Гомельскіх фрылансераў аштрафавалі на 35 базавых велічынь кожнага
15 красавіка суддзя Цэнтральнага раёна Гомеля Аляксей Піскуноў аштрафаваў фрылансераў, сябраў ГА “БАЖ” Кастуся Жукоўскага і Ларысу Шчыракову на 35 базавых велічынь (кожнага). Абодвух звінавацілі ў незаконным вырабе прадукцыі СМІ (арт. 22.9 КаАП), а па сутнасці -- у супрацы з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Сюжэт Жукоўскага, паказаны на тэлеканале “Белсат”, тычыўся прыезду ў Гомель прадстаўніка Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў (УВКБ) у Беларусі Жан-Іў Бушардзі і праблем украінскіх уцекачоў.
Варта адзначыць, што ніякіх кадраў, адзнятых Ларысай Шчыраковай, у сюжэце “Белсату” не было, яна рабіла здымкі для сябе асабіста. Тым не менш, ні суддзя, ні міліцыянты не прынялі гэтую акалічнасць да ўвагі.
Суддзя Піскуноў адмовіў у хадайніцтве Жукоўскаму, каб яго інтарэсы на судзе ад ГА “БАЖ” прадстаўляў юрыст Леанід Судаленка, а таксама не даў магчымасці фрылансеру скарыстацца паслугамі бясплатнага дзяржаўнага адваката. На знак пратэсту Кастусь Жукоўскі надзеў на рот павязку і адмовіўся адказваць на пытанні суддзі і даваць яму тлумачэнні.
Самі гомельскія фрылансеры назвалі штрафы не толькі занадта вялікімі, але і незаконнымі. Асабліва гэта тычыцца Ларысы Шчыраковай, якая не мела ніякага дачынення да сюжэта на тэлеканале “Белсат”.