Гэта нейкі чорны ранак: экс-старшыня БАЖ Літвіна пракаментавала ранішні ператрус
Раніца 16 лютага пачалася для беларускіх журналістаў і праваабаронцаў з масавых ператрусаў. Афіцыйнае тлумачэнне ад Следчага камітэта — “у межах папярэдняга расследавання з мэтай устанаўлення абставін фінансавання пратэставай дзейнасці следствам ініцыявана правядзенне ператрусаў у арганізацыях, якія пазіцыянуюць сябе як праваабарончыя”. Ператрусы таксама адбыліся ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў, дома ў кіраўнікоў арганізацыі.
Экс-старшыня БАЖ Жанна Літвіна / moyby.com
«Еўрарадыё» звярнулася па каментар да ганаровай старшыні БАЖ Жанны Літвіной. Інакш, як “чорным ранкам”, яна гэта назваць не можа:
— Тое, што сёння адбываецца, гэта нейкі чорны ранак. Гэта аблава на людзей нашай прафесіі і на праваабаронцаў, — кажа Жанна. — Па сутнасці, здзяйсняецца беззаконне супраць журналістаў. Усё, што на сённяшні дзень нейкім чынам з’яўляецца апанентам улады, — гэта ўсё “трэба знішчыць”. Пасля тых прамоў, якія гучалі на Усебеларускім народным сходзе, занепакоенасць станам у інфармацыйнай прасторы вылілся сёння ранкам вось у такія дзеянні. Самае жахлівае, што гэта ўсё санкцыянавана Генеральнай пракуратурай. Фігуруе ўжо такая інфармацыя, што гэта Крымінальны кодэкс, артыкул 342 — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
“Гэта апафеоз абсурду”
Ці сапраўды нешта парушаюць журналісты недзяржаўных СМІ і праваабаронцы?
— Журналісты не парушаюць, журналісты займаюцца сваімі прафесійнымі абавязкамі і выконваюць, я б сказала, сваю выключную ролю ў грамадстве, звязаную са зборам і распаўсюдам інфармацыі, — працягвае Жанна. — Таксама адзін з такіх неверагодна абуральных момантаў — гэта справа Кацярыны Андрэевай і Дар’і Чульцовай. Тое, што ўжо ў папярэдніх судовых слуханнях прагучала [фармулёўка. — Еўрарадыё] “злачынства, здзейсненае з дапамогай жылетаў “ПРЭСА”, — гэта апафеоз абсурду.
Паводле СК, ператрусамі займаюцца супрацоўнікі МУС і ГУБАЗіК. Але да некаторых людзей паспеў наведацца і АБЭЗ.
У тэлеграм-суполках ходзяць чуткі пра тое, што сапраўдная мэта расследавання датычыцца нібыта незаконнага фінансавання дзейнасці офіса БАЖ. Ці сапраўды ГУБАЗіК прыходзіў па доказы эканамічных злачынстваў? Якая сапраўдная мэта?
— Не ведаю, што думаюць гэтыя людзі. Яны выконваюць загад, — каментуе Еўрарадыё Жанна Літвіна. — Яны проста выканаўцы. Гэтыя людзі, проста толькі падняўшыся ад самага світання, накіраваліся выконваць гэты загад. Тое, што сёння людзі ў пагонах падпарадкоўваюцца гэтым загадам — гэта, я лічу, таксама прадукт прапаганды, якая льецца з дзяржаўных СМІ. Свядомасць гэтых людзей — прадукт палітрукоў, якія апрацоўваюць і працуюць з імі.
Па словах экс-старшыні БАЖ, такога маштабу ператрусаў у асацыяцыі яшчэ не было.
— Калі я яшчэ была кіраўніком БАЖа, мы гэта называлі супрацьстаяннем прэсы і ўлады. Былі і арышты, былі і краты ў таго самага Паўла Шарамета, у Завадскага. Былі арышты накладаў у друкарнях. Але такога ўзроўню цемрашальства Беларуская асацыяцыя журналістаў яшчэ не ведала. Я не ведаю, чым выклікана такая агрэсія ў дачыненні да журналістаў. На цяперашні момант гэта проста невытлумачальна.
Запалохванне — адна з мэт уздзеяння
Чаму прадстаўнікі ўлады так актывізаваліся апошнім часам і якая мэта ўсяго таго, што пачалося ранкам 16 лютага?
— Абсолютна ясна, што адна з мэт — запалохванне, — упэўнена Жанна. — Страх — тая зброя, той інструмент, якім можна кіраваць грамадскасцю. Пагрозы, пакаранні — гэта тое, што павінна зламаць волю журналістаў, праваабаронцаў, знішчыць іх пачуццё ўласнай годнасці.
Мне вельмі складана прагназаваць. Відаць, яшчэ ўсё роўна патрэбен нейкі час, нам трэба проста вытрымаць, выстаяць, не дапусціць, каб нас зламалі. Пройдзе нейкі час, і ўсё роўна аднойчы ўсё гэта зменіцца. Аднойчы гэтаму ўсяму прыйдзе канец, так не можа доўжыцца бясконца. Я толькі хачу пажадаць сваім калегам мудрасці, цвёрдасці. Трымаемся разам, трымаемся праўды. Нашу прафесію не растаптаць. Мы ўсё роўна неверагодна патрэбныя грамадству. Нам толькі выстаяць, вытрымаць і з пачуццём уласнай годнасці выйсці з гэтай, амаль што драматычнай, сітуацыі.
У 1996 годзе Жанна Літвіна стала сузаснавальніцай БАЖ і на працягу доўгага часу была яе старшынёй. За сваю дзейнасць у 2003 годзе яна атрымала “Залатую ручку”. Таксама яна была ўзнагароджана за журналісцкую дзейнасць і “мужны супраціў рэпрэсіям у дачыненні да СМІ з боку прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі”. У 2004 годзе яна была ганаравана прэміяй Луі Лаёнса за сумленне і добрасумленнасць у журналістыцы, а ў 2008 годзе яна атрымала прэмію Фонду Эберта ў галіне правоў чалавека.