• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гена Кеснер: ««Новы Час» — маё апошняе месца працы»

    Як часта мы бяром інтэрв’ю ў калег? Што мы ведаем пра іх акрамя таго, якія яны класныя журналісты і добрыя сябры? Як несправядліва, што мы гаворым столькі цёплых слоў пра іх толькі пасля таго, як яны сыходзяць… Я так хацела гэта выправіць, але ўсё ж не паспела.

    Гэта апошняе інтэрв’ю Гены Кеснера. Ён не задаваў пытанні, ён на іх адказваў. Адказваў, выкройваючы час паміж працэдурамі, вырываючы гэты час у хваробы. Гаварыць Гена ўжо не мог, у горле была трубка для дыхання, таму мы дамовіліся, што я буду пісаць пытанні па адным, ён — на іх адказваць. 23 лістапада, пасля чарговых некалькіх абзацаў ён напісаў: «Працяг будзе…»

    І вось я ўсё спрабую асэнсаваць тое, што нашага Генкі ўжо няма. Што працягу не будзе. Ні гэтага інтэрв’ю, ні нашых сустрэч у рэдакцыі, ні яго вясёлых расповедаў на карпаратывах… Не будзе нашых шчырых размоў, не будзе званкоў, перапіскі… Не будзе яго шчырай усмешкі, яго сяброўскіх абдымкаў, яго бязмежнага аптымізму. Застанецца толькі памяць, яго артыкулы і гэта няскончанае інтэрв’ю.

    — Гена, а адкуль такое прозвішча? Ты не цікавіўся яго гісторыяй? Здаецца, маці Ангелы Меркель таксама Кеснер.

    — Маці Меркель, калі я не памыляюся, Каснер, а прозвішча такое ў мяне ад дзеда па татавай лініі, які сышоў з сям’і, калі мой бацька быў яшчэ немаўлятам. Бабуля ніколі пра яго не распавядала, я яго ніколі не бачыў.
    Татава маці працавала ў сельсавеце недзе ў раёне Радашковічаў, потым перабралася са сваёй маці ў Мінск, тутака працавала на нафтабазе — адпускала паліва дзяржаўнай тэхніцы. Па мамінай лініі бабуля нарадзіла дваіх сыноў і трох дачок, дзядуля працаваў да самага апошняга дня на камвольным камбінаце ў сталіцы. У першыя дні вайны трапіў у фашысцкі палон, прайшоў некалькі канцлагераў. Толькі напрыканцы 1989 года, за некалькі месяцаў да смерці, атрымаў ордэн Айчыннай вайны першай ступені. Вядома, як у СССР ставіліся да былых ваеннапалонных. Дзядуля ніколі не распавядаў пра вайну. У яго былі сапраўды залатыя рукі, ён быў вельмі добрым і чулым чалавекам.

    — Як ты прыйшоў у журналістыку? Распавядзі пра свае рэдакцыі: дзе ты працаваў, як працавалася, што самага запамінальнага, пару цікавых гісторый, наогул усё, што ты хацеў бы распавесці пра свае журналісцкія будні. А пасля ўзгадай пра свае арышты, пра збіццё. Ну і, канешне ж, пра сябе: хто ты ёсць, з якім скарбам прыйшоў да свайго 50-годдзя, што галоўнае ў тваім жыцці. Карацей, Геначка, пытанні глабальныя, можаш на іх адказваць паступова, не спяшаючыся.

