Глыбоцкага журналіста аштрафавалі на 4,5 мільёна рублёў
Змітра Лупача прызналі вінаватым у парушэнні артыкула 22.9 КаАП ч.2 (“незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”), а па сутнасці – у супрацоўніцтве з замежным СМІ без акрэдытацыі.
Справу незалежнага журналіста разглядала 23 ліпеня старшыня Глыбоцкага райсуда Ірына Казак і прысудзіла яму штраф у памеры 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў).
Падставай для складання пратакола стаў матэрыял «Знайшліся сваякі памежніка, які загінуў на Глыбоччыне 17 верасня 1939 года», размешчаны 9 чэрвеня на сайце «Еўрарадыё».
Суд над незалежным журналістам быў прызначаны на 10 ліпеня, але не адбыўся. Пратакол, складзены 26 чэрвеня старшым інспектарам аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Глыбоцкага РАУС Вячаславам Барылам, вярнулі на дапрацоўку ў міліцыю. На дакуменце не было подпісу журналіста пра тое, што яму патлумачылі яго правы.
10 ліпеня (праз два тыдні пасля складання пратакола) журналіста выклікалі ў міліцыю і прапанавалі падпісаць асобны дакумент – пра тое, што яго пазнаёмілі з правамі і абавязкамі асобы, у дачыненні да якой завялі адміністрацыйную справу.
Пакуль справа “вандравала” паміж судом і міліцыяй, Змітру давялося некалькі разоў сустрэцца з супрацоўнікамі КДБ. Паводле журналіста, яму прапаноўвалі даносіць на сяброў і калег, паведамляць пра дзейнасць сябраў ГА «БАЖ» і апазіцыйных актывістаў у рэгіёне. Зміцер Лупач вырашыў не хаваць інфармацыі пра гэта і перадаў яе незалежным СМІ. Ён заявіў, што ні пры якіх акалічнасцях не будзе «стукачом».
У парушэнні заканадаўства аб СМІ і артыкула 22.9 ч.2 КаАП таксама вінавацяць глыбоцкую незалежную журналістку Таццяну Смоткіну. Першапачаткова суд быў прызначаны на 9 ліпеня, але не адбыўся – дакументы таксама адправілі на дапраўцоўку. Дата суда пакуль невядомая.
Агульная сума штрафаў журналістам паводле арт. 22.9 КаАП на сёння складае ўжо 133 млн 280 тыс. рублёў (больш за 8 тыс. еўра).