Гісторык Ігар Кузняцоў выступіў з лекцыяй у “Медыяпрасторы” і падтрымаў грамадскую кампанію “Забітыя і забытыя”
У Гомелі на ток-пляцоўцы “Медыяпрастора” адбылася сустрэча актывістаў грамадскай кампаніі “Забітыя і забытыя” з гісторыкам, даследчыкам масавых савецкіх рэпрэсій Ігарам Кузняцовым. Навукоўца станоўча ацаніў намаганні дэмакратычных актывістаў, валанцёраў, журналістаў у справе ўвекавечання памяці ахвяр палітычных рэпрэсій у Беларусі ў 1919 – 1950 гг.
“Дзякуй усім за тое, што ініцыятыва ўвекавечання памяці ахвяраў масавых рэпрэсій узнікла на рэгіянальным узроўні. Падобныя ініцыятывы запачаткаваныя ў Віцебску: “Хайсы — “Віцебскія Курапаты”, у Оршы: “Кабылякі” — Расстраляны ў Воршы”. Асобныя даследчыкі заняліся гісторыяй рэпрэсій у Гродне, Магілёве, Мінску”, — зазначыў Ігар Кузняцоў.
Паводле гісторыка, нягледзячы на мноства ахвяр не толькі палітычных, але і адміністрацыйных ды іншых неапраўданых рэпрэсій, гэтая тэма ў Беларусі не вывучаецца. Ні КДБ, ні МУС не даюць звестак пра месцы масавых расстрэлаў мірных грамадзян, недаступнымі застаюцца архівы з інфармацыяй пра рэпрасаваных. Некаторыя падлікі дазваляюць сцвярджаць, што ў Беларусі ў жорны рэпрэсій патрапілі каля паўтара мільёна жыхароў. Сотні тысяч былі высланыя ў турэмныя лагеры ў Сібір ды іншыя рэгіёны былога СССР, расстраляна 371 тысяча чалавек, у тым ліку 41 тысяча — на Гомельшчыне.
Масавыя пахаванні выяўленыя падчас раскопак у 90‑х гадах у Шчакатоўскім лесе па правы бок шашы Гомель – Чарнігаў. Па левы бок, у Бутулінскім лесе, другое вядомае месца масавых расстрэлаў мірных жыхароў. Тут у 2007 годзе салдаты 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна Міністэрства абароны паднялі на паверхню з розных магіл косткі і прастрэленыя чарапы 70 ахвяраў.
Грамадская кампанія “Забітыя і забытыя”, якая стартавала ў Гомелі напрыканцы 2019 года, ставіць на мэце належным чынам даследаваць трагічныя старонкі беларускай гісторыі, запісаць сведчанні людзей, сабраць архіўныя звесткі, усталяваць памятныя знакі ў месцах масавых расстрэлаў бязвінных ахвяр камуністычнай дыктатуры. У падтрымку ініцыятывы, як патлумачыла каардынатар кампаніі, сябра ГА “БАЖ” Ларыса Шчыракова, сабрана ўжо звыш за 600 подпісаў жыхароў абласнога цэнтра.