Газета “Новы Час” звярнулася ў “Белсаюздрук” і “Белпошту” з просьбай уключыць у каталогі
Рэдактар недзяржаўнага штотыднёвай грамадска-палітычнай газеты “Новы Час” звярнулася ў РУП “Белсаюздрук” і РУП “Белпошту” з просьбай уключыць выданне ў каталогі прадпрыемстваў для распаўсюду.
Гэты крок быў зроблены ў адказ на абяцанне Аляксандра Лукашэнкі вырашыць праблемы з распаўсюдам недзяржаўных СМІ. Разам з тым, кіраўніца рэдакцыі не мае вялікіх спадзеваў, што Лукашэнка стрымае абяцанне.
— Нават калі нас уключаць у дзяржаўную сістэму распаўсюду, гэта яшчэ нічога не значыць, — гаворыць рэдактар Аксана Колб. — Ёсць шмат інструментаў, каб гэта не працавала на карысць выданню. Напрыклад, вядома, што ў паштовых аддзяленнях супрацоўнікам загадваюць не класці навідавоку недзяржаўныя газеты, а гэта ўплывае на продажы. Я ўжо не гавару пра тое, што дзяржава забірае да 60 % ад кошту рэалізаваных выданняў. Калі ўсё ж нас уключаць у дзяржаўны распаўсюд, гэта будзе зручна нашым чытачам.
“Новы Час” быў заснаваны ў 2002 годзе і цягам пару год уваходзіў у каталогі РУП “Белсаюздрук” і РУП “Белпошта”, потым газета была выключаная з прычыны нерэгулярнага выхаду.
З 2007 года, калі “Новы Час” пачаў стабільна выходзіць штотыднёва, рэдакцыя шмат разоў спрабавала вярнуцца ў дзяржаўны распаўсюд.
— Толькі з верасня 2015 года гэта ўжо чацвёртая спроба патрапіць у дзяржаўную сістэму распаўсюду. Паглядзім, які будзе вынік, — сказала Аксана Колб прэс-службе ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”.
Копіі зваротаў — у далучаных файлах.