• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Год таму Кацярыне Андрэевай дадалі новы тэрмін — стала ў чатыры разы больш за першапачатковы

    Летась у гэты дзень закрыты суд пры адсутнасці сведак прызначыў дадатковае пакаранне палітзняволенай журналістцы Кацярыне Андрэевай, да таго ўжо асуджанай на 2 гады калоніі за стрым для тэлекампаніі «Белсат». Канчатковы вердыкт шакаваў: агулам больш за 8 гадоў нібыта на падставе «здрады дзяржаве».

    Гомельскі абласны суд 13 ліпеня 2022 года пакараў карэспандэнтку тэлеканала «Белсат» Кацярыну Андрэеву 8 гадамі і 3 месяцамі калоніі паводле «наноў узніклых абставін». За тры пасяджэнні суддзя Алег Харошка прызнаў журналістку вінаватай і прысудзіў неадэкватны тэрмін паводле ч. 1 арт. 356 Крымінальнага кодэкса — «здрада дзяржаве».  

    Сутнасць тых «абставін» так і засталася невядомая, бо працэс адбываўся ў закрытым рэжыме, а адвакатаў звыкла абкладаюць падпіскамі аб неразгалошванні. Дагэтуль яна ўжо атрымала 2 гады пазбаўлення волі на падставе арт. 342 КК за рэпартаж у лістападзе 2020-га ў дзень ушанавання памяці забітага актывіста Рамана Бандарэнкі, але незадоўга да вызвалення атрымала ад дзяржавы артыкул за «здраду». Блізкія прызнаюць, што за прамінулы час так і не даведаліся, за што канкрэтна яе асудзілі ды яшчэ з такім вялізным тэрмінам.

    20 верасня мінулага года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу юрыдычнай абароны Кацярыны Андрэевай і чакана пакінуў рашэнне першай інстанцыі без зменаў. Пры гэтым постфактум стала вядома, што была скарэктавана фармулёўка абвінавачання. Замест «выдачы дзяржаўных сакрэтаў замежнай арганізацыі ці дзяржаве» журналісцкую дзейнасць Кацярыны Андрэевай пастанавілі лічыць «шпіянажам».

    Зрэшты, сутнасная падстава засталася ранейшай, адбылася тэхнічная ратацыя ў межах таго ж арт. 356 КК. Такім чынам, па выніках апеляцыі ў лёсе палітзняволенай нічога не змянілася, трэба было рыхтавацца да этапу ў калонію.

    Першапачаткова Кацярыну Андрэеву і відэааператарку Дар’ю Чульцову абвінавацілі ў тым, што яны нібыта «арганізоўвалі дзеянні пратэстоўцаў» падчас мемарыяльнай акцыі 15 лістапада 2020-га. Пасля затрымання ім выпісалі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, але ўрэшце змясцілі ў сталічны СІЗА № 1.

    18 лютага 2021 года суддзя Фрунзенскага раёна Мінска Наталля Бугук з падачы прадстаўніцы дзяржаўнага абвінавачання Аліны Касьянчык прысудзіла фігуранткам па 2 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

    Выйсці на волю яны мусілі летась 5 верасня, аднак перад тым у красавіку сям’і Кацярыны Андрэевай стала вядома пра новае абвінавачанне датычна «выдачы дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Згаданы ўжо суддзя Алег Харошка прызначыў 8 гадоў калоніі, таксама ў журналісткі засталіся тры неадбытыя месяцы паводле першага прысуду.

    Дар’я Чульцова вызвалілася згодна з графікам і, асцерагаючыся новага крымінальнага пераследу, пакінула Беларусь.

    Тым часам Кацярына Андрэева працягвае адбываць пакаранне ў калоніі № 4 Гомеля. Пасля пэўнага перыяду інфармацыйнай блакады збольшага наладзілася паштовая і тэлефонная сувязь, прымаюць харчовыя перадачы, таксама да яе мае доступ адвакат.

    Як і бальшыня зняволеных жанчын, працуе ў швейным цэху, у вольны час выбіраецца ў пенітэнцыярную бібліятэку.

    Кацярына Андрэева нарадзілася 2 лістапада 1993 года і паходзіць з сям’і патомнай сталічнай інтэлігенцыі. Яе прадзед Давід Пінхасік быў вядомым журналістам, прабабка Марыя Ваганава стала першай галоўнай рэдактаркай «Палескай праўды». Дзед Сяргей Ваганаў — вядомы журналіст, публіцыст, паэт. Бабуля Ала Ваганава — дацэнт кафедры археалёгіі БДУ. Бацькі — філолагі.

    І хоць сама яна скончыла Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, пасля двухгадовай валанцёрскай практыкі ў Іспаніі надалей вырашыла заняцца журналістыкай. Супрацоўнічала з беларускай рэдакцыяй «Радыё Свабода», газетай «Народная воля», украінскім праектам «Донбас.Реалії», расійскай «Новой газетой». Ад сакавіка 2017 года і да свайго арышту працавала на тэлеканале «Белсат».

    У суаўтарстве з мужам, журналістам Ігарам Ільяшом, падрыхтавала шэраг журналісцкіх расследаванняў, уключна з дакументальнай кнігай «Беларускі Данбас» пра ролю беларусаў у канфлікце на ўсходзе Украіны.

    Кацярына Андрэева — лаўрэатка шматлікіх міжнародных і беларускіх прэмій за высокія прафесійныя дасягненні.

    Чытай яшчэ: 

    Алесь Пушкін: хто гэты геніяльны мастак і палітвязень, што згінуў у зняволенні

    «Тата ловіць беларускага дыназаўра». Хто такі гарадзенец Павал Мажэйка, які двойчы стаў палітвязьнем

    Другі запар дзень нараджэння за кратамі адзначае журналістка Ірына Слаўнікава

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці