Google дазволіў Еўрарадыё рэкламаваць беларускамоўнае відэа з Лявонам Вольскім
Google дазволіў Еўрарадыё прасоўваць на Youtube беларускамоўны відэаролік. Ад сёння праграма Змітра Лукашука і Максіма Гарунова "Ідэя X" з музыкам Лявонам Вольскім паспяхова рэкламуецца ў сервісе, кампанія будзе працягвацца яшчэ два дні.
Назва і апісанне роліка зробленыя па-беларуску:
На праблему з прасоўваннем беларускамоўнага кантэнта на Youtube у канцы жніўня звярнуў увагу рэдактар новых медыя на радыё «Свабода» Франак Вячорка. Ён распавёў пра званок з маскоўскага офісу Google, якому належыць відэахостынг.
«[Мне] сказалі, што сыстэма Google Adwords не падтрымлівае беларускай мовы, а таму відэа радыё «Свабода» па-беларуску будуць знятыя з сістэмы. Цягам 2019 мы больш за 50 разоў спрабавалі рэкламаваць відэа на беларускую аўдыторыю, але [яго] заўжды заварочвалі: «Язык не поддерживается». На маё пытаньне, чаму некалькі відэаролікаў ўсё ж прапусцілі, дзяўчына сказала, што прапускалі па памылцы, і разбяруцца, хто ж гэта прапускаў… Як выйсце, прапанавалі рабіць відэа па-руску ці па-ўкраінску, ці хаця б зрабіць расійскія субтытры».
Пазіцыя Google ў дачыненні да беларускай мовы выклікала розгалас у СМІ і ў грамадстве. Цалкам магчыма, што беларускамоўны ролік Еўрарадыё з Лявонам Вольскім прынялі да прасоўвання памылкова, і неўзабаве з гэтым «разбяруцца». Яшчэ адна версія — Youtube вырашыў зрабіць падарунак музыку, які будзе святкаваць дзень народзінаў 14 верасня. Але мы спадзяемся, што ў Google папросту змянілі сваё стаўленне да рэкламы беларускамоўнага кантэнта на Youtube.