Газету «Автодайджест» прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»
Рашэнне пра гэта прыняў 7 сакавіка суд Партызанскага раёна Мінска. У Рэспубліканскім спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі Беларусі звесткі пра гэта з’явіліся толькі праз пяць дзён.
Для рэдакцыі «Автодайджеста» гэта таксама стала нечаканасцю — там усе пяць дзён не ведалі пра судовае рашэнне.
«Газета распаўсюджвалася, сайт абнаўляўся. Ва ўладаў не было пытанняў да працы рэдакцыі. Разам з тым, незадоўга да адзінага дня галасавання па выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы, прыкладна 16 лютага, галоўны рэдактар і заснавальнік «Автодайджеста» Анатоль Шаўчэнка быў затрыманы і потым арыштаваны на 12 сутак, нібыта за хуліганства», — паведаміла рэсурсу «Позірк» крыніца, знаёмая з сітуацыяй вакол выдання.
У дакуменце Мінінфарма «Автодайджест» згаданы як «сродак масавай інфармацыі», пра сайт выдання не сказана нічога, і ён працягвае абнаўляцца. Рэдакцыйных каментароў з нагоды занясення ў «экстрэмісцкі» спіс там няма.
«Автодайджест» — гэта інфармацыйна-рэкламнае выданне, якое выдаецца са снежня 1996 года і выходзіць раз на месяц накладам 10 000 асобнікаў. Яго можна набыць праз падпіску і ў шапіках «Белсаюздруку». У Мінску газета распаўсюджваецца бясплатна праз сетку АЗС «Лукойл», «Беларуснафта», сеткі СТА, а таксама ў некалькіх бізнес-цэнтрах.
На сайце выдання пазначана, што рэдакцыя прасоўвае ідэю бяспечных паводзінаў на дарогах. З 2004 года «Аўтадайджэст» праводзіць штогадовую рэспубліканскую акцыю «Спартсмены — за бяспеку дарожнага руху».
Згодна дзеючаму беларускаму заканадаўству, распаўсюд і захоўванне матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, прадугледжвае адміністрацыйную адказнасць як для выдаўцоў, так і для карыстальнікаў паводле арт. 19.11 КаАП. Санкцыі гэтага артыкула прадугледжваюць штраф, грамадскія работы альбо адміністрацыйны арышт з магчымай канфіскацыяй на карысць дзяржавы сродку правапарушэння (звычайна гэта тэлефон ці ноўтбук).