    — У журналістыку я трапіў, можна сказаць, выпадкова. На пачатку 90‑х я працаваў у Беларускім дабрачынным фондзе «Дзецям Чарнобыля», які ачольваў Генадзь Уладзіміравіч Грушавы. У 1992‑м па лініі фонду група прадстаўнікоў чарнобыльскіх ініцыятыў, творчай інтэлігенцыі, журналістаў накіравалася ў Гамбург на Кірхентаг — Дзень цэркваў. Гэта міжнароднае штогадовае мерапрыемства з удзелам дабрачынных і гуманітарных арганізацый, цэркваў розных веравызнанняў, дзеячаў культуры, журналістаў і г. д. Сярод тых, хто паехаў ад Беларусі, былі у тым ліку галоўная рэдактарка радыестанцыі «Беларуская маладзёжная» Жанна Ліцвіна і яе намесніца Таццяна Мельнічук. За тыя 10 дзён мы добра пасябравалі. Я паехаў у Гамбург ад фонду як адзін з перакладчыкаў-германістаў. У выніку Жанна запрасіла мяне у БМ рабіць міжнародныя навіны: я штодня прачынаўся недзе ў 3.40 раніцы, наладжваў кароткахвалевы радыёпрымач на нямецкамоўную рэдакцыю «Дойчэ Вэле», хутка запісваў ад рукі навіны па-нямецку, потым першым транспартам ехаў на Чырвоную, 4 у Дом радыё, там расшыфроўваў навіны на беларускую мову, рыхтаваў іх для вядоўцы, а сам ляцеў на заняткі ў МДПІЗМ — наш іняз, — бо на той час быў студэнтам нямецкага аддзялення перакладчыцкага факультэта. І так практычна кожны дзень. З цягам часу мяне пачалі адпраўляць на прэс-канферэнцыі, рэпартажы. Вось так усё і пачалося. Зацягнула гэтая справа, як высветлілася, на ўсё жыццё.

    Першая рэдакцыя, у якой я працаваў, — гэта, натуральна, легендарная «Беларуская маладзёжная» на дзяржаўным радыё. Тут, у БМ, панаваў сапраўдны дух свабоды, а працавалі выбітныя прафесіяналы. Дастаткова прыгадаць ужо памянёных Жанну Ліцвіну і Таццяну Мельнічук, а таксама Іну Студзінскую і Уладзіміра Дзюбу, Алену Радкевіч і Віталя Сямашку, Валянціну Стэльмах і Уладзіміра Давыдоўскага, Алеся Дайнеку і Змітра Лукашука, пачаткоўцаў-майстроў мікрафона Вольгу Бабак і Ірыну Курапаткіну, Алеся Хмяльніцкага і Івана Кобзіка ды іншых. З намі працавалі найлепшыя гукарэжысёры Зміцер Новікаў і, светлае памяці, Уладзя Сакульскі, Анатоль Додзь…

    У рэдакцыі частымі гасцямі былі легенды беларускай рок-музыкі Кася Камоцкая і Лявон Вольскі, Зміцер Вайцюшкевіч і Вераніка Круглова — усіх не пералічыць, — якія не толькі ўдзельнічалі ў нашых эфірах, але часта бавілі з намі час у 55‑м пакоі. Часта гучна, хоць і месціўся ён акурат насупраць тагачаснага радыйнага начальніка па прозвішчы Уласенка, якога пазней на гэтай пасадзе змяніў Сяргей Булацкі. На БМ прыходзілі вядомыя дзеячы культуры і мастацтва, грамадскія актывісты, палітыкі-апазіцыянеры на чале з Зянонам Пазняком і дзяржаўныя мужы.

    Адным з гасцей нашых эфіраў быў дэпутат Вярхоўнага Савета ХХIІ склікання, дырэктар саўгаса Гарадзец, якому практычна больш нідзе у дзяржаўных СМІ не давалі слова. Пасля закрыцця БМ, будучы кандыдатам у прэзідэнты, Лукашэнка бажыўся, што адразу пасля абрання адновіць «Маладзёжку». Тое, што ён пазней зрабіў са СМІ у Беларусі, сведчыць, чаго вартыя яго словы.

    Зачынілі нас перад першымі прэзідэнцкімі выбарамі, калі ва ўрадзе Кебіча прыдумалі шматхадоўку з рэарганізацыяй дзяржаўнага тэлебачання і радыё. У новай структуры месца для БМ не знайшлося. У выніку абсалютная большасць калектыву вырашыла звольніцца, нягледзячы на тое, што прапановы працягнуць працу ў іншых рэдакцыях ад радыйнага начальства паступалі. На сумоўе да Булацкага нас выклікалі па адным. Пра рашэнне звольніцца паведаміць нашай галоўнай рэдактарцы Жанне Ліцвіной калегі даручылі мне. Давялося пачуць ад кіраўнічкі «пару ласкавых», аднак такім чынам мы прадэманстравалі салідарнасць і адзінства калектыву, прагу да свабоды, пачуцце гонару і годнасць. Сыходзілі ў нікуды, яшчэ не ведаючы, колькі ў нас наперадзе шчасця, радасці і расчараванняў.

    У 1995 годзе кіраўніцтва БМ зарэгістравала Закрытае акцыянернае таварыства «БМ-інфарм», што складалася з тэлестудыі «Студыя БМ», газеты «Беларуская маладзёжная», якую ўзначаліла Таццяна Мельнічук, і радыё «101,2 fm». Наша радыё праіснавала толькi крыху больш за год і месяц, аднак за гэты час паспела заваяваць поспех у слухачоў Мінска і Мінскай вобласці — менавіта на такі рэгіён мы вяшчалі. На той час у Беларусі існавалі толькі тры прыватныя радыёстанцыі. Апроч нас, гэта былі «Радио Би-Эй» і «Радио Рокс». Спецыфіка «101,2» была ў тым, што мы былі цалкам беларускамоўныя, не круцілі танную расійскую папсу (выключэнні складалі толькі карыфеі расійскага року). Да прыкладу, да мяне на жывы эфір прыходзілі гурты «ЧАЙФ» і «СерьГа» (Сяргей Галанін).

    Як і на БМ, да нас прыходзілі вядомыя дэмакратычныя палітыкі, былыя высокапастаўленыя дзяржаўныя асобы, як то экс-старшыні Вярхоўнага Савета Георгій Таразевіч, Станіслаў Шушкевіч і Мечыслаў Грыб, вядомыя беларускія навукоўцы, мастакі, літаратары, этнографы, музыкі і гэтак далей. Дарэчы, з «Маладзёжкі» на «101,2» працавалі Вольга Бабак і Ірына Курапаткіна, Іна Студзінская і Алесь Хмяльніцкі, ваш пакорны слуга і яшчэ хтосьці — выбачайце, каго прапусціў-забыўся за даўніной часу. За пультам сядзелі «нашы» гукарэжысёры Анатоль Додзь, Зміцер Новікаў і Уладзімір Сакульскі (з прычыны таго, што ён працягваў працаваць і на дзяржрадыё, у яго быў псеўданім смешны — Вова Бумбасцікаў). З’явіліся за пультам і таленавітыя навабранцы — Алесь Ляшкевіч, Зміцер Васількоў, Алеся Верас, Сяргей Ламандзіеўскі (Шлёма) (праз «йо». — Заўв Г. К.). Свае аўтарскія праграмы пачалі весці музыкі Кася Камоцкая, Лявон Вольскі, журналісты Сяргей Ахрамовіч і Зміцер Падбярэзскі, цудоўную гумарыстычную праграму для аўтамабілістаў «Паехалі» рабіла Вольга Бабак.

    Чвэрць стагоддзя таму ўлады знішчылі першую недзяржаўную беларускамоўную прыватную радыёстанцыю — «Радыё 101,2 FM». Нагода была чыста фармальнай, надуманай, а малады, таленавіты калектыў самабытнага, сапраўды беларускага радыё мусіў быў гвалтоўна спыніць сваё існаванне.

    У 1996 годзе ў рэдакцыю прыйшлі выбітныя філолагі-беларусісты Волька Караткевіч і Юрась Бушлякоў, якія хутка сталі аднымі з лепшых журналістаў у Беларусі. Яшчэ з’явіліся ў нас Вальжына Гардзейчык і Галіна Жарко, свой шлях у журналістыцы менавіта на «101,2» пачынала будучая галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава.

    Карацей, працаваць у такім суквецці было проста кайф! Ды і жывы эфір аказаўся своеасаблівым наркотыкам, без якога жыць ужо было немагчыма. Як і у любым месцы, са мной здараліся вясёлыя рэчы, ад якіх спачатку было не да смеху. Аднойчы вяду жывы эфір, і тут пры ўключаным мікрафоне пада мною ламаецца фатэль. Я з усяго маху лячу «фэйсам аб тэйбл» — балюча, блін! І выдаю цэлую тыраду, якая абсалютна не павінна была б прагучаць у эфіры на прычыне сваёй, мякка кажучы, малацэнзурнасці. Мой сябар, светлае памяці, Юра Шырокі, будучы намеснік кіраўніка «БелаПАНа» Алеся Ліпая, пазней распавядаў мне, што у той момант ехаў за стырном свайго аўто з аэрапорта Мінск‑2. У яго на ўсю катушку раўло «101,2». «Я ледзь у кювет не выляцеў!!!» — усміхаўся ён.

