і тут фатаграфіі, пачынаючы з 1970‑х гадоў былога стагоддзя і сканчваючы цяперашнім часам. Альбом складаецца з дзвух частак: 1970–1980 гады і сучасныя здымкі. Я выбірала такія сучасныя здымкі, на якіх можна ўбачыць, што горад змяніўся. Напрыклад, я здымала 5 год таму дом, якога ўжо зараз няма. Горад вельмі хутка мяняецца. Я нават не ведала тады, што выйдзе нейкі альбом, нейкая кніга. Усё гэта рабіла для сябе, для памяці. Гэта выключна маё ўспрыняццё майго ўлюбёнага горада.
На прэзентацыю альбома “Гродзенскія фотагісторыі” прыйшло амаль тры дзесяткі журналістаў і фатографаў з розных выданняў.
Фота Аляксандра Саенкі