Гомельскі юрыст зрабіў юрыдычную справаздачу пра суды над Жукоўскім і Шчыраковай
Справаздача тычыцца слуханняў, што адбыліся 4 лютага ў судзе Буда-Кашалёўскага раёна Гомельскай вобласці і Савецкага раёна Гомеля.
Леанід Судаленка, у прыватнасці, адзначыў, што пры ўваходзе ў будынкі судоў міліцыянты забаранялі карыстацца фота- і відэакамерамі, а ў судзе Савецкага раёна Гомеля грамадзян правяралі металашукальнікам. У абодвух працэсах суддзі забаранілі весці відэаздымкі (дазволіўшы пры гэтым весці аўдыёзапіс). У абодвух выпадках Леаніда Судаленку не дапусцілі ў якасці юрыста ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” па даверанасці арганізацыі ў якасці прадстаўніка журналістаў-фрылансераў.
Суддзя ў Буда-Кашалёве, паводле юрыста, недастаткова валодаў беларускай мовай для паўнавартаснага вядзення працэсу, а суддзя суда Савецкага раёна Гомеля наогул адмовіла ў хадайніцтве Ларысы Шчыраковай весці працэс па-беларуску.
Абодва суддзі адмовілі ў хадайніцтвах запытаць у тэлеканала “Белсат” дадзеныя адносна паходжання відэаматэрыялаў, выраб якіх ставіўся ў віну журналістам-фрылансерам. Суддзя ў Буда-Кашалёве абвясціў пастанову пра штраф, не выходзячы з судовай залы, – адзначае Л. Судаленка.
Юрыст прыйшоў да высновы, што “ў дадзеных канкрэтных выпадках, пры вызначэнні правоў і абавязкаў журналістаў-фрылансераў у адміністрацыйных працэсах парушаныя іх правы на абарону, гарантаваныя пунктамі 3 b) і d) артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах. У абодвух працэсах суддзі паказалі, што не валодаюць нормамі міжнароднага права, а менавіта нормамі тых міжнародных дамоваў, якімі грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права збіраць, захоўваць і распаўсюджваць інфармацыю”.
“У дадзеных канкрэтных выпадках супрацоўнікі міліцыі складалі не заснаваныя на нормах Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і нормах міжнароднага права адміністрацыйныя пратаколы, а ў выпадку Кастуся Жукоўскага вынесена судовая пастанова аб штрафе, якая супярэчыць артыкулам 23 і 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, артыкулу 2 Закона «Аб сродках масавай інфармацыі», артыкулу 19 Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека і артыкулу 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах”.
Юрыст сфармуляваў шэраг рэкамендацый:
Журналістам-фрылансерам:
- У выпадках далейшага пераследу за збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь больш старанна рыхтавацца да судовых паседжанняў, загадзя рыхтаваць пісьмовыя хадайніцтвы, абавязкова далучаць іх да матэрыялаў справы, у кожным выпадку патрабаваць абаронцу, калі няма магчымасці аплаціць паслугі адваката, патрабаваць ад судоў забяспечыць выкананне гэтага права бесплатна. У абавязковым парадку па кожным выпадку…выкарыстоўваць усе даступныя ўнутраныя сродкі прававой абароны, каб потым з’явілася магчымасць звароту з індывідуальным паведамленнем у міжнародныя інстанцыі, у прыватнасці, у Камітэт ААН па правах чалавека.
Супрацоўнікам праваахоўных органаў:
- Пры разглядзе ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў адміністрацыйных матэрыялаў і складанні пратаколаў аб парушэнні нацыянальнага Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» даваць прававую ацэнку іх дзеянням зыходзячы ў першую чаргу з артыкула 2 названага закона, які вызначае: калі міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь вызначаныя іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правiлы мiжнароднай дамовы Рэспублiкi Беларусь.
Суддзям судоў розных інстанцый:
- Пры разглядзе ў дачыненні да журналістаў-фрылансераў адміністрацыйных спраў аб парушэнні нацыянальнага Закона Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі» і скаргаў на гэтыя пастановы матываваць судовыя пастановы зыходзячы ў першую чаргу з артыкула 2 названага закона, які вызначае: калі міжнароднай дамовай Рэспублікі Беларусь устаноўлены іншыя правілы, чым тыя, якія прадугледжаны гэтым Законам, то прымяняюцца правiлы мiжнароднай дамовы Рэспублiкi Беларусь.
- Кожнае абмежаванне права журналістаў-фрылансераў на збор, захоўванне і распаўсюд інфармацыі ў Рэспубліцы Беларусь матываваць міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь, а менавіта (і ў першую чаргу) арт. 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
- Забяспечваць правы журналістаў-фрылансераў на абарону зыходзячы ў першую чаргу з артыкула 14 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Суб’ектам, якія валодаюць правам заканадаўчай ініцыятывы:
- З мэтай прывядзення ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі права на пошук, захоўванне і распаўсюд інфармацыі ініцыяваць адпаведныя змены ў беларускім заканадаўстве.