• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гомель: Ларысу Шчыракову аштрафавалі на 20 базавых велічыняў

    Суд Цэнтральнага раёна г. Гомеля (суддзя Віктар Казачок) 12 сакавіка прыняў рашэнне аштрафаваць сябру ГА “БАЖ”, незалежную журналістку Ларысу Шчыракову за парушэнне арт. 22. 9 ч.2 КаАП на 20 базавых велічыняў (3 млн 600 тыс. рублёў).

    Падставай для завядзення справы стаў тэлесюжэт на тэлеканале “Белсат” з апытаннем гомельскіх прадпрымальнікаў. На думку міліцыі, Ларыса Шчыракова падрыхтавала гэты сюжэт для замежнага СМІ, не маючы акрэдытацыі МЗС на працу ў Беларусі. Пратакол на журналістку склаў 8 сакавіка начальнік аддзела аховы правапарадку Цэнтральнага РАУС, падпалкоўнік Юрый Панін.

    На судзе Шчыракова заявіла пяць хадайніцтваў, у тым ліку – мець  як сябру “БАЖ” свайго прадстаўніка, таксама сябра “БАЖ”, юрыста Леаніда Судаленку, весці  разбіральніцтва на беларускай мове, а таксама выклікаць на пасяджэнне складальніка пратакола на падставе часткі 2 артыкулу 22.9 КоАП – падпалкоўніка Паніна. Ад міліцыянта Шчыракова хацела дазнацца, чаму ў дачыненні да яе прымяняецца гэты артыкул КаАП, калі вырабам і распаўсюдам прадукцыі СМІ ні журналісты, ні фрылансеры не займаюцца. Гэта робяць рэдакцыі, тэлекампаніі – юрыдычныя асобы. 

    Ніводнае з хадайніцтваў суддзя Казачок не задаволіў.

    Падчас свайго выступу ў судзе Шчыракова распавяла, што 13 студзеня на гомельскім рынку “Цэнтральны”  яна сапраўды здымала на відэакамеру беларускі абрад  “Калядаванне”, а заадно і запытвала  ў мясцовых прадпрымальнікаў пра ўмовы іх працы – акурат на пачатку года ім падвысілі падаткі. Матэрыял яна змясціла ў інтэрнэце на YouTube.

    Пры гэтым фрылансер дадала, што Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь, Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, які ратыфікавала Беларусь, даюць ёй права  збіраць і распаўсюджваць інфармацыю. І, калі здымкі ці відэа выкарыстоўваюць нейкія СМІ, у дадзеным выпадку – “Белсат”, то гэта прэстыжна. Аднак жа нельга лічыць на падставе выкарыстання матэрыялаў “Белсатам”, што фрылансер з’яўляецца яго супрацоўнікам і павінен мець акрэдытацыю. “А калі нейкае відэа ці тэкст выкарыстае, напрыклад, Бі-Бі-Сі, Аль-Джазіра ці CNN, хіба чалавек у Беларусі будзе лічыцца іх супрацоўнікам?” – пыталася журналістка.

    Перад вынясеннем штрафу суддзя Віктар Казачок заявіў, што Шчыракова вінаватая ў “саўдзеле ў вырабе прадукцыі СМІ для тэлеканалу “Белсат”.

    Гомельскі праваабаронца, сябра ГА “ БАЖ” Леанід Судаленка, якога суддзя не дапусціў на працэс у якасці прадстаўніка Шчыраковай, звяртае ўвагу на юрыдычны бок пакарання штрафам фрылансера: “Шчыракову прыцягнулі да адказнасці па артыкуле, паводле якога павінна адказаюць юрыдычная асоба, а не фізічная. Суд не змог сабраць доказаў, што Шчыракова працуе на нейкі сродак масавай інфармацыі, на нейкую рэдакцыю. Тым не менш, суддзя сказаў, што яна “саўдзельнік правапарушэння”. Дзіўна проста”.

    Судаленка зазначыў таксама, што ў судзе ён не пачуў тлумачэння, дзеля чаго дзяржава абмяжоўвае правы Ларысы Шчыраковай на збор і распаўсюд інфармацыі.

    Ларыса Шчыракова з дапамогай юрыста Судаленкі мае намер абскарджваць штраф. Калі спатрэбіцца, то звернецца і ў Камітэт ААН па правах чалавека.

    На рахунку журналісткі – яшчэ два аналагічныя адміністрацыйныя пратаколы, складзеныя 10 сакавіка УУС г. Рэчыцы (Гомельская вобл.). На сайце тэлеканалу “Белсат” рэчыцкія міліцыянты знайшлі сюжэты пра нежаданне мяцовых прадпрымальнікаў плаціць за асвятленне, якім яны не карыстаюцца,  і  пра перанос малочнага павільёна з рынку ў шапік, дзе гандлявалі півам. Магчыма, матэрыялы справаў ужо накіраваныя ў суд. 

    “Гэта паляванне па ўсёй Беларусі “на ведзьмаў”. А ў Гомелі проста абралі мяне, бо імя маё на слыху. І месэдж вельмі дакладны для ўсіх журналістаў – як фрылансераў, так і не фрылансераў: не асвятляць крызысныя з’явы, не асвятляць вострыя і балючыя сацыяльныя тэмы. А будзеце асвятляць – паглядзіце на яе! Зацягаем і вас па судах-міліцыях. Згадка пра адсутнасць акрэдытацыі прымяняецца як дадатковы сродак ціску”, – сказала Шчыракова карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” пасля агалошвання пастановы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці