Гарадзенку аштрафавалі за падпіску на Instagram журналіста Руслана Кулевіча
Суд Кастрычніцкага раёна Гродна аштрафаваў мясцовую жыхарку за тое, што яна была падпісана ў Instagram на старонку беларускага журналіста Руслана Кулевіча. Жанчыне прызначылі штраф 1200 рублёў і канфіскацыю мабільнага тэлефона.
Суд над маці малалетняга дзіцяці адбыўся 16 лютага 2024 года. Пастанову ў банку дадзеных судовых рашэнняў заўважыў тэлеграм-канал «Право имеют».
Гродзенку абвінавацілі па артыкуле 19.11 Адміністрацыйнага кодэкса (распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Парушэннем прызналі тое, што яна «на асабістай старонцы захоўвала з мэтай распаўсюджвання інфармацыйную прадукцыю інфармацыйнай суполкі “raslkulevich”».
За гэта жанчыну пакаралі штрафам у 30 базавых велічынь (1200 рублёў) і канфіскавалі мабільны тэлефон як «сродак здзяйснення адміністрацыйнага правапарушэння».
Старонку ў Instagram былога журналіста Hrodnа.life і рэдактара інфармацыйнага партала MOST Руслана Кулевіча ўнеслі ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў у студзені 2023 года.
Гэта ўжо не першы выпадак пераследу беларусаў за падпіску на сацсеткі Руслана Кулевіча. Пра адно затрыманне стала вядома ў студзені 2024 года, як мінімум пра пяць судоў — у кастрычніку 2023.