“Гомельская праўда” супраць архітэктара Сяргея Ляпіна – новы судовы раўнд
4 верасня ў Эканамічным судзе Гомельскай вобласці аднаўляецца разгляд іску газеты «Гомельская праўда» да архітэктара Сяргея Ляпіна.
Афіцыйная абласная газета патрабуе зняпраўдзіць здымак, на якім Сяргей Ляпін трымае «Гомельскую праўду» над сметніцай, а таксама прызнаць неадпаведнымі рэчаіснасці некаторыя выразы ў артыкуле Ляпіна пра тое, што газета ў сваіх публікацыях «выйшла за межы прыстойнасці».
Выданне не пагаджаецца з публікацыяй «Крытыка рэканструкцый вуліц пагражае нацыянальнай бяспецы?…», змешчанай 31 траўня на мясцовым сайце «Сильные новости», у адказ на шэраг абвінаваўчых матэрыялаў у газеце на адрас самога Сяргея Ляпіна. І хоць здымак і артыкул былі толькі рэакцыяй архітэктара Ляпіна на публікацыі «Гомельскай праўды», тым не менш рэдакцыя лічыць, што «дэманстрацыя свайго негатыўнага стаўлення да газеты ганьбіць яе гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю».
Разгляд іску газеты да архітэктара Ляпіна быў распачаты ў ліпені. У якасці адказчыка на папярэднім пасяджэнні фігураваў і сайт «Сильные новости». На прапанову суддзі Алены Каражанец заснавальнік сайта пагадзіўся на “міравую”, тэкст якой, аднак, не задаволіў аўтара артыкула Сяргея Ляпіна. І цяпер ён аднаасобна выступае адказчыкам у судзе.
У чэрвені архітэктар Ляпін сам падаваў іск на «Гомельскую праўду» за абразу, але атрымаў у судзе Чыгуначнага раёна Гомеля адмову.
Абмен “ласкавасцямі” архітэктара і афіцыйнай газеты звязаны з рознымі поглядамі на рэканструкцыю ў Гомелі гарадскіх вуліц, а таксама будаўніцтва камерцыйнага жылля на вуліцы Сожаўскай, дзе ў ХIХ знаходзіліся габрэйскія могілкі. Абскарджваецца і выраз архітэктара ў публікацыі пра тое, што журналісты выдання “абараняюць праекты чыноўнікаў”.
Прадстаўнік газеты Вячаслаў Мінкоў заяўляў у судзе, што публікацыя Ляпіна адмоўна адбілася на колькасці рэкламы ў «Гомельскай праўдзе», а таксама выклікала негатыўныя каментары ў сацыяльнай сетцы, стварэнне дэматыватара і негатыўнага хэштэга, звязаных з выданнем.