• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Газета Слонімская»: 10 год без падпіскі і продажу ў кіёсках

    10 гадоў «Белпошта» адмаўляецца ўключыць адзіную ў Гарадзенскай вобласьці незалежную газэту ў падпісны каталёг, а «Белсаюздрук» не дазваляе прадаваць яе праз свае кіёскі.

    Калектыў рэдакцыі «Газеты Слонімскай»edaction, 23Feb2016

    Галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай» Віктар Валадашчук на свае запыты ў дзяржаўныя арганізацыі «Белсаюздрук» і «Белпошта» штогод атрымлівае адпіскі, пачынаючы з 2006 году. Вось і сёлета рэдактар атрымаў падобныя лісты. Там гаворыцца, што РУП «Белпошта» «лічыць немэтазгодным» уключэньне ў падпісны каталёг «Газеты Слонімскай». Маўляў, патрабаваньні рэдакцыі «не грунтуюцца на нормах заканадаўства». А дырэктар ГРУП «Белсаюздрук» прапаноўвае зьвярнуцца па пытаньнях рэалізацыі газэты ва УП «Гроднааблсаюздрук», адкуль з 2006 году прыходзяць толькі адмовы.

    Сёлета Валадашчук праз прамую тэлефонную лінію зьвярнуўся да намесьніка міністра сувязі і інфармацыі, і той абяцаў разабрацца і даць пісьмовы адказ.

    — Адказ прыйшоў, толькі зь яго цяжка нешта зразумець канкрэтнае. Напрыканцы напісана, што калі я зь нечым нязгодны, то маю права зьвярнуцца ў суд. Але зьвярнуцца ў суд у мяне папросту нестае грошай.

    А таму рэдакцыя існуе на ранейшых умовах: газэту рэалізоўваюць прыватныя распаўсюднікі і існуе падпіска, арганізаваная ў рэдакцыі. Гэта абцяжарвае шлях да чытача, але пакуль нічога іншага журналісты прыдумаць ня могуць.

    Віктар Валадашчук, галоўны рэдактар «Газеты Слонімскай»

    — Цяпер цяжка зарыентавацца, колькі дакладна чытачоў у нас, бо многія глядзяць газэту ў інтэрнэце і пішуць нам праз электронную пошту. А ў друкаваным варыянце мы ў сярэднім выходзім накладам тры з паловай тысячы асобнікаў на 40 старонках раз на тыдзень. Такога нізкага накладу не было ніколі за ўсю гісторыю існаваньня нашага выданьня.

    Мала што зьмянілася для журналістаў незалежнай газэты і ў доступе да інфармацыі. Хоць, кажа Валадашчук, з прыходам новага кіраўніка райвыканкаму газэту пачалі запрашаць на прэс-канфэрэнцыі чыноўнікаў.

    — Але нядаўна мы пасылалі нашага карэспандэнта ў адну зь вёсак раёну, там мясцовыя жыхары дамагаліся ад уладаў вырашэньня нейкай праблемы. Але старшыня сельсавету наадрэз адмовіў, каб пры гэтым прысутнічаў наш карэспандэнт. Маўляў, не хачу і ўсё.

    Паводле Валадашчука, газэта, як і ўсё грамадзтва, перажывае ня лепшыя часы з‑за эканамічных праблемаў. Але рэкляму прыцягваць удаецца, і чытачы газэце ня здраджваюць.

    — Я часам сам зьдзіўляюся — колькі тэлефанаваньняў і пісьмовых зваротаў у рэдакцыю. Яны прыходзяць кожны дзень. Людзі нам давяраюць, маюць нас за нейкую апошнюю інстанцыю, калі ня могуць вырашыць сваіх праблемаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці