Гомельскія сябры БАЖ звярнуліся ў міліцыю, каб абараніць каляжанку ад пераследу за прафесійную дзейнасць
Дзесяць сябраў Гомельскай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” накіравалі 2 жніўня калектыўныя звароты начальнікам міліцыі Буда-Кашалёўскага і Гомель-сельскага РАУСаў Віталю Падзеруну і Васілю Краўцову. Бажаўцы заклікаюць спыніць неабгрунтаванае ўмяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі ў права журналістаў на свабоднае атрыманне, захоўванне і распаўсюд інфармацыі, гарантаванае артыкуламі 33 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Нагодай стаў распачаты адміністрацыйны працэс супраць журналісткі-фрылансера Ларысы Шчыраковай, якая ў траўні зняла ў КСУП “Крыўск” Буда-Кашалёўскага раёна відэасюжэт “Бунт даярак”.
Міліцэйскія рапарты і пратаколы апытання ўдзельнікаў канфлікту з Буда-Кашалёва пераслалі па месцы жыхарства Шчыраковай – у Гомельскі РАУС. Яго супрацоўнік, капітан міліцыі Міхаіл Барабаншчыкаў, склаў супраць журналісткі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП. Шчыракову чарговы раз вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ для замежнага тэлеканала без акрэдытацыі ў беларускім Міністэрстве замежных спраў.
Гомельскія сябры ГА “БАЖ” звяртаюць увагу кіраўнікоў міліцыі на ацэнку Аляксандрам Лукашэнкам падобных пераследаў журналістаў-фрылансераў, чые відэаздымкі выкарыстоўваюць замежныя СМІ. Пытанне на гэты конт кіраўніку дзяржавы задаў 4 жніўня 2015 года карэспандэнт Радыё “Свабода” Валер Каліноўскі.
“Я думаю, што гэта глупства. Усё роўна напішуць. Забараняць – гэта не мой прынцып. Я вывучу гэтую праблему. Што да гэтых штрафаў, то таксама вывучым. Людзі ж небагатыя, і я разумею. Я вам абяцаю, што разгледжу гэтае пытанне, таму што, відаць, вы маеце рацыю тут”, – гэтак яшчэ тры гады таму адрэагаваў Лукашэнка на дзеянні органаў міліцыі і судоў.
Насуперак пазіцыі кіраўніка дзяржавы пасля непрацяглага зацішша пераслед журналістаў-фрылансераў аднавіўся, у прыватнасці, і на Гомельшчыне.
Да зваротаў на адрас начальнікаў Буда-Кашалёўскага і Гомельскага РАУСаў дададзена абгрунтаванне неправамернасці прыцягнення да адказнасці фрылансераў за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ, падрыхтаванае юрыстамі ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў».