Сяргей Міхаленка: Беларуская фатаграфія не памерла, яна проста замерла на час
Сёлета ўпершыню пройдзе беларускі фестываль фатаграфіі PhotoArtDoc. Ён ладзіцца ў анлайн– і часткова ў афлайн-фармаце ў Літве. Навошта спатрэбіўся такі фестываль? Што ўвогуле адбываецца ў суполцы беларускіх фатографаў? Пра гэта і многае іншае БАЖ паразмаўляў з арганізатарам і куратарам PhotoArtDoc Сяргеем Міхаленкам.
Арганізатары падзялілі фестываль PhotoArtDoc на дзве часткі: адукацыйную (з красавіка па жнівень), пасля якой пройдзе конкурсная з падвядзеннем вынікаў восенню 2024 года. Конкурсная частка складаецца з дзвюх намінацый, закрытай і адкрытай: удзел у першай прымаюць толькі ўдзельнікі адукацыйнай праграмы, у другой могуць удзельнічаць усе фатографы, якія здымаюць пра Беларусь ці беларусаў.
«Па заяўках відаць, што наша ідэя працуе!»
— Нязвыкла бачыць у сёлетніх беларускіх фестывалях адукацыйны модуль. Чаму вы вырашылі яго ўвесці?
— Адукацыйны модуль вельмі насычаны, нацэлены на вынік. Удзельнікі фестывалю на працягу некалькіх месяцаў будуць адначасова вывучаць тэму праектаў у фатаграфіі, і ствараць свае ўласныя. Каб кожны мог прайсці ўвесь шлях, мы прапануем ментарскую праграму для людзей з розным досведам у праектнай фатаграфіі, затым — удзел у закрытай намінацыі конкурсу, і ў фінале — выставачную частку.
Па заяўках бачна, што наша ідэя працуе! Дасылаюць і тыя, хто пачынае свой шлях у фатаграфіі, і тыя, хто ўжо мае досвед стварэння праектаў, і цяпер шукаюць асаблівую атмасферу, погляд звонку, дапамогу ў пошуку новых форм у візуальным выказванні. А значыць, фестываль сапраўды будзе садзейнічаць у тым ліку ўстанаўленню сувязей паміж аўтарамі з розным досведам і ведамі.
Мы чакаем, што з’явяцца новыя фатаграфічныя праекты пра Беларусь і беларусаў, якія зараз жывуць як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта магчымасць у тым ліку зафіксаваць і парэфлексаваць аб тым, што сёння адбываецца з намі і нашай радзімай.
— Для чаго патрэбна адкрытая конкурсная частка PhotoArtDoc?
— Сюды мы запросім усіх жадаючых. Не будзе абмежаванняў па ўдзеле ці не ўдзеле ў адукацыйнай праграме, па нацыянальнасці і месцы жыхарства. Мы пакідаем тут адзін крытэр: тэма фатаграфій – пра Беларусь і/ці беларусаў.
На першы погляд можа здацца заблытана, але такі варыянт найболей цікавы. Па-першае, мы ствараем умовы для пераемнасці — перадаць досвед аўтараў, якія па розных прычынах былі вымушаныя пакінуць Беларусь, новаму пакаленню. А па-другое, усталяваць сувязь паміж тымі аўтарамі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся.
На жаль, адбылася атамізацыя беларускай фотасупольнасці. Мы прыкладаем шмат намаганняў, каб узніклі новыя сувязі, а, магчыма, і аднавіліся старыя. Увесь наш фестываль — гэта ў цяперашняй сітуацыі вялікі эксперымент, мы не можам прадбачыць, чым ён скончыцца.
Трэцяя задача — зрабіць праекты і падштурхнуць фатографаў да стварэння такіх праектаў. Аўтарам патрэбна пляцоўка, дзе іх паказаць, ім патрэбен глядач, ім патрэбна ацэнка. Фестываль — гэта агульная прастора, на якой усе аб’ядноўваюцца, паказваюць свае праекты і глядзяць на праекты калегаў, дыскутуюць, абменьваюцца новымі кантактамі.
І чацвёртая задача — прыцягнуць увагу да тэмы Беларусі. Беларуская фатаграфія не памерла, яна проста замерла на час. Фестывалем мы хочам запусціць працэс у бок абуджэння, наколькі гэта магчыма.
— Як я разумею, удзельнікаў фестывалю вы не абмяжоўваеце ні па адукацыі, ні па нацыянальнасці, ні па ўзросце, ні па месцы пражывання. Адзіны крытэр — жаданне здымаць пра беларусаў і Беларусь?
— Адукацыйная частка — для беларускага культурнага асяроддзя. Мы не глядзім на нацыянальнасць або грамадзянства — гэта ўсяго толькі прыналежнасць чалавека да дзяржавы, а яна не заўсёды рэлевантная. Мы запрашаем людзей, якія найперш асацыююць сябе з беларускай культурнай прасторай. Гэта можа быць і француз, які жыў працяглы час у Беларусі і здымаў пра Беларусь — ён жа па факце ўжо будзе з’яўляцца часткай гэтага асяроддзя. Важна стварыць магчымасць беларускай культурнай прасторы паказаць сябе і ўвабраць нешта новае, таму другую частку фестывалю мы робім адкрытай — для ўсіх жадаючых. Каб фестываль не стаў мерапрыемствам пра сябе і для сябе.
Хто такі беларускі фатограф? Мы ж штэмпелі не ставім. Чалавек жыве ці жыў у Беларусі, ці асацыюе сябе з ёй — значыць, ён з’яўляецца часткай беларускай культурнай прасторы. У конкурсе Belarus Press Photo, да арганізацыі якога я таксама меў дачыненне, у нас быў такі ж падыход — мы не правяралі ні грамадзянства, ні нацыянальнасць.
«Значна больш важна не падораны чалавеку імбрычак, а магчымасці»
— Чалавека, асабліва творчага, заўсёды трэба чымсьці зацікавіць. Што прапануе PhotoArtDoc, ад чаго ўдзельнікі не змогуць адмовіцца?
— Вядома, самы просты варыянт — зацікавіць нейкім каштоўным прызам. Але з досведу арганізацыі папярэдніх праектаў і конкурсаў я выразна бачу: значна важней не прыз, а магчымасці. Гэта веды і новы досвед, знаёмствы, магчымасць паказаць свой праект шырокай аўдыторыі, атрымаць адзнаку свайго праекту аўтарытэтным журы і г.д.
Для аўтара часта важны не столькі прыз, колькі стаць заўважным, быць ацэненым і атрымаць новыя магчымасці. Гэта важней, чым падораны чалавеку імбрычак ці фотаапарат.
Хаця, вядома, прызы заўсёды прыемна атрымліваць, і, верагодна, мы зможам яшчэ знайсці партнёраў, каб былі і прызы.
У якасці ментараў мы запрасілі вядомых беларускіх фатографаў, якія будуць дапамагаць удзельнікам адукацыйнай праграмы ствараць праекты ў сучаснай парадыгме, у сучасным стылі, на стыку дакументалістыкі і мастацтва.
Так, Сяргей Гудзілін супрацоўнічаў з такімі выданнямі, як The New York Times, Gazeta Wyborcza, Russian Reporter, Stern, National Geographic, Forbes-Russia ды іншымі. Ён з’яўляецца ўладальнікам гран-пры Belarus Press Photo. Бачу, што гэтая перамога стала значным трамплінам у далейшай кар’еры Сяргея. Цяпер ён жыве ў Літве.
Лаўрэатам прэстыжнага конкурсу World Press Photo, заняўшы другое месца, стала і Таццяна Ткачова. Гэта вялікае дасягненне: у гісторыі незалежнай Беларусі прызёраў толькі два. Цяпер Таццяна жыве ў Германіі.
Наступны наш ментар жыве ў Польшчы. Кацярына Кузьмічова скончыла ва Уроцлаве Акадэмію мастацтваў і дызайну і там жа атрымала ступень магістра прыгожых мастацтваў. Яна — пераможца міжнародных фотаконкурсаў TIFA і BIFA, уладальнік гранта Gaude Polonia Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы.
Мы вельмі радыя, што такія людзі далучыліся да PhotoArtDoc і ў гэтыя дні актыўна рыхтуюцца да працы з групамі.
— Вы ўвесь час кажаце пра арганізатараў фэсту «мы». А хто гэтыя «мы»?
— Мы — гэта ініцыятыўная група, якая стварае Незалежную фатаграфічную асацыяцыю. Шмат фатографаў пакінулі Беларусь. На новым месцы яны сутыкнуліся з мноствам арганізацыйных пытанняў, тэхнічных, бытавых (легалізацыя і гэтак далей). Заўсёды добра, калі ёсць нейкая супольнасць ці арганізацыя, здольная дапамагчы ў вырашэнні праблем: яна не можа даць грошай, але можа дапамагчы парадай, можа падказаць і арганізаваць.