    Яшчэ адзін выпадак. Я атрымаўся адзіным мадэратарам «101,2», якому паводле жэрабя выпала весці жывы эфір у ноч з 31 снежня 1995 на 1 студзеня 1996 года. У студыі на Рэвалюцыйнай, 8а усё віравала, дзяўчаты нашы нагатавалі розных смакоццяў. Ну і да апоўначы калегі ужо прапусцілі па келіху-другім. У адрозненне ад нас з гукарэжысёрам Змітром Новікавым. 1996 год быў годам пацука. Я сяджу ў студыі жывога эфіру і раптам спінным мозгам адчуваю, што за мной рыпнулі дзверы. Справа ў тым, што ззаду студыі знаходзілася падсобнае памяшканне з прыбіральняй для вядоўцаў праграм і «гукачоў». Я не паспеў нават адрэагаваць на рыпенне, як па стале ў мяне перад носам пабег… жывы пацук! А мікрафон уключаны, а я павінен віншаваць слухачоў, падводзіць музычную кампазіцыю…

    Дзіўна, але гэтым разам публіка ніякай нецэнзуршчыны ад мяне не пачула. Проста здарылася замінка секунд на 9–10, я абвесціў песню і выключыў мікрафон. За тыя некалькі секунд я ўзгадаў, што ў нашага польскага калегі, які працаваў у Мінску, Цэзарыя Галіньскага быў ручны пацук, з якім мне раней даводзілася вошкацца ў яго дома, дзе месціцца Гандлёвы дом «На Нямізе». Я нарэшце азірнуўся. За мною, рагочучы, стаялі сам Цэзары, Кася Камоцкая (менавіта яна запусціла пацучка мне пад вочы, яшчэ сяброўка называецца!). Я прабачыў ім гэтае зусім не дробнае хуліганства выключна з прычыны Новага году.

    І яшчэ адзін выпадак. Называецца, чуйка мяне не падвяла. У адзін цудоўны дзень у мяне па графіку стаяла першая змена (з 7.00 да 11.00). План нашых эфіраў выглядаў так: музычная застаўка, вітанне мадэратара, адбіўка, прагноз надвор’я, выпуск навін і пяціхвілінны блок рэкламы. Рэклама — гэта не толькі рухавік прагрэсу, але і сродак для зарабляння грошай радыёстанцыяй. У рэшце рэшт, гэта нашы заробкі.

    Нешта напярэдадні вечарам мяне нібы торкнула. Я папрасіў нашага гукарэжысёра і майго сябра Анатоля Додзя навучыць мяне, як рыхтаваць студыю да эфіру, як ставіць адбіўкі, як і у якім парадку выстаўляць рэкламныя ролікі, як уключаць музычныя трэкі. Як у ваду глядзеў! На працу вядоўцы звычайна з’яўляліся а 6‑й гадзіне, плюс-мінус хвілін 10. Тое самае было і з гукарэжысёрамі. І вось я ў поўнай гатоўнасці да эфіру. Гляджу на гадзіннік: палова на сёмую, а майго «гукача» Змітра Новікава няма. Вось тут мне і спатрэбіліся атрыманыя надоечы ад Анатоля Додзя веды! Я прыкладна за 20 хвілін падрыхтаваў усе застаўкі, адбіўкі, рэкламныя ролікі.

    Набліжалася сёмая гадзіна, «а Германа ўсё не было». Што ж, давялося пачынаць змаганне з эфірам у адзіноце. Праблема палягала у тэхнічнай асаблівасці нашай вяшчальнай студыі. Вядоўца сядзеў у адным пакоі, а гукарэжысёр — за герметычным шклом у пакоі насупраць. Мадэратар сам мог выключыць мікрафон, але не мог яго уключыць. Вось і давялося мне як угарэламу лётаць з пакою у пакой, уключаючы то застаўкі, то рэкламу і чытаючы свой тэкст. Каб прыцягнуць увагу калег ці іншых гукачоў, я цэлую гадзіну круціў альбом «Army of Lovers».

    Прайшла гадзіна, а гукарэжысёра ўсё не было. Пачынаць другую гадзіну эфіру давялося гэтак жа, як і першую. І вось нарэшце прыкладна у 9.15 адчыняюцца дзверы студыі — і туды літаральна ўплываюць Зміцер Новікаў і Уладзя Сакульскі. Абодва нагадвалі кітайцаў з нейкімі неверагодна вузкімі вачыма.

