• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гродна: “Раніца” ад Уладзіміра Выдзеркі, аднаго з аксакалаў гродзенскай фатаграфіі

    У памяшканні народнага фотаклуба “Гродна” адкрылася выстава аднаго з самых старэйшых гродзенскіх фатографаў Уладзіміра Выдзеркі.

    https://baj.media/sites/default/files/event/preview/z5.jpg

    Уладзімір Выдзерка займаецца фатаграфіяй больш за 55 гадоў. Шмат гадоў ён прапрацаваў фотакарэспандэнтам у газеце “Гродзенская праўда”, вучыў фотасправе шмат каго з гродзенскіх журналістаў і фотарэпарцёраў.

    Ужо шмат гадоў знаходзячыся на пенсіі, Уладзімір Выдзерка працягвае фатаграфаваць, прадае свае працы, удзельнічае ў разнастайных выставах, а таксама вядзе фотагурток у Гродзенскім ліцэі №1.

    Цікава, што для выставы фатограф адабраў нехарактэрныя для сябе працы:

    — На выставе паказаны адзін момант бачання жыцця вакол нас – раніца, калі ўзыходзіць сонейка, усё ажывае, спяваюць птушкі, – кажа Ўладзімір.

    — Мая радзіма — гэта вёска Ярэмічы на беразе Нёмана, што ў Карэліцкім раёне. Гэта каля 10–15 кіламетраў ад Мірскага Замку і 35 кіламетраў ад Нясвіжа.  Здымкі для гэтай выставы рабіліся апошнія тры гады, калі я ездзіў на малую радзіму. Здымкаў зробнена амаль тысяча, а на выставу трапілі некалькі дзесяткаў. Адборам займаўся мой унук, які, можна сказаць, быў маім першым цэнзарам.

    Затым адборам для выставы займалася мая дачка, адзін з маіх сяброў. І ўсе разам мы прыйшлі да высновы, што менавіта гэтыя кадры трэба паказаць гродзенцам. Здымкі на выставе амаль без апрацоўкі, я іх не размалёўваю і я паказваю прыроду ў тым выглядзе, калі яна мне трапілася ў аб’ектыў. Я звычайна здымаю тое, што мне падабаецца і здымаю гэта звычайна інстынктыўна. Можна сказаць, здымаю на падсвядомасці. Праходзіць нейкі час, і я задумваюся, як я гэта здымаў. І чаму менавіта гэта трапілася да мяне ў кадр.

    — Большасць вашых здымкаў — гэта людзі, а на гэтай выставе прадстаўлена прырода. Чаму менавіта такі выбар?

    — З аднаго боку людзе здымаць прасцей, а з другога боку – і вельмі цяжка. А гэтыя здымкі я рабіў для душы, толькі для душы. Яны давалі мне нейкую аддушыну, я дыхаў поўнымі грудзямі. Пра гэтыя здымкі сказаць, што яны кепскія — немагчыма. Іх немагчыма раскрытыкаваць, “разбамбіць” у параўнанні з партрэтам чалавека. А ў здымку з чалавекам заўсёды можна сказаць, што і тое не так, і гэта не так.

    Пабачыць “Раніцу” ад гродзенскага фотамайстра Ўладзіміра Выдзеркі можна да канца ліпеня.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці