Генпракутарутра накіравала ў суд абагульненую справу супраць рэдактараў рэсурсу Nexta — Пуцілы, Рудзіка і Пратасевіча
Генеральная пракуратура на сваім сайце паведаміла пра накіраванне ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Апошні ўжо больш за паўтара года знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску, два першыя жывуць у Варшаве, іх справы разглядаліся на падставе так званай “спецвытворчасці”.
Згодна з афіцыйнай публікацыяй ведамства, усім абвінавачаным інкрымінаваныя наступныя крымінальныя артыкулы:
– “распальванне сацыяльнай варожасці” (ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);
– “арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх” (ч. 1 і ч. 3 арт. 293);
– “арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК);
– публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК);
– стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361–1 КК);
– паклёп і публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 367, ч.2 арт. 368 КК).
Акрамя таго, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку ў розным спалучэнні выстаўлена ў віну ўчыненне наступных крымінальных злачынстваў:
– “змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (ч.1 арт. 357 КК);
– “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч.2 арт. 361–2 КК);
– “дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” (арт. 369–1 КК).
Сцяпану Пуцілу таксама інкрымінавана “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” (ч.1 арт .290–5 Крымінальнага кодэкса).
Генеральная пракуратура прыводзіць асобныя эпізоды “незаконнай дзейнасці” абвінавачаных. Сцвярджаецца, што пачынаючы з 2020 года, знаходзячыся пераважна на тэрыторыі Польшчы, “дзеля рэалізацыі агульнага плана змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам”, выконваючы задачы групы, якую абвінавачаныя тады ўзначальвалі, апублікавалі ў сетках каналаў Nexta і «Беларусь галаўнога мозгу» матэрыялы, мэтай якіх з’яўлялася:
– падбухторванне людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;
– арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;
– распальванне сацыяльнай варожасці на падставе прыкмет іншай сацыяльнай прыналежнасці;
– прымяненне гвалту ці пагроз яго ўжывання, а таксама знішчэння і пашкоджання маёмасці, распаўсюду паклёпніцкіх звестак і апублічванне інфармацыі, якія грамадзяне жадаюць захаваць у таямніцы;
– замах на правы і законных інтарэсы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх блізкіх.
Акрамя таго, як гаворыцца ў паведамленні ведамства, абвінавачаныя “заклікалі да здзяйснення пратэстна настроенымі грамадзянамі актаў тэрарызму”.
Усе гэтыя дзеянні, на перакананне ўладаў, прывялі да цяжкіх наступстваў — з 14 ліпеня 2020 года праваахоўныя органы Беларусі нібыта зарэгістравалі не менш за 1586 злачынстваў, “звязаных з пратэстнай актыўнасцю і экстрэмісцкімі памкненнямі”.
У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка са згоды генеральнага пракурора праведзена спецыяльная вытворчасць на падставе пастановы старшыні Следчага камітэта. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.
Што да Рамана Пратасевіча, дык ён “выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве” у поўным аб’ёме, аднак мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту на гэты момант пакінута без зменаў.
Пры канцы ўдакладняецца, што ў адносінах да абвінавачаных Генеральная пракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў інтарэсах дзяржавы на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.
Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік яшчэ да пачатку масавых пратэстаў 2020 года выехалі з Беларусі і ажыццяўлялі дзейнасць розных інфармацыйных рэсурсаў пад шыльдай Nexta.
Раман Пратасевіч трапіў у рукі беларускіх спецслужбаў у маі 2021-га, калі ў мінскім аэрапорце прымусілі жыццявіць пасадку самалёта Rynair, які ляцеў маршрутам Афіны-Вільня. Разам затрымалі студэнтку Соф’ю Сапегу, пазней яе асудзілі на 6 гадоў зняволення за адміністраванне “Чорнай кнігі Беларусі”. Раман Пратасевіч заключыў здзелку са следствам, а таксама неаднаразова быў удзельнікам прапагандысцкіх шоў, дзе з лёгкасцю “здаваў” сваіх былых “падзельнікаў”. Наўзамен атрымаў больш лёгкі хатні арышт, аднак, як аказалася, гэта не вызваліла яго ад крымінальнай адказнасці.
Чытайце яшчэ:
Рэдактары незалежных медыя: “Хочацца пажадаць калегам назапашваць сілы і рэсурсы, каб мы былі гатовыя да новых выклікаў”
“Идеология, геноцид, слежка” — что случилось в 2022 году в правовом поле?
«Минская правда» опубликовала инструкцию «как правильно сдаваться в плен», а после удалила ее с сайта