«Галоўнае не ўпадаць у дэпрэсію і не журыцца». Што піша зь СІЗА Алесь Бяляцкі, які ўжо 100 дзён за кратамі
Калегі старшыні Праваабарончага цэнтра «Вясна», палітвязьня Алеся Бяляцкага вельмі рэдка атрымліваюць ад яго лісты.
Статус палітвязьня ў Беларусі па стане на 22 кастрычніка 2021 году маюць 811 чалавек.
Алесь Бяляцкі з турмы: «Тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі»
DW расказала, пра што праваабаронца піша з СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў Менску.
«Галоўнае — не ўпадаць у дэпрэсію і не журыцца. Я веру, што хутка ўсё будзе добра. А тое, што нас не забівае, робіць мацнейшымі», — піша кіраўнік Праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі з турмы. Беларускага праваабаронцу ўжо сто дзён трымаюць у СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску. Яго затрымалі падчас разгрому «Вясны». Гэтая арганізацыя з пачаткам пратэстаў стала адыгрываць ключавую ролю ў аказаньні дапамогі пацярпелым ад сілавікоў і збору інфармацыі пра палітвязьняў.
Калегі Алеся Бяляцкага кажуць, што весткі ад яго з турмы — вялікая рэдкасьць, за сто дзён арышту ягоныя блізкія атрымалі толькі пару лістоў і паштовак.
Лісты прыходзяць рэдка
Алеся Бяляцкага, а таксама яго паплечнікаў Валянціна Стэфановіча і Ўладзімера Лабковіча арыштавалі 14 ліпеня, калі ў супрацоўнікаў «Вясны» па ўсёй краіне і ў галоўным офісе арганізацыі прайшлі ператрусы. Раней, у сакавіку 2021-га, стала вядома, што на «Вясну» завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб арганізацыі і актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. А яшчэ раней узялі пад варту праваабаронцаў і валянтэраў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Леаніда Судаленку і Тацяну Ласіцу.
Лістамі і паштоўкамі ад Бяляцкага з DW змагла падзяліцца толькі яго калега Дыяна.
«На мае каля паўтара дзясятка лістоў я атрымала толькі два адказы. Першай прыйшла паштоўка са словамі, што ў яго „ўсё нармальна“. Другім я атрымала ліст, дзе ён падрабязна апісаў свой рацыён, мы ў „Вясьне“ зрабілі потым паводле яго інфаграфіку», — расказвае праваабаронца.
Такая ж сытуацыя і ў жонкі Бяляцкага Натальлі Пінчук. За тры месяцы яна атрымала толькі некалькі лістоў ад мужа, хоць ён адправіў ёй каля дваццаці.
«Лісты Алесь нумаруе, што дае магчымасьць адсачыць, ці ўсё яны даходзяць. На жаль, далёка ня ўсё. Што тычыцца маіх лістоў, то я з упэўненасьцю магу сказаць, што ён атрымаў толькі два», — кажа жонка Бяляцкага.
Праз цэнзуру Алесь піша ў асноўным пра побыт і кнігі
У перапісцы з мужам Натальля Пінчук стараецца ня згадваць пра затрыманьне або крымінальную справу, каб ліст прайшоў турэмную цэнзуру.
«Тэмы тычацца бытавых пытаньняў: у асноўным пішам пра родных, часам пра нашых агульных знаёмых ці як праходзяць дні і чым занятыя. У лістах я стараюся задаваць яму пытаньні, але адказаў на іх амаль не атрымліваю», — са шкадаваньнем кажа жонка праваабаронцы.
У лістах калегу Алесь апавядае пра свае будні.
«Гляджу тут расейскія сэрыялы, якія ідуць па тэлевізары. Нагледзеўся да канца жыцьця і яшчэ працягваю. Таксама з захапленьнем сачу за спортам і рознымі спаборніцтвамі: футбол, кубак Лігі чэмпіёнаў, чэмпіянат сьвету ў веславаньні, тэніс. Чытаю трохі; менш, чым хацелася б. Прачытаў кнігі Каці Мядзведзевай, Адама Глобуса, чытаю вершы Максіма Багдановіча. Так што не сумую, так і праходзяць мае дні», — дзеліцца лістамі Бяляцкага Дыяна.
