• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Гарэлка, кнігі, кіно: рэклама ў беларускіх газетах 100 гадоў таму

    Пра што распавядала рэклама ў беларускіх газетах сто гадоў таму? За гэты час мы амаль не змяніліся, беларусам цікава ўсё тое ж. «Новы Час» пагартаў розныя выданні.

    Рэкляма ў Беларускай Крыніцы. 1925 год

    Пісулькі

    Выданьне Беларускае жыцьцё ў 1919 годзе паведамляла:

    Хутка паявяцца Пісулькі з партрэтамі беларускіх пісьменьнікаў (выдавецтва Беларускага Жыцьця).

    У першы чарод друкуюцца пісулькі з партрэтамі: В. Дуніна-Марцінкевіча, Я. Купалы, А. Гаруна, Я. Лёсіка, З. Бядулі.

    Цана кожнай пісулькі 25 фэнігаў.

    Купляць можна ў Рэдакцыі Беларускага Жыцьця (Сьв. Міхальскі завулак 2, кв. 16) і ў Беларускай Кнігарні (Завальная 7).

    Ці пайшлі б вы ў 2024 годзе ў кнігарню за Пісулькамі з выявамі сучасных літаратараў?

    Тая ж рэкляма, толькі пазьней. Кошт ужо не ў фэнігах, а капейках

    Лякарня

    Орган Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі – Беларуская Крыніца ў 1925 годзе зьмясьціла рэкляму мэдычнай установы:

    Лякарня Літоўскага Таварыства Санітарнае Помачы

    Вільня, Віленская вуліца 28

    У абмуляторыі прымаюць дактары-спецыялісты: дзіцячыя хваробы – ад 3 да 4 гадзінаў, унутраныя хваробы 10–4, хірургічныя 1–2, жаночыя 11–1, вачэй 11–2, вушэй, носа, горла 2–3, зубоў 10–11, скуры і венэрычныя 2–3, нэрваў 1–2.

    У лякарні аддзелы: унутраны, хірургічны, гінекалягічны і радзільны.

    Кабінэт Рэнтгена і Электра-Медычны: Лячэньне праменьнямі, фатаграфаваньне, прасьвятленьне, электрычныя ванны, электрычны масаж.

    Аналітычная Лябараторыя.

    Газэта Беларусь. 1919 год

    Рэстаран

    Беларускае жыцьцё ў 1919 годзе пісала пра жыцьцёва неабходнае:

    Беларускі рэстаран «Стэлла», былы «Т‑во Афіцэраў» (Міцкевічава вул. 83, проці нямецкай кірхі).

    ЗНОЎ АДЧЫНЕН

    Цэны: Сьнеданьне – 5 руб. Абеды з 2‑х страваў – 8 руб. Вячэры з 2‑х страваў – 10 руб. І порцыямі.

    Адпускаецца розная гарэлка.

    У часе абеда граець канцэртны квартэт ад 1 да 4 гадзіны і ў вечары ад 7 1/2 да 11 гадзіны.

    Белорусский фотограф зафиксировал, как выглядели наши предки в начале ХХ века — редкие кадры из архива Александра Сержпутовского

    Нэаполь

    Тое ж выданьне ў 1920 годзе рэклямавала іншы рэстаран:

    Успомніце мінуўшчыну!

    Усё як перад вайной!

    Найстарэйшая кавярня «Нэаполь» ізноў адчынена ў падворку ў старым памяшканьні: Францішканская (Губэрнатарская) 10.

    Сьнеданьні, абеды, вячэры, гарбата, кава, какао і розныя закускі па найдзешавейшай цане.

    Паважаныя кліенты, якія заўсёды хадзілі ў свой стары сямейны «Нэаполь», маю надзею, што і далей будуць да нас хадзіць.

    З пашанай М. Найман.

    Беларускае Жыцьцё. 1920 год

    Вальготна пасядзець

    Газэта Беларусь у 1919 годзе не адстае ад калегаў, і прапануе рэкляму цікавага месца ў Менску:

    Дзе весела і вальготна пасядзець?

    Пэўня ж у рэстаране павільёне На Гарадзкім Скверы.

    У цяні дрэў, пад шатамі пахучага бэзу можна

    Смачна пасьнедаць, сытна паабедаць, добра павячэраць.

    Зыкі чаруючага аркестру песьцяць слух.

    Пахучая гэрбата, смачная кава, натуральная чакаляда і какао.

    Размаітыя закускі. Найлепшыя трункі. Найлепшая правізія.

    Танна, прытульна, весела.

    Вольная Беларусь. 1917 год

    Гімназія

    Газэта Беларуская Думка ў чэрвені 1919 года падавала наступную рэкляму:

    І‑ая Віленская Беларуская Гімназія (для дзяўчат і хлапцоў)

    Востра-Брамская 9.

    Прыймовыя экзамены ўва ўсе 8 клясаў і 2 прыгатаваўчых ад 24 па 28 чэрвеня гэтага года, а пасьля канікул з 20 жніўня.

    Пачатак вучэбных заняцьцяў 1 верасьня г.г.

    Прыйманьне просьбаў ў канцэлярыі гімназіі штодзённа ад 11 да 1 гадзіны апрача сьвят.

    Газэта Беларусь. 1919 год

    Кнігі

    Беларуская Крыніца ў 1925 годзе зьмясьціла некалькі рэклямаў, датачных кнігаў:

    Выйшаў з друку і прадаецца ў Вільні, Завальная 7.

    Новы Беларускі Малітвеньнік

    для Беларусаў-Каталікоў

    У звычайнай аправе каштуе 3 злотых.

    Газэта Наша Думка. 1921 год

    Танная прадажа кніжак

    З уступкай на палавіну, або 50%

    Беларуская кнігарня ў Вільні, Завальная вуліца 7

    Даводзіць да ведама ўсяго беларускага грамадзянства, што ладжаныя кнігарняй так званыя «Два тыдні таннай беларускай кніжкі» дзеля просьбаў многіх сялянаў прадаўжаюцца да 5 студзеня 1926 году з тэй мэтай, каб кожны селянін-беларус мог мець магчымасьць набыць сабе патрэбныя кніжкі на сьвята.

    Дык адрасуйце: Вільня, Завальная 7 Беларуская Кнігарня.

    Увага! Кніжкі высылаюцца толькі па атрыманьні належнай сумы, або задатку ня меней 1/3 вартасьці кніжак. Усім тым, што прыслалі заказы, а не прыслалі грошаў, кніжкі ня будуць высылацца аж да атрыманьня належных грошаў.

    Выйшла кніга артыкулаў «Савецкай Беларусі» часоў рэдактарства Міхася Чарота

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці