Гродзенскі школьнік перамог у конкурсе відэаблогераў з ролікам пра беларускую мову
У канцы мінулага года Мікіта Кузьмініч удзельнічаў у навучальным курсе “Школа видеоблогера” і конкурсе выступоўцаў “ТеДДи — трибуна для детей”. Вынікі спабору аб’явілі 4 верасня. Першае месца раздзялілі Мікіта Кузьмініч з прамовай “5 прычын чаму беларусы не размаўляюць па-беларуску” і Мікіта Талай з прамовай “10 словаў, што могуць змяніць стаўленне да беларускай мовы”. Крытэрыямі перамогі былі колькасць праглядаў відэаролікаў, лайкаў і каментарыяў.
“Мне спадабалася ўдзельнічаць у конкурсе і навучанні. Шмат даведаўся пра аратарскае майстэрства, пра тое, як трымацца на публіцы, засвоіў прыёмы, дзякуючы якім можна зацікавіць людзей прамовай. Напрыклад, нас вучылі трымаць кантакт з аўдыторыяй. Выступаючы ў вялікай зале — выбраць у кожнай з яе частак чалавека, да якога хацелася б звярнуцца, і расказваць нібы звяртаючыся асабіста да яго”, — распавёў Мікіта аб новых ведах. Курс навучання меў два вочных трэнінгі і дыстанцыйныя заняткі з хатнімі заданнямі.
Пра перамогу Мікіта даведаўся ад мамы, ужо вечарам, таму нават не паспеў падзяліццца з сябрамі радасцю поспеху. “У прынцыпе, я не люблю хваліцца, але гэта крута, што ўдалося чагосці дасягнуць. Хочацца рэалізавацца ў жыцці, то пачынаць працаваць трэба з малога”.
Што да больш актыўнай відаблогерскай дзейнасці, то на яе, па словах Мікіты, у навучальным годзе проста не стае часу. “Магчыма, на канікулах паспрабую працягнуць. Тэма, на якую хочацца паразважаць, тычылася б стасункаў настаўнікаў і вучняў ці ўвогуле — дарослых і дзяцей”.
Праект “ТэДДі — Трыбуна для дзяцей” сумесна рэалізоўваюць рэдакцыя газеты “Аргументы і факты ў Беларусі”, РГА “Беларуская Асацыяцыя клубаў ЮНЕСКА” і Прадстаўніцтва Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі.
Уручэнне дыпломаў і прызоў пераможцам адбудзецца ў лістападзе 2017 года падчас мерапрыемстваў, прысвечаных Сусветнаму Дню Дзіця (20 лістапада).
Восенню 2017 года навучальныя курсы “ТэДДи — Трибуна для дзяцей” і “Школа видеоблогера. Дайджест для тинейджеров” запросяць новых зацікаўленых цінэйджараў да ўдзелу.