• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Галоўрэд дзяржаўнай газеты з Брэста лічыць прапаганду «мастацтвам»

    Чарговую праграму з цыкла «Время обсудить» супрацоўнікі дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Брэст» прысвяцілі абмеркаванню таго, як працуе рэгіянальная журналістыка ў сучасных умовах. У якасці суразмоўцы быў запрошаны галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Заря» Ігар Гетман.

    Ігар Гетман газета «Заря»

    Галоўны рэдактар брэсцкай абласной газеты «Заря» Ігар Гетман. Фота: zarya.by

    «Пераканаць грамадства, што менавіта дзяржаўныя СМІ маюць рацыю»

    Значная частка гутаркі з кіраўніком дзяржвыдання вялася пра тое, як дзяржаўныя СМІ ў Беларусі выконваюць сваю прапагандысцкую ролю.

    Ігар Гетман пачаў з таго, што заявіў: «Нашы апаненты журналістамі нас не называюць — толькі прапагандыстамі. Але прапаганда — гэта мастацтва, і насамрэч прапагандыст — гэта журналіст вышэйшай пробы».

    Паводле рэдактара абласной газеты, да прапагандыстаў існуюць больш высокія патрабаванні. «Адна справа зрабіць рэпартаж і зусім іншая — займацца аналітыкай, якая мусіць уплываць на светапогляд чалавека», — мяркуе Гетман.

    Ён таксама сцвярджае, што «прапаганда і контрпрапаганда — гэта даволі тонкія жанры». А мэта тых, хто працуе зараз у дзяржаўных беларускіх медыях, палягае ў тым, каб пераканаць грамадства, што менавіта дзяржаўныя СМІ маюць рацыю, а не апаненты.

    «Гэта тонкая інтэлектуальная гульня, і мы павінны скарыстацца пралікамі нашых апанентаў і недзе нават атрымліваць задавальненне ад іх памылак», — кажа Ігар Гетман.

    Разам з тым галоўны рэдактар газеты «Заря» не ўпэўнены, што кожнае дзяржаўнае выданне ў Беларусі здольнае эфектыўна займацца прапагандай. У якасці прыкладу, ён прыгадаў стварэнне ў Брэсцкай вобласці медыяхолдынгу, у выніку чаго зніклі самастойныя раёнкі ў Маларыце, Жабінцы і Ганцавічах. Цяпер яны існуюць як рэгіянальныя дадаткі да газеты «Заря».

    «Калі некаторыя раённыя газеты ўвайшлі ў склад абласнога выдання, мы правялі дакладную мяжу, што пакідаем раёнам, а што бярэ на сябе абласная газета (менавіта прапагандысцкія пытанні). Таму што мы можам зрабіць гэта больш якасна і талкова, і нам павераць хутчэй», — сцвярджае Ігар Гетман.

    Ігар Гетман «Залатая Ліцера»

    Ігар Гетман атрымлівае ўзнагароду ў намінацыі «Найлепшы аналітычны матэрыял» на конкурсе для дзяржпрэсы «Залатая Ліцера», 2023 год. Фота: БелТА

    А яшчэ ён мяркуе, што прапаганда бывае белая і чорная. Сябе і сваіх калег галоўрэд дзяржаўнай газеты называе прыхільнікамі «белай, інтэлектуальнай прапаганды, якая абапіраецца толькі на праўдзівыя факты».

    Падчас тэлеэфіру Ігар Гетман заявіў таксама: «Інфармацыйная вайна ідзе, і ніхто гэтага не адмаўляе. Але мы не можам апускацца да нейкіх момантаў, як нашы супернікі — у іх няма маральных крытэрыяў і абмежаванняў».

    Хто такі Ігар Гэтман?

    Ігар Гетман — выпускнік філалагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта. З 2007 года ён працаваў ва ўпраўленні ідэалагічнай работы Брэсцкага аблвыканкама. Далей у розныя часы яго прызначалі рэдактарам дзяржаўных раёнак «Заря над Бугом» (Брэст) і «Янаўскі край» (Іванава), пасля чаго перавялі на працу ў Міністэрства інфармацыі.

    Брэсцкую абласную газету «Заря» Ігар Гетман узначаліў 22 лютага 2022 года. Гэтае прызначэнне супала з пачаткам паўнавартаснай вайны Расіі супраць Украіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці