Генадзь Давыдзька ўзначаліў «Белую Русь»
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька абраны старшынёй «Белай Русі».
Рашэнне прымалася за закрытымі дзвярыма, калі ў зале засталася невялікая частка дэлегатаў. Потым адбылося агульнае галасаванне.
«Карыстаецца аўтарытэтам, пазнавальны ў грамадстве, з лідарскімі якасцямі», — пахвалілі яго дэлегаты.
«Давыдзька — надзейны чалавек, гэта гарантыя поспеху нашай арганізацыі», — мяркуе віцэ-спікер Савета рэспублікі Марыяна Шчоткіна.
«Перафарматавалі работу інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, і Генадзь Браніслававіч выязджаў туды заўсёды. Яго ў краіне ведаюць амаль усе. Мы ўчора з прэзідэнтам абмяркоўвалі, як будзе праходзіць з’езд, пра трансфармацыю ў партыю: спяшацца не трэба, трэба выспець, калі людзі захочуць. Сёння пакуль няма такога масавага жадання», — тлумачыць кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.
У сваім вітальным слове Генадзь Давыдзька паабяцаў павялічыць увагу да дзейнасці «Белай Русі» ў эфіры Белтэлерадыёкампаніі. «Зробленае і памножанае на сілу медыя робіцца зробленым у большым маштабе», — патлумачыў ён.