Людзям, якія з’ехалі, даводзіцца найперш вырашаць бытавыя і эканамічныя праблемы, а не займацца творчасцю. Незалежная асацыяцыя фатографаў яшчэ не аформлена юрыдычна, але ад яе імя мы ўжо арганізуем фестываль PhotoArtDoc. Гэта першы наш праект, які павінен паказаць, наколькі жыццяздольная асацыяцыя.
«У беларускіх выданнях вельмі маленькія ганарары — на іх не выжывеш»
— А фатографам, якія апынуліся ў эміграцыі, удаецца захоўваць адзіную прафесійную прастору? Мяркуючы па працэсе стварэння Незалежнай асацыяцыі фатографаў, не ўсё так проста.
— Сапраўды, не проста. Мінулыя чатыры гады паўплывалі на эмацыйны стан людзей, на ўспрыманне сябе і іншых. У нашым асяроддзі было не ўсё гладка і да 2020 года. Я быў кіраўніком Саюза фатографаў у Беларусі, таму ведаю калегаў — у людзей розныя погляды на жыццё. Так яшчэ ў прадстаўнікоў з розных абласцей фатаграфіі часта ўзнікалі спрэчкі аб значнасці і важнасці таго ці іншага жанру. І калі мы зараз у працэсе стварэння Асацыяцыі, часам усплываюць старыя спрэчкі, на якія накладваюцца новыя. Таму мы ствараем не творчы саюз, а менавіта асацыяцыю, у пэўным сэнсе прафсаюз.
Адным з вострых канфліктаў застаецца супярэчнасць паміж тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся. Але, як бы цяжка ні было, мы спрабуем дамаўляцца. І я ўпэўнены, што людзі здольныя дамаўляцца паміж сабой, знаходзіць кропкі судотыку, а не кропкі супрацьстаяння. Лепш шукаць, у чым мы можам адзін аднаму дапамагаць і што мы можам разам класна зрабіць.
— Ці павялічыўся адток з прафесіі пасля 2020 года?
— Наколькі сур’ёзна вырас адток з прафесіі, сказаць цяжка, бо няма адпаведнай статыстыкі. Але па тых, каго ведаю, я б сказаў — так, павялічыўся. Тыя, што з’ехалі, патрапілі ў новае асяроддзе, у якое шматлікім складана ўпісацца. Фотажурналісты не ведаюць кантэксту, не ведаюць мовы, і ім складана выйсці на ранейшыя пазіцыі на новым месцы: людзі застаюцца ў рускамоўным асяроддзі, у беларускай тэматыцы, таму працаваць на польскія, нямецкія, літоўскія выданні мала каму ўдаецца.
Або яшчэ адна праблема: у беларускіх выданнях вельмі маленькія ганарары — за іх не выжывеш. Таму людзі сыходзяць альбо ў сумежныя кірункі (відэа, стокі), альбо наогул у іншае асяроддзе (бывае, нават зусім кардынальна, напрыклад, у дальнабойшчыкі). Але ведаю тых, хто з’ехаў у ЗША, «грызуць зямлю», але дамагаюцца поспехаў менавіта ў фатаграфіі.
У Беларусі частка людзей таксама сышла з прафесіі. У іх выбар невялікі і няпросты: ісці ў дзяржаўныя СМІ сумленне не дазваляе, недзяржаўных практычна не засталося і нейтральных зусім мала — адпаведна месцаў, дзе можна прымяніць сябе, стала значна менш. У сферы фотажурналістыкі, рэпартажна-навінавай фатаграфіі сітуацыя вельмі складаная.
«У рэпартажнай навінавай фатаграфіі адбыўся фактычна разгром»
— Беларуская фатаграфія — гэта перш за ўсё аўтары. Што адбылося з беларускай фатаграфіяй пасля 2020 года?
— Гаворачы пра беларускую фатаграфію, важна разумець, што размова ідзе пра дастаткова шырокі спектр жанраў, дзе ёсць фатаграфія як мастацтва, прыкладная і бытавая, рэпартажная, рэкламная і г.д.
Значная частка фатографаў з’ехала з Беларусі, у нейкіх абласцях фатаграфіі гэты адток адчуваецца больш, у нейкіх — менш. Нават сектар бытавой рэкламнай фатаграфіі ў значнай ступені парадзеў. Праўда, для кагосьці такая сітуацыя стала плюсам — вызвалілася месца, канкурэнцыя знізілася…
У рэпартажнай навінавай фатаграфіі адбыўся фактычна разгром, таму што многія выданні зачыненыя, з дзяржаўных СМІ таксама фатографы былі вымушаныя сысці з‑за асабістай пазіцыі.
Да 2020 года нават калі фатографы працавалі ў палярных выданнях, то існавала адзіная супольнасць, у якой іншыя палітычныя погляды прымаліся як асабістае меркаванне: мы розныя, але мы ў адной лодцы. У 20‑м годзе адбыўся жорсткі разлом — незалежныя выданні зачыненыя, а хтосьці застаўся працаваць у дзяржвыданнях. Пазіцыя і палітычныя погляды моцна паўплывалі на ўзаемаадносіны калег.
Засталіся, вядома, і нейтральныя выданні. Ды не ўсе хочуць ці могуць з’ехаць — сітуацыі ў людзей вельмі розныя. Тых, хто з’ехаў, значна больш. Але дастаткова і тых, хто застаўся і працуе, плюс пачынае падрастаць новае пакаленне.
Фотажурналістыку ў Беларусі накрыла, вядома, моцна, і невядома, што будзе далей з яе развіццём. У грамадскай прасторы, мабыць, засталася класічная рэпарцёрская фатаграфія. Асэнсаванне таго, што адбываецца ў публічнай фатаграфіі, спынілася. І наш фестываль закліканы даць магчымасць аўтарам, якія засталіся, даць пляцоўку і паспрабаваць папрацаваць у гэтым напрамку, магчыма, працуючы пад псеўданімамі.
— Калі дакументальна-рэпартажны жанр практычна знішчаны, то як ідуць справы з іншымі жанрамі?
— Ведаеце, на самой справе я б не сказаў, што знішчаны. Дакументальная фатаграфія — досыць шырокае паняцце. Ёсць этнаграфічны ці нават проста аматарскі фотаздымак. І пакуль аўтар не трапляе ў поле зроку спецслужбаў па нейкіх іншых прычынах, не фатаграфічных, то ён можа спакойна працягваць фатаграфаваць. Хтосьці адхіліўся ад таго, што адбываецца: не выказваўся ў 2020 годзе, маўчаў у 2022‑м, працягвае і цяпер працаваць, не дакранаючыся да вострых тэм, якія могуць быць жорстка ўспрынятыя дзяржавай.
Жыццё ўнутры Беларусі працягваецца. Напрыклад, у сферы арт-фатаграфіі нават можна сказаць, што нешта ажывае. Гэта натуральны працэс: людзям складана заставацца ў пастаянным напружанні, яны спрабуюць жыць у існуючых умовах, арганізоўваць выставы.
Але сапраўдныя выставы рабіць вельмі складана: змяніліся законы, і зараз трэба атрымліваць дазвол на кожную выставу. Што раней можна было зладзіць у любым пад’ездзе, дзе заўгодна павесіць фатаграфіі і назваць гэта выставай, зараз ужо забаронена. Але і ў гэтых умовах ладзяцца кватэрнікі, ці замест выставаў робяцца паказы і дыскусіі.
Творчасць у цэлым і фатаграфія ў прыватнасці як тая трава: можна закатаць асфальтам, забетанаваць, абкласці пліткай, але сцяблінкі праб’юцца да святла. Калі ў людзей ёсць жаданне займацца творчасцю, то яны знойдуць спосабы. Жыццё — штука такая, яе не адкладзеш на 20–30 гадоў…
Запускаючы фестываль, мы глядзім на фатаграфію ў першую чаргу як на культурна-гістарычную з’яву, як на мастацтва, а не як на палітычнае выказванне. Тыя, хто зараз знаходзіцца за межамі Беларусі, усё ж маюць больш магчымасцяў. І ў гэтай сітуацыі важна разумець у тым ліку сваю адказнасць, абавязак, калі хочаце, перад сваёй культурнай прасторай, супольнасцю, культурным кодам і дапамагаць у тым ліку тым, хто застаўся ў Беларусі. Трэба падтрымліваць сувязь і не дапусціць разрыву.