Google адмаўляецца прасоўваць беларускамоўныя навіны і відэаролікі
Пра праблему распавёў рэдактар новых медыя «Радыё Свабода» Франак Вячорка.
Яшчэ летась Google ўвёў новыя правілы размяшчэння рэкламы і скараціў службы падтрымкі ў шэрагу краін. Адпаведна, перасталі абслугоўвацца відэаролікі на гэтых мовах. Сярод іх і беларуская.
«Яны не пускаюць гэтыя ролікі на платную рэкламу. Іх можна публікаваць, але нельга даць на раскрутку, напрыклад, праз Google AdWords.
Адзіны варыянт, як гэта абыходзіць, — падаць відэа як расійскі ролік, што большасць і рабілі. Да траўня-чэрвеня гэта працавала, 50% ролікаў праходзіла. Але з кожным месяцам яны ўдасканальвалі праверку, і станавілася больш забаронаў. І зараз толькі максімум 10% ролікаў праходзіць. Буду вырашаць гэта пытанне праз цэнтральны офіс, ужо чацвёрты месяц ваюю», — распавёў Франак Вячорка.
Чаму склалася такая сітуацыя? Пазіцыя Google наступная: мала кантэнту ствараецца на гэтых мовах, а ўтрымліваць службу падтрымкі каштуе вялікіх грошай. Прасцей спыніць падтрымку маленькіх моваў, чым плаціць сотні тысяч даляраў заробку супрацоўнікам ці будаваць беларускі офіс.
«Калі я звяртаўся з пытаннем «як быць?», бесцырымонна адказалі: рабіце рускія субтытры», — дзеліцца Франак Вячорка.
З падобнай сітуацыяй сутыкнуліся многія іншыя постсавецкія краіны. Рэклама Google не працуе на армянскай, кіргізскай і шмат якіх іншых мовах.
Апроч таго, беларускую мову не падтрымліваюць і навіновыя сэрвісы Google. «Наша Ніва» вымушаная аддаваць у агрэгатары амерыканскай карпарацыі рускамоўную версію артыкулаў. У той час як, напрыклад, расійскі «Яндэкс Дзэн» без праблем апрацоўвае беларускую мову.