    Аказваецца, надоечы сябрукі-«гукачы» вырашылі добра пабавіць час дома у Сакульскага (дарэчы, Валодзя жыў на вуліцы Ленінградскай, у 15 хвілінах хады да працы). Там абодва заначавалі. І праспалі. Яны спрабавалі ўсміхацца, але ўсё роўна даведаліся ад мяне пра сябе шмат чаго новага.

    Было яшчэ шмат чаго цікавага, усяго не прыгадаеш. Хіба што апошнія дні існавання «Радыё 101,2». Было 30 жніўня 1996 года, Дзень нараджэння нашай кіраўніцы Жанны Ліцвіной. Мы рыхтаваліся павіншаваць, была ўжо другая палова дня. Раптам з факсу вылазіць нейкі дзіўны і мала зразумелы допіс з паведамленнем, што з прычыны перашкод, якія перадатчык на частаце 101,2МГц чыніць міліцэйскім хвалям, эксплуатацыю яго трэба спыніць ад 1 верасня 1996 года. Вось такі «падаруначак» атрымала Жанна Ліцвіна. Па іроніі лёсу, яна нарадзілася ў адзін дзень, месяц і год з Лукашэнкам. Атрымліваецца, што і яму яго служкі зрабілі падарунак.

    Дарэчы, набліжаўся сумна вядомы рэферэндум лістапада 1996 года, у выніку якога Лукашэнка атрымаў неабмежаваную уладу ў Беларусі. Міжнародная супольнасць і беларуская дэмакратычная грамадскасць не прызналі вынікі гэтак званага «плебісцыту», многія палітолагі і палітыкі назвалі тое, што адбылося, дзяржаўным пераваротам. У апошні дзень вяшчання, 31 жніўня, цягам кожнай гадзіны Юрась Бушлякоў сваім непаўторным мяккім барытонам зачытваў зварот да нашых слухачоў, у якім мы тлумачылі сітуацыю і абяцалі вярнуцца. Не атрымалася. Закрыццё «Радые 101,2 fm» стала для мяне адным з самых вялікіх расчараванняў і сапраўдным горам у маім жыцці. Пасля апошніх пазыўных мы не маглі стрымаць слёз, а дома плакала мая матуля, у якой 31 жніўня Дзень нараджэння.

    Працяг будзе…

    Але працягу не атрымалася. Пасля гэтага Гена ўжо больш нічога не пісаў. Як і не напісаў гісторыю таго, як ён трапіў у «Новы Час». А паклікаў яго да нас наш галоўрэд Аляксей Кароль. Пра тое, чым для Гены быў «Новы Час», добра кажа адзін эпізод. У траўні, пасля папярэджання Генпракуратуры, я прапанавала Гене звольніцца, каб яму, хвораму, раптам не зведаць якіх рэпрэсій. І вось што напісаў мне Гена: «Аксана, я не пацук, якi ўцякае з тытанiка. Лёша калісьці запрасіў мяне. Як я магу здрадзіць Яму, Табе? Сцяпанавіч для мяне — сама ведаеш што. Як і ты. Ад роднага, шчаслівага, любімага не адмаўляюцца. Ад Аляксея, як i ад Цябе, як ад кольвеч нашых Сонейкаў, я ніколі не адмоўлюся. Ніколі. Аксанка, вот напісаў пост, што люблю “Новы Час”, і якія годныя людзі адгукнуліся. Так што не адмоўлюся. Як за сваім часам не адмовіўся ад БМ, так што звальняцца нават фармальна — ніколі. НЧ — мае апошняе месца працы.

    Не для таго я дажыў да палтосу, хоць думаў, дурны, што не дацягну. Цяперака — алімпійскі інтарэс — ці я зведаю народнае шчасце. Але веру. Пасля гэтага нажарэмся».

    Генка, так любіў жыццё, у ім было столькі веры і столькі спадзяванняў. Як жа хочацца, каб быў працяг… Як жа горка, што працягу не будзе… Ці ўсё ж будзе? У яго артыкулах. У яго веры ў народнае шчасце. Генка, усё будзе, як ты марыў. І мы абавязкова гэта адзначым, усе разам. Хто дзе. А ты — на нябёсах. Бывай, сябар! Прабач, калі што не так… 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці