Фрылансера Івана Мураўёва, якога ўжо перавялі ў калонію, зноў збіраюцца судзіць
Служба маніторынгу БАЖ завярнула ўвагу, што ў анонсе працэсаў Мінскага гарадскога суда на 7 красавіка значыцца пасяджэнне з указаннем прозвішча ўжо асуджанага відэааператара Івана Мураўёва. Днямі яго перавялі ў папраўчую ўстанову № 2 Бабруйска пасля адмовы ў задавальненні апеляцыйнай скаргі.
Як вынікае з раскладу, які публікуе сайт Вярхоўнага суда для сваіх структурных падраздзяленняў, па абедзе 7 красавіка суддзя Алена Шылько будзе разглядаць справу журналіста і прадпрымальніка Івана Мураўёва.
Яна ўжо вяла папярэдні працэс, па выніках якога асудзіла відэааператара-фрылансера да 2,5 гадоў калоніі агульнага рэжыму, а неўзабаве давядзецца сустрэцца ізноў — праўда, мяркуючы па ўсім, дыстанцыйна. Прычым пасяджэнне адпачатку запланавана ў закрытым фармаце.
Матывіровачная частка гучыць так: «Іншыя пытанні, звязаныя з прывядзеннем прысуду, вызначэння, пастановы ў выкананне». Справа перагледжваецца па арт. 402: «выпраўляюцца відавочныя апіскі, падліковыя памылкі і недакладнасці, дазваляюцца ўсякага роду сумневы і невыразнасці, якія ўзнікаюць пры выкананні судовых рашэнняў».
10 сакавіка Вярхоўны суд Беларусі ў закрытым пасяджэнні без прысутнасці сведак адхіліў апеляцыю абароны фрылансера і прадпрымальніка на прысуд першай інстанцыі — суддзя Сяргей Гураў не знайшоў падставы адправіць на перагляд ці змякчыць абвешчаны вырак.
Сам Іван Мураўёў канчатковы вердыкт чакаў у следчым ізалятары пры турме № 4 Магілёва, куды яго перавезлі з СІЗА № 1 Мінска яшчэ за месяц да прызначанай даты разгляду. Пасля прадказальнага ігнаравання скаргі палітвязня этапавалі адбываць рэшту тэрміна пакарання ў папраўчай установе Бабруйска, адабраныя на час следства і арыштаваныя рэчы ў выніку «амніставалі».
Адвакаты намагаліся абскардзіць прысуд Мінскага гарадскога суда паводле крымінальнага артыкула 361–1 ч. 3 — «стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у ім». На гэтай падставе гаспадара папулярнай сталічнай «Кальяннай №1» і відэааператара па сумяшчальніцтву, які супрацоўнічаў з незалежнымі медыямі, асудзілі да 2,5 гадоў зняволення ў калоніі агульнага рэжыму.
Яго справу Мінскі гарадскі суд пачаў разглядаць 22 снежня 2022 года. Працэс зрабілі закрытым на той падставе, што будуць разглядаць «экстрэмісцкія матэрыялы», апублічванне якіх супярэчыць новаму закону.
Фігуранту інкрымінавалі адзін «злачынны» эпізод — відэаздымкі для расследавання на тэлеканале «Белсат» пра карупцыю ў вышэйшых эшалонах улады. Неўзабаве пасля выхаду сюжэта аператара і бізнесоўца затрымалі ў ягонай «Кальяннай №1», першапачатковы артыкул застаўся да канчатковага прысуду.
Літаральна пары пасяджэнняў хапіла, каб 26 снежня суддзя Алена Шылько прыгаварыла фігуранта да 2,5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму за «ўваходжанне ў склад экстрэмісцкага фармавання ў мэтах учынення злачынства экстрэмісцкай накіраванасці».
Праваабаронцы прызналі Івана Мураўёва палітычным зняволеным і асудзілі мэтанакіраваны пераслед паводле прафесійнай дзейнасці.
Чытайце яшчэ:
Пракурор падаў апеляцыйны пратэст на прысуд па «справе Вясны»
Справы відэааператараў: выпадковыя супадзенні або зададзены пераслед?
Что думает литовский журналист, которого ошибочно приняли за «тихаря»