Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка пачнуць судзіць 8 чэрвеня. Працэс будзе закрытым
Разглядаць справу фрылансэра Радыё Свабода будзе Магілёўскі абласны суд.
Суд над затрыманым у лістападзе летась фрылансерам Радыё Свабода Андрэем Кузнечыкам распачнецца 8 чэрвеня у Магілёўскім абласным судзе.
Працэс будзе праходзіць у закрытым рэжыме, паведамляе БАЖ.
Фрылансэра Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка затрымалі 25 лістапада 2021 году на роварнай прагулцы, у ягонай кватэры правялі ператрус, забраўшы тэхніку і іншыя рэчы.
26 лістапада Заводзкі раённы суд Менску абвінаваціў Андрэя Кузьнечыка ў дробным хуліганстве і пакараў 10 днямі арышту, затым Кузьнечыку прысудзілі яшчэ адзін адміністрацыйны арышт, а 23 сьнежня стала вядома, што на журналіста завялі крымінальную справу.
12 траўня стала вядома, што Кузьнечыка перавялі зь менскага СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага ў магілёўскую турму.
З чым зьвязаны перавод, невядома. Таксама ўжо на працягу некалькіх месяцаў зьняволеньня Андрэя Кузьнечыка ані калегі, ані родныя дагэтуль ня ведаюць, паводле якога артыкулу яго абвінавачваюць. Адвакат пад падпіскай аб невыдаваньні.