«Гэты горад здаецца тут далейшым за Марс», — Андрэй Кузьнечык пра этапаваньне ў Наваполацак
Журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык чакае разгляду апэляцыі ў Вярхоўным судзе, рыхтуецца да этапаваньня ў наваполацкую калёнію і працягвае апісваць свае сны. Радые Свабода даведалася, што новага ў зьняволенага на 6 гадоў «свабодаўца».
На 12 жніўня ў Вярхоўным судзе прызначаны разгляд апэляцыі журналіста Свабоды Андрэя Кузьнечыка, які атрымаў 6 гадоў пазбаўленьня волі. Працэс пройдзе ў закрытым рэжыме.
Пасьля разгляду апэляцыі, хутчэй за ўсё, Андрэя этапуюць у наваполацкую калёнію.
«Мушу прызнацца, што здаўся і пачаў займацца дзіўным турэмным заняткам — адціскацца і вучыць ангельскую мову. Арганізму захацелася — сам зьдзівіўся. Мэтаў ня стаўлю, тым больш што неўзабаве пераезд і значныя перамены ў ладзе і ў раскладзе», — піша ён у лісьце да сям’і.
Пра жорсткія ўмовы ўтрыманьня ў наваполацкай калёніі сярод зьняволеных ходзяць пагалоскі і нараджаюцца жарты.
«У мяне раз-пораз уключаецца рэжым абмену энэргіяй з вамі — думаецца, успамінаецца, марыцца, і пры гэтым абавязкова ўсьміхаецца, хоць да гэтага мог хадзіць з выглядам, быццам бы бровы пацяжэлі (жартуюць: выглядаеш, як гатовы да Наваполацку).
Гэты горад здаецца тут далейшым за Марс, бо пра яго ніхто нічога ня ведае, ён стаў месцам самых фантастычных, на хаду прыдуманых апавяданьняў — гэта канал выхаду народнай творчасьці. Як там у клясыка: «А як там, за Гомлем, людзі ё? Ё! Толькі дробненькія!»
«Жыцьцё ідзе, і вецер, які яно падымае, далятае і да мяне»
Андрэй па адукацыі філёляг, прывык шмат чытаць. Піша, што прачытаных кніг ужо больш за 60.
«Уяві, калі б я ўсе іх купіў 🙂 Некаторыя, праўда, былі такія „зьмястоўныя“, што я ўжо забыўся, пра што яны. А некаторыя зь іх былі з майго сьпісу „для абавязковага калі-небудзь прачытаньня“. І ладная частка зь іх, скажу табе, аказаліся перахваленымі, як на мой густ. З тымі тэмпамі, якімі я чытаў кнігі на волі, я зразумеў бы гэта раўнютка ў 2036 годзе 🙂 Глядзі, колькі будучага часу я нам вызваліў», — піша Андрэй.
Атрымлівае Андрэй і шмат пэрыёдыкі: «Звязду», «Вечерний Минск», «Маладосць», «Полымя», «ЛіМ».
«У апошнім „ЛіМе“, які выпісваюць, даведаўся, што пераклад „Пана Тадэвуша“ — у нас дома ёсьць таўшчэзная зялёная кніга — быў зроблены Пятром Бітэлем у лягеры ў 1950‑я. Потым яго рэабілітавалі. Гэткія традыцыі беларускай літаратуры. Там у „ЛіМе“ ўвогуле часта сустракаеш ці то знаёмае філфакаўскае імя, ці то ліцэйскае. Жыцьцё ідзе, і вецер, які яно падымае, далятае і да мяне».
«Сны трымаюць марку — штоноч не адарвацца»
У зьняволеньні Андрэй прыдумляе для сваіх дзетак Яніны і Мацьвея заняткі і дзейнасьць: пра нейкія падзеі ў газэтах прачытае, нейкія цікавыя і карысныя месцы для наведваньня сукамэрнікі падказваюць. Амаль у кожным лісьце шле дзецям паштоўкі з новымі вершамі. Бывае, заўважае потым памылкі, і ў наступным лісьце іх выпраўляе:
«Мой вершык пра верабейку-гаспадара патрабуе, адпаведна, навуковай праўкі: замест „сьнежным полем“ — „росным полем“ 🙂 Выводзіць птушанят у мароз няма дурных — можна мне было здагадацца», — Андрэй і за кратамі ня траціць пачуцьця гумару.
Надалей апавядае пра свае сны, у якіх марыць, як сябры-ліцэісты прыйдуць адведаць яго на волі.
«Сны трымаюць марку — штоноч не адарвацца. Адну ноч пэдантычна зьбіраю ў winamp’ е (ужо не падтрымліваецца) плэйліст з найлюбімейшых песень (госьці-ліцэісты прыйшлі наведаць па выхадзе). А другую ноч — баявік, трылер, экшн: фантасмагарычныя, нешта падобнае — толькі зь іншым геаграфічным вэктарам», — піша Андрэй.
Прыдумаў ён і арыгінальны спосаб кантактаваньня з жонкай Алесяй:
«Можаш хоць калі пераключыцца на „Радыё −1“ — можаш слухаць раўнютка тое, што ў той жа момант чую я. Плэйліст мне збольшага даспадобы. Сёньня нават пад песьню „Дзень бяз чар тваіх“ уяўляў кліп зь няхітрым маім побытам. У гады 1990‑я, „у далёкім юнацтве, у шчасьлівым юнацтве“ (гэта таксама зь песьні ў радыё) я таксама любіў уяўляць кліпы да песень з маіх навушнікаў, так што цяпер успамінаюцца тыя вобразы, я ўспамінаю гукі тых песень, во як налаўчыўся!»