Гомельскага журналіста Кастуся Жукоўскага прымусова даставілі ў міліцыю і склалі пратакол (абноўлена)
Журналіста-фрылансера з Гомеля Кастуся Жукоўскага 24 лістапада міліцыянты прымусова забралі ў Чыгуначны раённы аддзел унутраных спраў. У РАУСе на Жукоўскага склалі пратакол паводле артыкула 22.9 КаАП за сюжэт для тэлеканала "Белсат".
“Чакалі каля дома з васьмі гадзін раніцы, калі хто з сямейнікаў адчыніць брамку. Дачакаліся, — паведаміў праз мабільную сувязь службе маніторынгу ГА “БАЖ” сам Жукоўскі. — Даставілі ў аддзел на той падставе, што я не з’яўляюся ў суд Чыгуначнага раёна, хоць ніякіх позваў ці нават SMS-паведамленняў на гэты конт я не атрымліваў”.
Фрылансер не выключае, што ранішні прывод у Чыгуначны РАУС можа быць і помстай за асабісты зварот у міліцыю і Светлагорскі райвыканкам у звязку з паводзінамі тамтэйшай намесніцы начальніка ідэалагічнай работы Марыны Граюшавай.
“Калі 14 лістапада мы з Андрэем Толчыным былі ў Светлагорску, Граюшава з яшчэ адной асобай на аўтамашыне “Міцубісі” сачылі за намі, перашкаджалі рабіць відэадымкі. Асабіста Граюшава хапала за вопратку, пашкодзіла відэакамеру. Таму я звярнуўся з заявамі ў міліцыю і Светлагорскі райвыканкам, каб разабраліся з паводзінамі гэтай асобы”, — кажа Кастусь Жукоўскі.
У Чыгуначным РАУСе супраць Жукоўскага склалі адміністрацыйны пратакол паводле артыкула 22.9 — за сюжэт на «Белсаце» пад назвай: «40 градусаў, пагрозы і вада з туалета. Працаўнікі гомельскага «Каштану» пра невыносныя ўмовы».
Пастанову на прымусовы прывад Жукоўскага падпісаў начальнік РАУС Ігар Цімашэнка, паколькі фрылансеру, як сказана, дасылалася SMS-паведамленне, але ён у міліцыю не з’явіўся і не папярэдзіў пра неяўку.
У міліцыі фрылансера Жукоўскана трымалі пяць гадзін. Сам Жукоўскі схільны лічыць, што яго ізалявалі на час прыезду Лукашэнкі ў Буда-Кашалёва.
Сёлета на Жукоўскага міліцыя склала каля двух дзясяткаў пратаколаў за відэаздымкі, якія скарыстоўваў польскі спадарожнікавы тэлеканал “Белсат”. Суды розных раёнаў Гомельскай вобласці 9 разоў штрафавалі Кастуся Жукоўскага за нібыта незаконны выраб прадукцыі СМІ без акрэдытацыі. Сума штрафаў перавысіла восем з паловай тысяч рублёў.