• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Францішак Аляхновіч: чалавек, які раскрыў страшную праўду пра «самую шчаслівую краіну на Зямлі»

    Сёлета спаўняеца 140 гадоў з дня нараджэння беларускага драматурга і пісьменніка Францішка Аляхновіча. Прыгадваем цікавыя факты з жыцця аднаго са стваральнікаў беларускага тэатра і пачынальніка турэмнай літаратуры.

    Францішак Аляхновіч нарадзіўся 9 сакавіка 1883 года ў сям’і збяднелага шляхціча. Бацька ягоны быў музыкам, які граў на скрыпцы ў віленскіх тэатральных аркестрах. Таму зусім не дзіва, што і ў сына з малых гадоў праявілася схільнасць да музыкі і тэатра. 

    Вучыўся Аляхновіч у Віленскай гімназіі, той самай, дзе навучаліся ў свой час таксама Фелікс Дзяржынскі і Юзаф Пілсудскі. Праўда, з паспяховасцю ў яго было даволі кепска, бо юнак зусім не хацеў губляць час на тое, што не мела ніякага дачынення да тэатра. У выніку яго выключылі за непаспяховасць спачатку з Віленскай гімназіі, а потым і з Віленскай хіміка-тэхнічнай школы.

    Каб атрымаць тэатральную адукацыю, ён падрабіў дакументы і нелегальна перабраўся ў Кракаў, які тады быў у складзе Аўстра-Вугорскай імперыі. Там вольным слухачом наведваў лекцыі на гісторыка-літаратурным факультэце Кракаўскага ўніверсітэта, а праз год перабраўся ў Варшаву, дзе займаўся ў школе Музычнага таварыства. Ва ўзросце 21 года ён нават паспеў пабыць акцёрам у вандроўнай тэатральнай трупе. 

    У 1908 годзе малады чалавек вяртаецца ў Вільню і пачынае займацца журналістыкай — піша для розных польскіх выданняў і нават спрабуе выдаваць уласны гумарыстычны часопіс пад назвай «Perku­nas» на польскай мове, які відавочна так быў названы ў гонар балцкага бога-грымотніка. 

    Прыкладна ў гэты самы час Францішак Аляхновіч знаёміцца з актывістамі беларускага руху. Яго захапляе беларуская справа, і ён ужо ў канцы 1910 года ставіць першы спектакль на беларускай мове ў Вільні пад назвай «Па рэвізіі». Таму яго можна смела лічыць адным са стваральнікаў сучаснага беларускага тэатра. 

    Пасля фурору, які выклікала пастаноўка п’есы «Па рэвізіі», да яго прыгледзеліся і кампетэнтныя органы. У адным з матэрыялаў, які быў надрукаваны ў выдаваным ім часопісе, былі заўважаны выпады супраць цара і супраць рэлігіі. Аляхновічу давялося збегчы з Вільні ў Галіцыю, якая тады была пад аўстрыйцамі. Там ён займаўся збольшага тэатральнай справай. 

    Перад пачаткам Першай сусветнай вайны Аляхновічу прыйшлося адседзець год у турме за тую публікацыю — у 1913 годзе ён вярнуўся ў Вільню са спадзевам на амністыю. І калі жарты пра цара яму сапраўды даравалі, то антырэлігійны жарт — не. 

    Менавіта ў Лукішскай турме Францішак Аляхновіч узяўся за працу над першай сваёй п’есай пад назвай «На Антокалі». Першапачаткова яна была напісана на польскай мове, а беларускамоўны варыянт пабачыў свет троху пазней. Па вызваленні ён шукаў сябе ў жыцці і працаваў на самых розных працах, якія далёка не заўсёды былі творчымі. 

