МЗС Германіі і генеральны дырэктар DW асудзілі рашэнне беларускага МУС
Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі 29 красавіка прызнала медыя «DW Беларусь» «экстрэмісцкім фарміраваннем». Генеральны дырэктар DW Петэр Лімбург раскрытыкаваў гэтае рашэнне беларускіх уладаў. «Мы самым рашучым чынам асуджаем рашэнне беларускага МУС. Абвінавачанні з’яўляюцца неабгрунтаванымі і не адпавядаюць рэальнай рабоце нашай беларускай рэдакцыі», — цытуе словы гендырэктара «DW Беларусь».
Як заявіў спадар Лімбург, рашэнне беларускіх уладаў дэманструе, што Мінск працягвае баяцца незалежных журналістаў:
— Рэжым у Беларусі робіць усё магчымае, каб пазбавіць беларусаў доступу да свабоднай інфармацыі. Улады баяцца адказных грамадзян, якія самастойна фарміруюць меркаванне аб тым, што адбываецца ў сваёй краіне, у Еўропе і ў свеце.
Гендырэктар DW упэўнены, што журналістаў медыякампаніі не запалохае новае рашэнне беларускай улады.
— Для нас гэтая забарона з’яўляецца заклікам працаваць яшчэ больш старанна, каб усе мелі доступ да нашага кантэнту і свабоднай інфармацыі, — падкрэсліў Петэр Лімбург.
Навіну пра прызнанне «DW Беларусь» «экстрэмісцкім фарміраваннем» пракаментаваў і МЗС Германіі.
«Улада ў Мінску ўсімі сіламі спрабуе запалохаць і прымусіць замаўчаць журналістаў і СМІ. Забарона DW у Беларусі — гэта яшчэ адна частка мазаікі лукашэнкаўскага інструментара прыгнёту. Праўду нельга забараніць», — зазначана ў паведамленні ведамства ў яго афіцыйным акаўнце ў сацсетцы Х ( Twitter).
Нагадаем, што паводле беларускага МУС «экстрэмісцкім фарміраваннем» прызнаная і забаронена дзейнасць на тэрыторыі Беларусі групы грамадзян, аб’яднаных пад назвай «DW Беларусь (Немецкая волна Беларусь)». У дакуменце пералічаныя інтэрнэт-сайт «DW» з падраздзелам «Беларусь», а таксама YouTube-каналы, Telegram-канал, Telegram-чат, Telegram-бот, акаўнты ў Instagram, Facebook і сацсетцы X гэтага медыя.