• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомель: вайна дзяржаўных і незалежных журналістаў

    Інтэрнэт-правакатар, троль, канапны адмысловец, маніпулятар грамадскай думкай. Гэткімі эпітэтамі гомельскага журналіста Сяргея Ляпіна адарыў калега ў прафесіі з дзяржаўнага парталу «Гомельская праўда» ў сваім артыкуле.

    «Мы паразмаўляем пра сапраўдных «акулаў пяра» — шчодрых на аргументы, юрыдычна падкаваных. Яны арудуюць у інтэрнэце, спрытна маніпулюючы грамадскаю думкаю, троляць, як любіць казаць моладзь, практычна кожны праект, які рэалізуе дзяржава», — пераймаўся Раман Старавойтаў з «Гомельскай праўды».

    Сяргей Ляпін даражыць аўтарытэтам урбаніста і журналіста

    А таму падаў у суд на «Гомельскую праўду», каб праўда на гэтым партале была не толькі ў назве, але і ў змесце. Пазоў аб абароне гонару Гомельскі суд разглядае ўжо другі тыдзень. Сёння адбылося чарговае паседжанне, дзе Сяргей ізноў распавёў пра беспадстаўнасць абразаў.

    Падтрымліваюць і цэняць працу Сяргея як гомельцы — наведнікі парталу «Сильные новости — Гомель сегодня», дзе друкуюцца ягоныя артыкулы, гэтак і адмыслоўцы — краязнаўцы ды гісторыкі.

    «Сяргей вельмі шмат робіць для таго, каб у нашым горадзе захоўвалася гісторыка-культурная спадчына, каб архітэктурныя праекты праходзілі ацэнку грамадства, і гэта, канешне, не падабаецца гарадскім уладам», – тлумачыць канфлікт гісторык Яўген Малікаў.

    Уладам не спадабаўся артыкул Сяргея пра будаўніцтва на костках

    На вуліцы Сожскай, дзе раней былі габрэйскія могілкі, цяпер будуецца шматпавярховік. Сяргея выклікалі ў Следчы камітэт, разгляду ў судзе чакаюць цэлыя два пазовы супраць журналіста.Першы — ад «Гомельскай праўды». Другі — ад забудоўніка.

    Слоўнае супрацьстаянне незалежных і дзяржаўных медыяў – нярэдкасць, аднак двухбаковы судовы канфлікт — бадай, упершыню. Калі судзяцца прадстаўнікі медыяў, за справаю назіраюць дзясяткі тысяч чытачоў. Толькі выглядае на тое, што падача гомельцам інфармацыі можа стаць аднабаковаю: судовыя разборы на замову ўладаў самаму папулярнаму ў Гомлі недзяржаўнаму парталу «Сильные новости» пагражаюць закрыццём.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці