Гісторык Ігар Мельнікаў прадставіў у Гродне новыя выданні
Кандыдат гістарычных навук Ігар Мельнікаў, аўтар сайта ГА “БАЖ” прадставіў у гродзенскім Цэнтры гарадскога жыцця 28 студзеня 2018 года чатыры новых выданні на гістарычную тэму. Адну з кніг — альбом “Мяжа была пад Мінскам 1921—1941 гг.” — можна смела называць эксклюзівам.
— Гэтая кніга адметная для ўсіх беларусаў, таму што феномен даваеннай савецка-польскай мяжы амаль не даследваны ў беларускай гістарыяграфіі, ён не быў добра праілюстраваны. Таму ў кожным горадзе, дзе я прэзентую альбом, гэта выклікае вялікую цікаўнасць.
Гродна ж — памежны горад, дзе былі часткі КАП (Корпусу аховы памежжа), горад, які змагаўся ў 1939 годзе. Аспекты верасня 1939 года ў гэтай кнізеі вельмі падрабязна паказаныя. Мяне даўно сюды запрашалі і гэта сведчыць, што ёсць зацікаўленасці і жаданне мяне пачуць, — расказаў аўтар Ігар Мельнікаў.
Апроч альбома “Мяжа была пад Мінскам 1921 – 1941 гг.” ў Гродне былі прадстаўленыя кнігі “Адысея палешука” — гэта ўспаміны беларускага “андэрсаўца” Паўла Нічыпарука; “Забытыя героі” — кніга, прысвечаная беларусам, ураджэнцам Беларусі, якія служылі ў ІІ польскім корпусе і І асобнай паветрана-дэсантнай брыгадзе; кніга “ХХ дывізія пехоты”.
Кніга “ХХ дывізія пяхоты” выйшла на польскай мове па просьбе польскага боку. “ХХ дывізія” — гэта беларуская дывізія, яна так і называлася ў Польшчы. Штаб быў у Баранавічах. Палкі стаялі ў Баранавічах і Слоніме.
— Трэба разумець, што 70 тысяч беларусаў змагалася з нацыстамі з першага дня Другой Сусветнай вайны, шмат з іх трапіла ў нямецкі палон, і знаходзілася ў нямецкіх шталагах для ваеннапалонных, шмат трапіла потым у рукі НКУС. Гэтыя людзі ў 1941 годзе былі ў Арміі Андэрса, ІІ польскім корпусе, змагаліся з нацыстамі ў Італіі. Частка служыла ў Чырвонай Арміі ці ў дывізіі Касцюшкі, якая змагалася побач з Чырвонай Арміяй. Тыя, хто змагаліся ў Андэрса, вярнуліся ў Беларусь, а ў 1951 годзе былі, на жаль, дэпартаваныя. Многія з іх жылі без прызнання з боку дзяржавы, а самае галоўнае — без прызнання беларускага грамадства, — гаворыць Ігар Мельнікаў, адзначаючы важнасць гістарычных выданняў.