Год таму ў Беларусі заблакавалі сайт “Камсамолкі” і затрымалі журналіста «КП» Генадзя Мажэйку
29 верасня 2021 года Міністэрства інфармацыі сваім загадам абмежавала доступ да сайта газеты “Комсомольская правда” в Беларуси”. Падставай называлася рашэнне Міжведамаснай камісіі ў інфармацыйнай сферы пры Савеце бяспекі РБ.
Фармальнай прычынай для блакавання інтэрнэт-старонкі папулярнага выдання стала трагедыя, што напярэдадні разыгралася ў Мінску.
28 верасня ў Мінску падчас штурму байцамі спецслужбаў кватэры на вуліцы Якубоўскага праграміст Андрэй Зельцэр адмовіўся адчыніць дзверы, а калі іх выбілі, застрэліў супрацоўніка КДБ Дзмітрыя Федасюка. Агнём у адказ забілі і Зельцэра.
“Комсомольская правда” в Беларуси” ў ліку першых адгукнулася на рэзанансную гісторыю. Пасля таго, як на сайце па гарачых слядах была апублікавана нататка журналіста Генадзя Мажэйкі са станоўчым успамінам аднакласніцы пра Андрэя Зельцэра, партал пачаў адлічваць апошнія гадзіны свайго існавання.
Нягледзячы на заўсёдны піетэт перад Масквой, Міністэрства інфармацыі Беларусі ў ноч на 29 верасня заблакавала сайт kp.by і спыніла дзейнасць беларускай рэдакцыі – за спробу “гераізацыі тэрарыста”, што потым дружна падхапілі штатныя прапагандысты.
«У інтэрнэт-рэсурсе kp.by размешчана публікацыя са звесткамі, што спрыяюць фармаванню крыніц пагроз нацыянальнай бяспекі. Яны палягаюць у штучным нагнятанні напружанасці і супрацьстаяння паміж грамадствам і дзяржавай. Згодна з артыкулам 38 «Закона аб СМІ», у сродках масавай інфармацыі, на інтэрнэт-рэсурсах забаронены распаўсюд інфармацыі, здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», — адзначалася ў паведамленні ведамства.
Рознаўзроўневыя захады расійскага боку плёну не мелі. Саюзны канфлікт спрабавалі залагодзіць не толькі на ўзроўні МЗС Расіі, дыппрадстаўніцтва ў Мінску, а і ў Крамлі. Але ні папрокі, ні просьбы пачутыя не былі.
Тагачасны генеральны дырэктар і галоўны рэдактар “ИД “Комсомольская правда” (расійскаму холдынгу належыла і беларускае выданне) Уладзімір Сунгоркін паспрабаваў абурыцца “мэтанакіраваным пераследам” – падчас мірных пратэстаў 2020 года газету забаранілі друкаваць і распаўсюджваць у Беларусі. А што да нататкі з каментаром пра Андрэя Зельцэра, дык, як выказаўся ён, “нічога страшнага там не было”. Ды і ў першапачатковым выглядзе яна “правісела” тры хвіліны, пасля чаго рэдактар тэкст перарабіў, уключна з загалоўкам. Адпаведна, “рэалізуецца жорсткая дзяржаўная палітыка па ўсталяванні поўнага кантролю за медыя”, падсумаваў Уладзімір Сунгоркін.
У той дзень, як Дзмітрыя Федасюка хавалі з усімі гераічнымі атрыбутамі, а Аляксандр Лукашэнка пасмяротна ўзнагародзіў сілавіка ордэнам “За асабістую мужнасць”, расійскія спецслужбы затрымалі ў Маскве падчас рэгістрацыі на авіярэйс аўтара публікацыі Генадзя Мажэйку. Затым яго перадалі беларускім праваахоўнікам і вось ужо год журналіста трымаюць за кратамі.
Суд над Генадзем Мажэйкам дагэтуль не адбыўся. Паводле наяўнай інфармацыі, яму ставяць у віну два артыкулы Крымінальнага кодэкса: аб распальванні сацыяльнай варожасці (арт. 130) і абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369).
Наколькі вядома праваабаронцам, ніякіх следчых дзеянняў з фігурантам справы не адбываецца.