«Газета Слонімская» не атрымлівае дадзеных пра эпідэміялагічную сітуацыю ў раёне
На шматлікія пытанні чытачоў на медыцынскую тэматыку, якія былі падрыхтаваны і накіраваны ў Слонімскую ЦРБ журналістам “ГС” Жаннай Івановай яшчэ 2 красавіка, адказ ад галоўнага доктара раёна Наталлі Рызвановіч рэдакцыя атрымала толькі 22 траўня.
Апублікаваны артыкул з гэтымі адказамі быў 3 чэрвеня, калі некаторыя з тых адказаў ужо згубілі актуальнасць. Аднак на актуальнае пытанне пра распаўсюд на Слонімшчыне каранавіруснай інфекцыі, галоўны доктар адказу па-сутнасці не дала.
“Слонімская ЦРБ таксама інфармуе, што ўся інфармацыя, датычная каранавіруснай інфекцыі, перадаецца ў галоўнае ўпраўленне аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама, далей у Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, — адказала Наталля Рызвановіч.
Тым часам у Слоніме і раёне эпідэміялагічная сітуацыя апошнім часам пагоршылася настолькі, што першы намеснік старшыні райвыканкама Віталь Юроўскі даслаў кіраўнікам арганізацый і ўстаноў усіх форм уласнасці патрабаванні райвыканкама з 9‑ці пунктаў, як забяспечыць абарону ад распаўсюду каранавіруса на прадпрыемствах і ва ўстановах.
Рэдакцыя “Газеты Слонімскай” таксама атрымала гэты дакумент. Але і ў ім няма ніводнай лічбы пра каранавірус у горадзе і раёне.
Так выглядае патрабаванне да ідэолага і дзяржаўнай раёнкі:
«Начальніку аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Юнчыц Н. С., галоўнаму рэдактару газеты «Слонімскі веснік» Ляшчанка К. В. ажыццяўляць інфармаванне насельніцтва пра эпідэміялагічную сітуацыю па Інфекцыі COVID-19, сродкі асабістай прафілактыкі ВРВІ, у тым ліку інфекцыі COVID-19. Павялічыць колькасць трансляцый прафілактычных відэа- і аўдыяролікаў на прадпрыемствах і арганізацыях, у месцах з масавым знаходжаннем людзей, у тым ліку на гандлёвых аб’ектах і ў грамадскім транспарце».