Глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” сумесна з курсамі “Мова Нанова» зладзіла сустрэчу з этнографам Алегам Рудаковым
Сустрэчу з этнографам і гісторыкам Алегам Рудаковым і яго жонкай Воляй Галанавай зладзіла глыбоцкая суполка ГА “БАЖ” сумесна з курсамі “Мова Нанова”.
Алег Рудакоў вядомы беларускай супольнасці тым, што ён доўгі час працаваў у Іркуцку (Сібір), дзе пры яго падтрымцы было створана некалькі беларускамоўных суполак і музычных калектываў. Усяго ў Іркуцкай вобласці іх налічваецца цяпер 29. Яго жонка Воля Галанава ўзначальвала там беларускі клуб “Крывічы”. Ён займаўся адраджэннем аўтэнтычных беларускіх песень і танцаў і праводзіў разнастайныя традыцыйныя беларускія святы.
Зараз сямейная пара вярнулася на малую радзіму Алега Рудакова — у вёску Бяздзедавічы Полацкага раёна. Спрабуюць ператварыць бацькоўскую хату Алега ў этнаграфічны музей і займаюцца гаспадарчымі працамі. Ды і тут шчыруюць на ніве беларушчыны: далучыліся да полацкага гурта “Варган”, а таксама ўдзельнічаюць ва ўсіх беларускіх імпрэзах, якія ладзяцца ў наваколлі.
Алег Рудакоў сам выказаў жаданне наведаць Глыбокае, бо яму падабаецца гэты горад з яго цікавай гісторыяй і цудоўнымі людзьмі.
Падчас імпрэзы ў Глыбокім Алег Рудакоў і Воля Галанава распавялі пра сваю дзейнасць у Сібіры, этнаграфічныя экспедыцыі і жыццё тамашніх беларускіх вёсак. Прэзентавалі свае дыскі з беларускімі песнямі і танцамі, якія запісалі ад беларускіх старажылаў у Іркуцкай вобласці і кнігу «Нарысы, апавяданні і казкі беларусаў Іркуцкай вобласці». Таксама выступоўцы праспявалі некалькі беларускіх песень, якія яны запісалі ў экспедыцыях.
У другой частцы імпрэзы сямейная пара вучыла прысутных танчыць беларускія танцы, якія яшчэ памятаюць у Сібіры, сярод якіх “Полька задам”, “Марынінскі кракавяк”, “Лявоніха ў тройках” і г. д.
Перад прысутнымі напрыканцы імпрэзы выступілі і запрошаныя госці з Лепельшчыны і Глыбоччыны Васіль Шкіндзер і Даніла Ермаковіч. Яны сыгралі на скрыпцы, дудзе і акардэоне. А пасля паказалі характэрныя для іх мясцовасці беларускія танцы.
Паводле ўдзельнікаў, сустрэча атрымалася насычанай, карыснай і душэўнай. Госці выказалі жаданне збірацца часцей у такім сяброўскім коле.