Гродзенскі журналіст Руслан Кулевіч: 1000 навінаў і 11 тысяч кіламетраў у год
У Гродне адбылася сустрэча з Русланам Кулевічам, сябрам ГА "БАЖ" і карэспандэнтам гродзенскага hrodna.life. Руслан мае ў горадзе мянушку “самы хуткі журналіст”, а сустрэча з ім ладзілася ў межах моўныў курсаў “Мова Нанова Гародня” і мела назву “Рэпартаж”.
Выкладчыкі курсаў пазнаёмілі прысутных з правіламі рэпартажу, а працу Кулевіча параўналі з дзейнасцю расійскага пісьменніка і журналіста Уладзіміра Гіляроўскага, які апісваў ў ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя жыццё Масквы, як гэта робіць Кулевіч у ХХІ стагоддзі ў Гродне.
“Адбыліся адныя з тых заняткаў, тэму якіх падбіралі пад госця. Мне падаецца, што Руслан Кулевіч — самы хуткі журналіст нашага горада, бо дзе б я не была, паўсюль яго бачу на ровары і з фотаапаратам. Файна, што ён збірае навіны самастойна, а не так, як большасць журналістаў цяпер — манітораць у інтэрнэце, што адбылося. Таму мы Руслана і запрасілі. І відавочна, што hrodna.life, дзе працуе Руслан, часта публікуе першым розныя навіны пра падзеі”, — сказала вядоўца курсаў Эмілія Гаўрус.
Журналістка Ірына Новік працуе з Русланам Кулевічам. Яна гаворыць, што праца з ім — штодзённы досвед і новыя выпрабаванні:
“У рабоце рэдакцыі важная роля не толькі журналістаў, але і рэдактара. Руслан часта нас ставіць у ступар. Напрыклад, мы рыхтавалі матэрыял пра жыхара Гродна, які меркаваў, што на сядзібе яго продкаў можа быць закапаны нямецкі БТР. Гэты хлопец таксама даў нам быццам бы здымак прывіда, зроблены ў той сядзібе.
Рэдактар Аляксей Шота кажа, што Руслан патрабуе ставіць матэрыял з прывідам: «Што будзем рабіць?». Я кажу: “Трэба рабіць лічбавы аналіз фота”. А Руслан просіць: “Давайце, хутчэй стаўце, бо людзі чакаюць”. Я адмыслова падымаю свае канспекты пра тое, як нас вучылі рабіць фактчэкінг, загружаю фота ў шэсць сэрвісаў адразу. Гляджу — пайшлі шумы. А Руслан клянецца, што на здымку дакладна прывід… Руслан сваёй шчырасцю, адданасцю працы ставіць выклікі не толькі сабе, але і ўсёй рэдакцыі, мы проста мусім расці, скакаць вышэй галавы і адточваць свае навыкі, якія ў іншых рэдакцыях ніколі не спатрэбяцца”.
Журналіст Руслан Кулевіч падзяліўся з прысутнымі гісторыяй свайго шляху ў журналістыку:
“Калі я вучыўся ў будаўнічым ліцэі ў Гродне, даведаўся ад сяброў, што ў горадзе ёсць “Школа маладога журналіста”. Пачатак быў у верасні, а я пайшоў туды, напэўна, ў снежні. Вітаўт Руднік — кіраўнік “школы” — пагадзіўся мяне ўзяць і я лічу, што ён не памыліўся. Гэта дало мне шанец паспрабаваць сябе ў журналістыцы. Пасля заканчэння “Школы маладога журналіста” і будаўнічага ліцэя я пайшоў у войска ў армейскі спецназ і там вывучыў для сябе тры правілы, якімі карыстаюся ў журналістыцы: хуткасць, адказнасць і ёсць слова “трэба”. Я ведаў, кім хачу быць пасля войска — менавіта журналістам. Прыйшоўшы з войска, я працаваў на будоўлі, быў грузчыкам і адначасова пісаў артыкулы.
— Што для вас журналістыка? Гэта стыль жыцця ці проста штодзённая праца?
— Я працую ў журналістыцы, таму што мне гэта падабаецца — мне падабаецца пазнаваць штодня нешта новае, размаўляць з людзьмі. Я не ведаю, што ў мяне будзе заўтра, паслязаўтра. Ёсць, канешне, нейкія запланаваныя тэмы, але кожны дзень я еду па сваім маршруце па горадзе, сустракаю людзей і яны мне кажуць: “Руслан, тут гэта адбылося”. Шмат людзей звяртаюцца да мяне з праблемамі, распавядаюць нешта новае, што адбылося ў горадзе.
— Якія артыкулы для вас былі знакавымі за апошнія некалькі год?
— Знакавымі… Цяжка сказаць. Я шмат пішу пра людзей, якія да вайны жылі ў Гродне, а пасля — з’ехалі. Шмат пішу пра габрэяў, бо пра іх ніхто не піша, і многія мяне за гэта называюць габрэем. Але яны былі гродзенцамі і зніклі пасля Другой сусветнай вайны, цяпер габрэйская абшчына абнаўляецца. Я пішу пра іх, бо лічу гэта важным”.
Руслан Кулевіч падзяліўся з прысутнымі некалькімі фактамі са свайго жыцця і журналісцкага досведу:
- Пачынаў свой шлях у журналістыцы са спартыўных навінаў.
- Першым выданнем, дзе працаваў, была газета “Вечерний Гродно” — у яе прыйшоў праз тыдзень пасля войска.
- Працаваў у Мінску на канале “Мінск24” у праграме “Перехват”.
- Прапаноўвалі працу на Tut.by і СТВ, але адмовіўся дзеля працы на hrodna.life.
- За год піша каля 1000 артыкулаў і, каб іх падрыхтаваць, праязджае больш за 11 тысяч кіламетраў па горадзе.
- Лічыць сябе простым хлопцам, які сумленна выконвае сваю работу.
- Не любіць працаваць у пары з фатографам.
- Любіць пісаць пра габрэяў і габрэйскую абшчыну, якая жыла ў Гродне да Другой сусветнай вайны.