Гродзенская суполка ГА «БАЖ» абрала кіраўніка і дэлегатаў на з’езд арганізацыі
Сябры гродзенскай рэгіянальнай суполкі ГА «БАЖ» 21 студзеня сабраліся разам, каб падсумаваць вынікі дзейнасці за мінулыя тры гады, вылучыць дэлегатаў на з'езд арганізацыі, а таксама абмеркаваць напрамкі працы на бліжэйшы час.
Кіраўніца суполкі Вольга Корcун зрабіла падрабязную справаздачу пра працу суполкі на працягу апошніх трох гадоў.
Паводле яе слоў, гродзенскія БАЖаўцы агулам правялі больш за 50 разнастайных мерапрыемстваў. Ключавымі з іх сталі: канферэнцыя «Свабода слова і асаблівасці медыяменеджмента ў Беларусі», арганізацыя выставаў World Press Photo і «Непадцэнзурная Гародня. 1983–2018» з выпускам тэматычнага календара, а таксама фотапраект і фотавыстава «Pro Women: ламаючы стэрыятыпы» з арганізацыяй адмысловай экскурсіі па жаночай Гародні.
Апроч гэтага, былі зладжаныя шэраг дыскусій на прафесійную тэматыку з вядомымі ў Беларусі журналістамі, публіцыстамі і блогерамі.
Асаблівай увагі заслугоўвае арганізацыя гродзенскай суполкай ГА “БАЖ” майстар-класаў і лекцый з удзелам замежных журналістаў: Андрэя Кулікова з Украіны, Жазафіны Якабсон са Швецыі, а таксама Крыстафера Мілера з ЗША.
Большасць мерапрыемстваў была арганізаваная пры непасрэдным удзеле інфармацыйнага праекта HrodnaMediaRoom.
Пасля прадстаўлення справаздачы, гродзенскія БАЖаўцы прагаласавалі і пераабралі Вольгу Корсун сваёй лідаркай, дапамагаць ёй упаўнаважаныя журналісты Андрэй Мялешка і Ірына Новік.
Дэлегатамі на чарговы з’езд ГА «БАЖ», які мае прайсці сёлета ў красавіку, былі вылучаныя: Вольга Корсун, Андрэй Мялешка, Ірына Новік і Павел Мажэйка. Правамоцнасць абрання дэлегатаў была забяспечаная неабходным кворумам прысутных сябраў арганізацыі.
Падчас абмеркавання стратэгіі дзейнасці арганізацыі і напрамкаў працы на бліжэйшы час сябры гродзенскай суполкі акцэнтавалі ўвагу на пытаннях юрыдычна-прававой дапамогі журналістам ва ўмовах няспынных рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі супраць прадстаўнікоў незалежнай медыясупольнасці.
Сустрэча адбывалася ў памяшканні культурна-асветніцкай установы «Цэнтр гарадскога жыцця».