У «Валадарцы» мала што адбываецца, таму расказваць Алесю Бяляцкаму асабліва няма чаго.
«Ён працягвае чытаць беларускіх сучасьнікаў, яго вельмі засмуціла сьмерць паэта Алеся Разанава», — дзеліцца Дыяна. У лістах Бяляцкага, напісаных ва ўмовах цэнзуры, яна спрабуе знайсьці схаваны сэнс: — Але, як мне сказала жонка Алеся, схаваны сэнс тут адзін: калі пішу, значыць, яшчэ жывы».
25 верасьня ў Алеся Бяляцкага быў дзень нараджэньня, і, наколькі вядома «Вясьне», многія беларусы адправілі яму віншаваньні і лісты салідарнасьці. Некаторыя да яго ўсё ж трапілі, і ён нават даслаў словы падзякі. «Загляне сонца і ў наша рашэцістае акно», — пісаў Алесь у паштоўках.
Першая і другая справа Бяляцкага
Гэты арышт ня першы ў жыцьці Алеся Бяляцкага. У 2011 годзе за нібыта ўтойваньне даходаў у асабліва буйным памеры і нявыплату падаткаў яму прысудзілі 4,5 года калёніі, зь якіх ён адседзеў тры і ў 2014‑м выйшаў па амністыі. За гады турмы Бяляцкага ня раз вылучалі на Нобэлеўскую прэмію міру, ён стаў ляўрэатам мноства прэмій у галіне правоў чалавека і свабоды. Пасьля пачатку пратэстаў у Беларусі Бяляцкі далучыўся да Кардынацыйнай рады і, нягледзячы на высокую рызыку арышту, заставаўся ў краіне і працягваў працаваць.
Цяпер, з прычыны падпісак адвакатаў аб невыдаваньні, калегі і блізкія нават толкам ня ведаюць, у чым сутнасьць крымінальнай справы супраць яго. «Мы толькі нядаўна з раскладу суду даведаліся, што Алесю Бяляцкаму выставілі абвінавачаньне толькі паводле аднаго артыкулу Крымінальнага кодэксу — ч. 2 арт. 243 (нявыплата падаткаў). Больш ніякай інфармацыі няма: мы нч ведаем, хто сукамэрнікі, як часта праводзяцца сьледчыя дзеяньні і іншыя моманты, якія вядомыя пра некаторых іншых палітвязьняў», — расказвае калега Дыяна.
***
Перасьлед Праваабарончага цэнтру «Вясна»
Па стане на 15 кастрычніка 2021 году за кратамі застаюцца 7 актывістаў «Вясны».
17 верасьня 2020 году затрымалі праваабаронцу «Вясны» Марфу Рабкову. Яна за кратамі ад таго часу. Спачатку ёй выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — «навучаньне ці іншая падрыхтоўка асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках, альбо фінансаваньне такой дзейнасьці». Потым дадаліся абвінавачаньні ў «распальваньні сацыяльнай варожасьці да ўлады» (ч. 3 арт. 130 КК) і «ўдзел у злачыннай арганізацыі» (ч. 2 арт. 285 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў пазбаўленьня волі.
Таксама застаюцца зьняволенымі:
-
Андрэй Чапюк, валянтэр «Вясны» зь Менску, затрыманы 2 кастрычніка 2020-га. Яго абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках і ўдзеле ў злачыннай арганізацыі. Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Леанід Судаленка, дырэктар гомельскага аддзяленьня «Вясны», затрыманы 18 студзеня 2021-га. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках яму пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
-
Тацьцяна Ласіца, валянтэрка «Вясны» з Гомля, затрыманая 21 студзеня 2021. Паводле артыкулу аб масавых беспарадках ёй пагражае да 3 гадоў зьняволеньня.
-
Алесь Бяляцкі, старшыня «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021. Яго абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні «Вясны» і віцэ-прэзыдэнт FIDH, затрыманы 14 ліпеня 2021-га. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.
-
Уладзімер Лабковіч, юрыст «Вясны», затрыманы 14 ліпеня 2021 г. Яго абвінавачваюць паводле ч. 1 і 2 арт. 342 (арганізацыя і фінансаваньне групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак) і ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу (ухіленьне ад выплаты падаткаў). Яму пагражае да 7 гадоў зьняволеньня.