Freedom House: у галіне свабоды прэсы Беларусь знаходзіцца побач з Паўночнай Карэяй і Эрытрэяй
Беларусь увайшла ў дзясятку краін і тэрыторый, дзе сітуацыя ў галіне свабоды прэсы найгоршая ў свеце. Пра гэта гаворыцца ў дакладзе «Свабода прэсы-2015», які апублікавала праваабарончая арганізацыя Freedom House.
Акрамя Беларусі ў дзясятцы – Іран, Куба, Крым (у якасці тэрыторыі), Паўночная Карэя, Сірыя, Туркменістан, Узбекістан, Экватарыяльная Гвінея і Эрытрэя, паведамляе БелаПАН.
У Беларусі, паводле даклада, працягваецца ціск на незалежных журналістаў. Адзначаецца, што ў 2014 годзе завялі больш за 20 судовых спраў па абвінавачванні журналістаў без акрэдытацыі ў «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ».
У дакладзе згадваецца пра ваеннага эксперта Аляксандра Алесіна, якога затрымалі па падазрэнні ў шпіянажы, а затым адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе.
Адзначаецца, што ў снежні 2014 года ў закон аб СМІ ўнеслі папраўкі, якія дазваляюць Міністэрству інфармацыі Беларусі блакаваць сайты СМІ без рашэння суда, калі яны атрымалі два папярэджанні на працягу года.
Аўтары дакумента прыгядваюць часовае блакаванне сайтаў недзяржаўных СМІ – у прыватнасці газеты «Наша ніва», інфармацыйнага агенцтва БелаПАН і яго інтэрнэт-газеты «Белорусские новости» (naviny.by), сайтаў «Беларускі партызан» (belaruspartisan.org), «Хартыя’97» (charter97.org), інтэрнэт-газеты «Салідарнасць» (gazetaby.com), сайта «Заўтра тваёй краіны» (zautra.by) і рэсурсу udf.by.
Адзначаецца, што ў Беларусі захоўваецца манаполія дзяржавы на тэлевяшчанне, а дзяржаўныя СМІ атрымліваюць фінансаванне з бюджэту.