Фрылансер Кастусь Жукоўскі просіць гендырэктара будтрэста паўздзейнічаць на свайго намесніка па ідэалогіі
Гомельскі журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Кастусь Жукоўскі звярнуўся да генеральнага дырэктара ААТ “Будаўніча-мантажны трэст № 27” са скаргай на адмову ў прадастаўлені інфармацыі ягоным намеснікам па кадрах, ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях.
“Мяне цікавілі пытанні сацыяльнай абароненасці будаўнікоў у трэсце. Аднак намеснік гендырэктара Мікалай Сугак заявіў, што паступіла ўказаннне не даваць ніякай інфармацыі канкрэтна мне, хоць, паводле Канстытуцыі, як грамадзянін я маю права на збор і распаўсюд інфармацыі”, — кажа Жукоўскі.
Фрылансер просіць кіраўніка трэста, па-першае, прызнаць неправамернай адмову намесніка генеральнага дырэктара па кадрах, ідэалагічнай працы і сацыяльных пытаннях — адмова абмяжоўвае правы і законныя інтарэсы грамадзяніна Жукоўскага, а таксама абавязаць намесніка прадаставіць інфармацыю па пытаннях наяўнай сацыяльнай абароны будаўнікоў трэста № 27.
Заяву ў трэст дапамагаў скласці Жукоўскаму праваабаронца, юрыст ГА “БАЖ” Леанід Судаленка.
“Па выніках адказу кіраўніка трэста будзем вырашаць, ці даводзіць гэтую справу да суда. Мы ўжо маем факты, калі некаторыя ідэалагічныя структуры не знаходзяць нічога лепшага, як рассылаць сумнеўныя з гледзішча заканадаўства тэлефонаграмы кіраўнікам прадпрыемстваў і арганізацый з патрабаваннем абмяжоўваць прадастаўленне інфармацыі прадстаўнікам незалежных СМІ”, — кажа юрыст.
Судаленка згадвае, што ў жніўні ў сеціве з’явілася фотакопія тэлефонаграмы кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў за подпісам начальніцы ідэалагічнага аддзела адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля Ірыны Дробатавай: “…даводзім да Вашага ведама, што “Белсат ТВ” і “БАЖ” не з’яўляюцца акрэдытаванымі дзяржаўнымі сродкамі масавай інфармацыі. У выпадку звароту да Вас ці да вашых працаўнікоў з просьбай даць інтэрвʼю просім неадкладна інфармаваць аддзел ідэалагічнай працы, культуры і па справах моладзі”.
“Паблытаны кашалі з лапцямі, — заўважае юрыст. — У дачыненні да спадарожнікавага тэлеканала “Белсат” азначэнне ў нейкай ступені мае рацыю. А што датычна БАЖ (ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”), то асацыяцыя журналістаў і не пазыцыянуе сябе як СМІ. У Мінюсце Рэспублікі Беларусь асацыяцыя рэгістравалася як грамадская арганізацыя, якая аб’ядноўвае грамадзян Беларусі па прафесійнай прыналежнасці. БАЖу як афіцыйна зарэгістраванай арганізацыі наогул не патрэбна нейкая акрэдытацыя — яна дзейнічае на падставе зацверджанага Статуту”.
У выпадку з Кастусём Жукоўскім гаворка ідзе не як пра прадстаўніка СМІ, а як пра грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, чые правы, гарантаваныя беларускім заканадаўствам, парушаныя.