Гродна: адбыліся масавыя затрыманні журналістаў
У Гродне падчас мірнай вулічнай акцыі, прысвечанай ушанаванню памяці забітага менчука Рамана Бандарэнкі, былі затрыманыя як мінімум чатыры журналісты.
Фота: t.me/hrodnalife
Станам на вечар 15 лістапада вядома, што сярод затрыманых супрацоўнікамі сілавых органаў:
- вядомы гродзенскі фатограф Яўген Бузук,
- радыёвядоўца Сяргей Гадзяеў,
- галоўны рэдактар партала autogrodno.by Міхаіл Кунцэвіч,
- відэааператар-фрылансер Андрэй Ломаў, які супрацоўнічае з анлайн-выданнем Hrodna.Life.
Паводле розных крыніц інфармацыі, 15 лістапада ў Гродне былі затрыманыя агулам каля 60 чалавек. Іх утрымлівалі пераважна ў будынку Ленінскага РАУС г. Гродна. Частку з іх ужо адпусцілі, іншых перавезлі ў ізалятар часовага ўтрымання на вул. Гая і, паводле пэўнай інфармацыі, у СІЗА на вул. Кірава.
Бліжэйшымі днямі ў дачыненні большасьці з затрыманых маюць распачацца судовыя працэсы.