“Газета Слонімская” разыграла каштоўныя прызы сярод сваіх падпісчыкаў
Пральная машына Indesit, пыласмок Samsung, тэлевізар Mystery, планшэт Starway, а яшчэ тэлефоны, прасы, фены і нават напольныя вагі — уяго 21 прыз — былі разыграны “Газетай Слолнімскай” 1 ліпеня ў мясцовым драмтэатры ў Слоніме падчас завяршэння рэкламнай гульні “Падпішыся на “Газету Слонімскую” і выйграй прыз”.
Правесці такую акцыю для падпісчыкаў, якія выпісалі газету на палову года, выдавец “ГС” Віктар Валадашчук вырашыў пасля таго, як стала вядома, што выданне ўключана ў падпісны каталаг на другое паўгоддзе 2017 года.
Каб заахвоціць чытачоў да падпіскі на газету, падобныя мерапрыемствы ладзіліся і раней. Было тое гадоў 12–15 назад і з меншым размахам, хаця ў тыя часы тыраж папяровага выдання быў большы ў некалькі разоў.
Сёлета ў розыгрышы прызоў удзельнічалі толькі 58 чалавек. Традыцыйна больш чытачоў выпісваюць газету на тры месяцы і на месяц. Дый 11 гадоў адсутнасці ў падпісным каталогу далі пра сябе знаць.
Не ўсе падпісчыкі, хто ўдзельнічаў у розыгрышы прызоў, прыйшлі 1 ліпеня ў тэатр.
— Мне вельмі прыемна бачыць сёння вас тут з намі, дарагія нашы падпісчыкі. Але, па-шчырасці кажучы, цяпер мне зразумела, як сябе адчуваюць артысты на сцэне, калі глядзельная зала напалову пустая — крышачку няўтульна. Тым не менш, дзякуй, што вы з намі, што прыйшлі на гэтую імпрзу. У межах нашых фінансавых магчымасцяў мы вырашылі правесці гэтую рэкламную гульню, каб заахвоціць самых адданых з вас нашых прыхільнікаў, а таксама і з той нагоды, што з гэтага года ўлады дазволілі падпіску на газету праз пошту і дазволілі прадаваць яе ў шапіках “Белсаюздруку”… Хтосьці з вас стане сёння ўладальнікам прыза, нехта не, бо гульня ёсць гульня. Яшчэ раз дзякую, што выбралі “Газету Слонімскую”. Спадзяюся, што нашы публікацыі ў папяровай газеце і на сайце выдання і надалей будуць знаходзіць ваш чытацкі водгук, — сказаў у сваім выступе перад розыгрышам прызоў галоўны рэдактар і выдавец “Газеты Слонімскай” Віктар Валадашчук.
Пасля таго, як усе прызы былі паспяхова разыграны з дапамогай артыста тэтра Рамана Вайтулевіча ды малых Ані і Вані з залы, чытачоў, журналістаў і гасцей гэтай імпрэзы чакаў спектакль-вадэвіль “Бяда ад пяшчотнага сэрца” ў выкананні артыстаў Слонімскага драмтэатра. Таксама за кошт выдаўца.
Як непасрэдны ўдзельнік гэтага мерапрыемства, канстатую, што сумна ў той дзень нікому не было. Дый яшчэ некалькі дзён запар шчаслівыя падпісчыкі газеты спяшаліся ў рэдакцыю, каб забраць свае фены, тэлефоны, кухонныя камбайны і іншыя патрэбныя ў гаспадарцы рэчы.
І вось што казалі пры гэтым некаторыя з іх пра газету.
Вячаслаў Бялоў: “Выпісваем і чытаем “Газету Слонімскую” гадоў 10 дакладна. Прачытваем усё — і я, і жонка. Я рэкламу люблю праглядзець. Артыкулы ёсць даволі цікавыя. Ёсць што пачытаць. Навіны мясцовыя і не толькі — пра ўсё даведваюся з вашай газеты…”.
Валянціна Асотава: “Газету чытаю з першага нумару. Ад пачатку да канца. Падабаюцца ўсе рубрыкі. Заўсёды выпісваю на паўгода сабе і сыну, раблю яму такі падарунак. Цяпер атрымаўся двайны падарунак, бо сын выйграў пыласмок… Удачы вам і адданых чытачоў.”
Іна Мяхведзь: “Газету выпісваю даўно. Дакладна ўжо не памятаю, колькі гадоў. Яна мне вельмі падабаецца. Шмат цікавага пішаце. Хапае ўсяго — і навінаў, і цікавых жыццёвых апавяданняў, і для гаспадынь матэрыялаў і іншага. А сёння яшчэ і мікрахвалёку выйграла. Хаця ішла проста адпачыць на ваша мерапрыемства, спектакль паглядзець, а тут такая ўдача…”
Мікалай Яшкоў: “Так атрымалася, што выйгрыш здарыўся напярэдадні нашага з жонкай 25-годдзя сумеснага жыцця. Канечне, было вельмі прыемна падараваць жонцы пыласмок ад “Газеты Слонімскай”. Але і свой падарунак я ёй таксама зраблю. Я ўдзячны за магчымасць паўдзельнічаць у такім розыгрышы прызоў сярод падпісчыкаў, але яшчэ большая падзяка за тое, што працуеце для нас, сваіх чытачоў, столькі год, нягледзячы ні на што…”.
Пагадзіцеся, калегі, далёка не кожны дзень пачуеш такое ў свой адрас.
Фота з архіва “ГС”