    У 1916 годзе Францішак Аляхновіч стварыў «Беларускую драматычную дружыну», якая дзеіла галоўным чынам у Вільні ды ставіла там беларускія спектаклі. Забягаючы троху наперад, адзначым, што напісаныя ў гэты час Аляхновічам п’есы «Пан Міністр», «Шчаслівы муж», «Калісь», «Чорт і Баба» ды іншыя, таксама карысталіся ў беларускай моладзі вялікай папулярнасцю і ў наступных дзесяцігоддзях. Іх ставілі па ўсім беларускім абшары, не зважаючы на межы. У Заходняй Беларусі галоўным чынам гэта рабілі актывісты Таварыства Беларускай Школы, да стварэння якога драматург таксама прыклаў сваю руку ў пачатку 20‑х гадоў. 

    Пад канец Першай сусветнай вайны Аляхновіч канчаткова пераканаўся ў вартасці беларускай ідэі — іначай не пайшоў бы без грошай і дакументаў праз лінію фронту з Вільні ў Мінск. Па першым часе справы ў беларускай сталіцы складаліся ў яго добра — і калі была абвешчана БНР, і калі потым паўстала БССР. Хутчэй за ўсё тады драматург яшчэ не быў такім зацятым антысаветчыкам, якім стане потым.

    У пачатку лета 1919 года ў Вільні пачынае выходзіць газета «Беларускае жыццё», якую рэдагуе Аляхновіч. Праз некаторы час рэдакцыя пераязджае ў Мінск, які тады быў заняты палякамі.

    У гэты перыяд свайго жыцця драматург глядзіць не без сімпатыі на Юзафа Пілсудскага, які абяцае стварэнне канфедэрацыі народаў былой Рэчы Паспалітай. Разам з тым на старонках выдання жорстка крытыкуюцца польскія нацыяналісты, бальшавікі і немцы. Але следам за часам надзей наступае і час расчараванняў…

    Ужо ў самым пачатку 20‑х гадоў робіцца зразумела, што Другая Рэч Паспалітая не апраўдала чаканняў беларусаў. Верх бяруць ідэі «эндэцыі» аб пабудове монарэлігійнай і монаэтнічнай дзяржавы.

    Пачынаюцца праблемы і ў самаго Францішка Аляхновіча — выдаваныя ім газеты закрываюцца, ніякай падтрымкі няма, знікаюць нават прывідныя перспектывы.

    У сярэдзіне 20‑х гадоў таленавіты літаратар і тэатрал застаецца літаральна ні з чым. 

    Зусім іншая сітуацыя па той бок польска-савецкай мяжы, дзе беларусізацыя ў самым разгары. У Савецкай Беларусі культура квітнее: адкрываюцца беларускія школы, працуюць тэатры і музеі, здымаюць кіно, вялікімі накладамі выходзяць газеты і часопісы. Існуюць свае выдавецтвы, дзе друкуюцца вялікімі накладамі кнігі. Пісьменнікі ствараюць свае літаратурныя аб’яднанні, якія канкуруюць між сабой. 

    Францішак Аляхновіч, пасля доўгіх ваганняў, вырашаецца паехаць на знакамітую Акадэмічную канферэнцыю па рэформе беларускага правапісу, якая адбылася ўвосень 1926 года ў Мінску. З гэтага ўласна і меў бы пачынацца самы вядомы ягоны твор пад назвай «У капцюрох ГПУ». Але з нейкай прычыны Аляхновіч вырашыў апусціць гэты момант. 

    Сябе ў тым творы ён па першым часе называе «Попутчiк» — гэта значыць «попутчик революции», то-бок той, хто не з’яўляецца камуністам, але разам з тым і не выступае адкрыта супраць улады Саветаў. «Ax, як там добра…» — фраза, якая не выпадкова вынесена ў загаловак. Менавіта з яе і пачынаецца гэты твор. 

    Бо фактычна аповесць «У капцюрох ГПУ» — гэта квінтэсэнцыя таго, з чым сутыкнулася беларуская эміграцыя ў тыя самыя гады. Зведаўшы расчараванне ад жыцця ў выгнанні, многія вырашылі вярнуцца дамоў і калі не прыняць бальшавізм, то прынамсі пагадзіцца з ім.

