За паўтара гады гомельскія пракуроры ініцыявалі прызнанне «экстрэмісцкімі» больш за 90 інтэрнэт-рэсурсаў
Маніторынг у інтэрнэце ажыццяўляюць як абласная, так і рэгіянальныя пракуратуры Гомельшчыны.
Мэта — шукаць «інфармацыю экстрэмісцкага і іншага дэструктыўнага характару, забяспечваць прызнанне яе экстрэмісцкімі матэрыяламі, прымаць меры для высвятлення арганізатараў і ўдзельнікаў такіх суполак», паведаміў афіцыйны сайт Генпракуратуры Беларусі.
Паводле ведамства, «з 2023 года і за мінулы перыяд 2024 года органы пракуратуры Гомельскай вобласці накіравалі ў суды больш за 90 заяў аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі і ўключэнні іх у адпаведны рэспубліканскі спіс». У апошні час гэтая дзейнасць, выглядае, стала больш інтэнсіўнай.
Толькі за два мінулыя месяцы (з 17 красавіка 2024 года) паводле пракурорскіх зваротаў суды Гомельшчыны прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» 23 інтэрнэт-рэсурсы. Гэта чацвёртая частка ад «напрацаванага» за ўсе адрапартаваныя паўтара года.
Пад увагу работнікаў пракуратуры трапілі як прыватныя Telegram-каналы і акаўнты ў сацсетках, так і цэлыя праекты з разгалінаванымі інтэрнэт-рэсурсамі. Прыкладам, 6 траўня суд Лоеўскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» сацыяльныя сеткі і YouTube-канал медыяпраекта Reform.by. Паводле апошняга абнаўлення Рэспубліканскага спісу экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфарма, туды трапілі інтэрнэт-рэсурсы Media IQ. Адпаведнае рашэнне прыняў 13 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля.
У артыкуле «О работе органов прокуратуры Гомельщины в части признания деструктивной информации экстремистскими материалами» падкрэслены і яшчэ адзін напрамак дзейнасці па выяўленні «экстрэмізму» ў інтэрнэце.
«Члены такіх інтэрнэт-супольнасцяў правяраюцца на дачыненне да злачынстваў экстрэмісцкай накіраванасці», — паведамляе служба інфармацыі пракуратуры Гомельскай вобласці. Да такіх злачынстваў пракуроры сярод іншых адносяць публічную абразу і паклёп у дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі ці прадстаўнікоў улады, заклікі да масавых мерапрыемстваў, фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці.
У дзеючым беларускім заканадаўстве прадугледжана адміністрацыйная адказнасць за распаўсюд ці захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў». Паводле артыкула 19.11 КоАП, за гэта пагражае штраф альбо арышт да 15 сутак. Таксама магчымая канфіскацыя «сродку правапарушэння», звычайна гэта смартфон ці камп’ютар. То-бок можна аказацца па-за законам за перадрук, перапост у сацсетках ці падпіску на інтэрнэт-рэсурсы, абвешчаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Гэты пераслед распаўсюджваецца і на публікацыі нават 10-гадовай даўніны — калі не былі забароненыя ўладамі ўмоўныя ТУТ.бай ці «Медыя-Палессе». А на сёння тут можа быць даўжэзны пералік інтэрнэт-рэсурсаў незалежных медыяў.