    Так зрабілі Вацлаў Ластоўскі, Уладзімір Жылка, Аляксандр Цвікевіч ды многія іншыя. Гэтак паступіў і Францішак Аляхновіч. 

    Але яму не збіраліся дараваць ягонай антысавеччыны. Калі верыць аповесці, то на размову да сябе яго запрашаў сам Іосіф Апанскі — той, што раней злавіў Барыса Савінкава, а потым дапытваў Якуба Коласа па справе Юркі Лістапада. А ўжо ў самым пачатку 1927 года адбыўся і арышт Францішка Аляхновіча, якога абвінавацілі ў шпіянажы. 

    Гэтая падзея займела шырокі розгалас не толькі сярод падсавецкай беларускай інтэлігенцыі, але таксама і ў эмігранцкіх колах. Увосень таго ж года група беларускіх пісьменнікаў, сярод якіх быў і Зміцер Жылуновіч, праехаліся па еўрапейскіх краінах. Завіталі яны ў тым ліку і ў Чэхаславакію. Падчас сустрэчы з беларускімі студэнтамі ў Празе, якія там масава вучыліся ў той час, здарылася непрыемнасць — маладыя беларусы пачалі распытваць пра лёс Аляхновіча. Жылуновіч успрымаў гэта потым як загадзя падрыхтаваную правакацыю. 

    А ўжо ў канцы 1928 года Якуб Колас сабраў подпісы пад зваротам да Мікалая Галадзеда аб просьбе вызваліць Аляхновіча. Падпісаліся пад гэтым хадайніцтвам таксама Янка Купала, Змітрок Бядуля, Уладзіслаў Галубок ды іншыя. Яно і не дзіва, бо з Галубком Аляхновіч быў вельмі добра знаёмы, купалавыя п’есы ставіў на сцэне, а бядулевы творы друкаваў у сваіх газетах.

    Праўда, ніякага плёну гэтая петыцыя не дала, і драматурга асудзілі на 10 гадоў Салаўкоў. 

    Але сядзець Аляхновічу давялося значна менш, бо ўжо ў верасні 1933 года яго памянялі на Браніслава Тарашкевіча. Таго прысудзілі да вялікага турэмнага тэрміну польскія ўлады. Працэс абмену, які адбываўся непадалёк ад станцыі Коласава, дэталёва распісаны ў аповесці Аляхновіча.

    Вярнуўшыся ў Вільню, літаратар узяўся за напісанне аўтабіяграфічнага твора паводле перажытага.

    Праз 2 гады пасля вызвалення аповесць «У капцюрох ГПУ» была надрукавана на старонках манархічнай газеты «Słowo», якая была блізкая да групоўкі так званых «Віленскіх зуброў».

    Твор выклікаў вялікі рэзананс, у хуткім часе яго пачалі друкаваць у перакладзе на расійскую і ўкраінскую мовы. Найперш эмігранцкія выданні, якія негатыўна ставіліся да камуністаў. Маўляў, вось жывы дакумент чалавека, які прайшоў праз бальшавісцкія лагеры.

    А вось свае не надта верылі. Лічылі, што Аляхновіч малюе ўсё надта змрочнымі фарбамі, але сам пры гэтым падазрона добра выглядае — ну ніяк не падобны да вязня. З недаверам ставіліся да яго і палякі, якія лічылі Аляхновіча агентам ГПУ. Верагодна, пасля гісторыі з паездкай на Салаўкі быць «сваім» ён ужо не мог для многіх.

    Чытайце яшчэ:

    Чым менш часу мы праводзім у сацсетках, тым лепш сябе адчуваем. Але і без сацсетак цяпер немагчыма. Вось як правільна выбудаваць баланс

    Вярхоўны суд адхіліў апеляцыю відэаператара Івана Мураўёва. Яго этапуюць у калонію

    Прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем» мала што зменіць — палітолаг

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці