• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Франак Вячорка: «Беларускім медыям трэба вучыцца хваліцца сваімі поспехамі»

    На днях завяршыўся Львоўскі Медыяфорум  — адна з найбольш прыкметных падзей для журналісцкай супольнасці ў рэгіёне. Сёлета ў Львове сабраліся прадстаўнікі дзясяткаў краін ад ЗША да Тайваню. Ад Беларусі выступаў дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка. Выступ Вячоркі, а таксама яго развагі пра актуальныя праблемы беларускіх медыяў — у матэрыяле БАЖ.

    Львоўскі медыяфорум Франак Вячорка

    Франак Вячорка выступае на Львоўскім Медыяфоруме. Травень 2024 года. Фота: аўтара

    «Цяпер чытачы стаюць часткай медыя»

    Ва ўмовах поўнамаштабнай вайны Львоўскі Медыяфорум праводзіцца ў падвальным памяшканні-бомбасховішчы. Хоць Львоў знаходзіцца ў сотнях кіламетраў ад лініі баявых дзеянняў, такія меры перасцярогі не залішнія: на месцы, дзе летась месцілася зона для палення, сёлета агароджа і рамонтныя работы: наступствы трапляння расійскай ракеты падчас аднаго з абстрэлаў горада. 

    Выступ беларускага прадстаўніка прыпаў на другі дзень форуму ў межах панэлі пра дэкаланіялізм. Пачаў яго Вячорка з аповеду пра свой шлях ва Украіну:

    — Пяць гадзін я адказваў на пытанні ўкраінскіх памежнікаў пры ўездзе сюды. Але мне ўдалося давесці ім, што беларускі народ і рэжым Лукашэнкі — розныя рэчы. 

    Вячорка падкрэсліў, што барацьба беларускага і ўкраінскага народаў за свабоду мае шмат агульных рысаў, але для глыбейшага разумення вельмі важна ведаць гістарычны кантэкст.

    — Акупацыя Беларусі была больш працяглай: Расія знішчала ўсё, пачынаючы з ХІХ стагоддзя. Яшчэ гадоў сто таму беларусы размаўлялі на роднай мове, цяпер — толькі каля дзесяці адсоткаў насельніцтва. Але апошнім часам сітуацыя змяняецца да лепшага, дзякуючы моладзі, сучасным тэхналогіям. Адбываецца працэс адраджэння культуры і мовы. 

    Пратэсты, якія ахапілі Беларусь у 2020 годзе, былі выкліканыя не эканамічнымі прычынамі. Людзі абралі шлях у Еўропу, і гэта шлях, у які беларусы вераць. З іншага ж боку працуе прапаганда, дзяржаўная ідэалогія, якая транслюецца таксама ў школах, універсітэтах.

    — Лукашэнка поўнасцю знішчыў альтэрнатыўныя медыя. Але ў нас застаецца інтэрнэт і дзейнасць у падполлі,  — упэўнены Франак. — Зараз ідзе вострая барацьба ў інфармацыйнай прасторы. Журналісты працуюць, нягледзячы на тое, што няма доступу да крыніц, доступу да месца падзей. Таму ўзрастае роля чытача. Цяпер чытачы стаюць часткай медыя, яны праліваюць святло на падзеі ў Беларусі. Гэта стала свайго роду нацыянальным спортам: тысячы людзей у Беларусі, нават у самой сістэме, перадаюць звесткі незалежным медыя. 

    Апроч аб’яднання і каардынацыі, Вячорка зазначае яшчэ адну важную ролю незалежных СМІ: працу над ідэнтычнасцю.

    — Зараз ёсць дзве Беларусі. Адна Беларусь — акупаваная, дзе незалежнасць толькі ўяўная. Яе можна параўнаць з Францыяй часоў Вішы. Яна хутка і імкліва русіфікуецца. Другая Беларусь — віртуальная, яна існуе ў інтэрнэт прасторы і ў экзайле. І на яе мы можам паўплываць! Створаныя тысячы ініцыятыў за мяжой, школы з беларускай мовай, шматлікія курсы, беларусы падтрымліваюць свае традыцыі, адзначаюць святы. Наша задача — аб’яднаць дзве гэтыя Беларусі. 

    Выступоўца нагадаў, што беларусы карэнным чынам адрозніваюцца ад расейцаў, пра што выразна сведчаць сацыялагічныя апытанні як пра стаўленне да вайны, так і пра магчымасць беларусаў увайсці ў склад Расіі: 

    — Людзі, за выключэннем пяці адсоткаў, гэтага не хочуць, — адзначае спікер. — Дыктатары гэта бачаць, таму імкнуцца захаваць становішча, у якім Беларусь — буферная дзяржава, якая дапамагае Расіі ў агрэсіі.

    Разважаючы пра выйсце з бягучай сітуацыі, Франак адзначае дзейнасць дэмакратычных сілаў для падтрымання падпольнай барацьбы ў Беларусі. 

    — Наша задача — паказаць беларусам пазітыўную альтэрнатыву расійскаму свету. І без незалежных медыя гэта было б зрабіць цяжка. 

    «У пытанні хаваецца неразуменне кантэксту»

    Каб пагутарыць з Франакам Вячоркам пра стан нашых медыяў, давялося прабівацца праз натоўп украінскіх і замежных журналістаў, якія таксама мелі безліч пытанняў і пра сітуацыю ў Беларусі цяпер, і пра гісторыю беларускага супраціву. 

    Найперш запытваю ў Франака, чаму ў сваім выступе ён казаў пра настолькі базавыя рэчы, няўжо ж украінская аўдыторыя настолькі далёкая ад нашых рэаліяў?

    — На гэтым форуме — міжнародная аўдыторыя, тут больш за палову ўдзельнікаў — замежнікі, іх разуменне Беларусі даволі павярхоўнае, але нават і сярод украінцаў веданне агульнае. Так, яны чулі нешта пра 2020 год, пра полк Каліноўскага. Але няма глыбіннага разумення, напрыклад, чаму беларусы выходзілі мірна ў 2020 годзе, чаму не скінулі Лукашэнку, як украінцы скінулі Януковіча. Гэтае пытанне літаральна толькі што мне задавалі ўкраінскія журналісты зноў. Але нават у ім хаваецца неразуменне кантэксту і гістарычнай дынамікі.

    Таму лепш рэгулярна паўтараць гэтыя рэчы: і пра тое, што ёсць альтэрнатыўная нелукашэнкаўская Беларусь, і пра тое, якія свабоды беларусы мелі і маюць у параўнанні з украінцамі, якія ёсць падабенствы, бо лукашэнкаўскія наратывы падобныя на тое, што Пуцін робіць на акупаваных тэрыторыях. Мне было важна прагаварыць яшчэ раз гэта для журналістаў. 

    Таксама Вячорка патлумачыў, чаму часам так няшмат беларускай павесткі ва ўкраінскіх эфірах:

    — Украінскія медыя, з якімі мы камунікуем ледзь не штодня («Едині новини» і Free­dom) даюць толькі аператыўную павестку. Таму такія пляцоўкі як Львоўскі Медыяфорум даюць магчымасць паглыбіцца ў гістарычны кантэкст.

    «Кожны год ты пачынаеш змаганне за фінансаванне медыя ад самага пачатку»

    Актуальная праблема нашых медыя — фінансаванне. Толькі ў апошні час з крызісам сутыкнуліся «Белсат», «План Б», «Радыё Ўнэт», Reform, некаторыя рэдакцыі ўвогуле зачыняюцца. Многія з медыйшчыкаў звязваюць гэтыя працэсы з пераарыентацыяй донараў на расійскія праекты, але Франак Вячорка з гэтым не згодны. Ён упэўнены, што падтрымка расійскіх медыяў ідзе ў асобным кошыку. 

    — Агулам жа ёсць некалькі праблем. Па-першае, тая дапамога, якая ў 20‑м годзе была вылучаная на медыі, была сапраўды вялікай, медыі маглі развівацца, пераехаць у Польшчу, Літву, адкрыць новыя офісы, наняць каманду. А ўтрымліваць медыі ў Польшчы ці Літве нашмат даражэй, чым у Беларусі. Гэты час прайшоў. Зараз у разуменні заходнікаў няма тэрміновасці сітуацыі.  Ведаеце, гэта як у бальніцы: калі пацыент у крытычна-стабільным стане, то яму проста замацоўваюць маску штучнага дыхання, але ніхто не робіць рэанімацыйных працэдур, — параўноўвае суразмоўца.

    Франак Вячорка ў Львове

    Франак Вячорка падчас выступу на Львоўскім Медыяфоруме. Травень 2024 года. Фота: аўтара

    Ён падкрэслівае: беларусаў зараз проста падтрымліваюць, каб не задыхнуліся. І тут кожная паездка, кожны візіт, дзеянні палітычных сілаў маюць вялікае значэнне, каб расказаць, што стан крытычны, што ён патрабуе не толькі падтрымання, але і развіцця.

    Калі мы зараз не ўкладаемся ў незалежныя медыі, то потым давядзецца ўкладаць нашмат болей у лячэнне больш сур’ёзных праблем. Калі грамадства пад такой атакай і рэпрэсіямі, медыі яго падтрымліваюць, забяспечваюць інфармацыяй, ратуюць ад татальнай ізаляцыі. 

    Другую прычыну Вячорка бачыць у цыклах фінансавання.

    — Кожны год фінансаванне прымаецца па-новаму. Мы чуем, што зменшылася падтрымка медыяў. Але яна не змяншаецца, а штогод прымаецца па-новаму. Кожны год ты пачынаеш змаганне за фінансаванне медыя ад самага пачатку. Таксама і для праваабаронцаў, і для палітвязняў, і на культурныя ініцыятывы. Тут трэба ўсім працаваць разам: грамадзянскай супольнасці, медыям і палітыкам, каб лабіяваць пытанне, — мяркуе Франак. — У гэтым плане альтэрнатывы няма зараз. Платная падпіска, рэкламны бізнес, якія раней фінансавалі медыі, зараз недасяжныя праз экстрэмісцкія статусы.

    «Ніякі ліст ад палітыка не дапаможа, а можа нават і нашкодзіць»

    Франак адзначае, што такі і падобныя форумы — таксама частка маштабнага змагання за павелічэнне фінансавання беларускіх СМІ. Але ж існуюць і больш дэтальныя пытанні, звязаныя з канкрэтнымі рэдакцыямі ці журналістамі. Так можна прыгадаць гісторыю журналісткі Юліі з Нарвегіі, якая сутыкнулася з невырашальнай праблемай з легалізацыяй. Гісторыя набыла розгалас у «Фэйсбуку». Але ці ў стане палітычныя структуры, і ў прыватнасці Офіс Святланы Ціханоўскай, аказаць дапамогу ў такіх выпадках?

    — Міграцыя — гэта тое, на што не ўплываюць палітыкі, — лічыць Вячорка. — Таму што гэта пытанне ідзе асобна, асабліва ў такіх краінах, як Нарвегія, Данія, Швецыя, Нямеччына. Ніякі ліст ад палітыка не дапаможа, а можа нават і нашкодзіць. Што дапамагае ў выпадку са статусам уцекача — гэта доказы, што чалавек быў пераследаваны, таксама ўзрост і наяўнасць дзяцей, калі патрэбны тэрміновы разгляд.

    Але Ціханоўская не можа пазваніць у міграцыйны аддзел ці ў міністэрства і папрасіць прыняць той ці іншы кейс. Мы падымалі гэтае пытанне ў МЗС, там адказалі, што не маюць палітычнай сілы, каб паўплываць на гэта. І з парламентарыямі такая ж гісторыя.

    Па меркаванні суразмоўцы, адзінае, што можна яшчэ паспрабаваць — гэта медыйная ўвага:

    — Якраз медыйная ўвага можа аказаць грамадскі ціск на тыя органы, што прымаюць рашэнне. Зазначу, што ў Нарвегіі няма традыцыі прыёму беларускіх уцекачоў: там з беларусаў падаецца на ўцякацтва ў лепшым выпадку адзін-два чалавекі на год. Калі для ўкраінцаў, сірыйцаў, грамадзян некаторых афрыканскіх дзяржаваў прадугледжаныя працэдуры, то для беларусаў не прапісана нічога, няма ніякіх тэрмінаў. Але ж гэта не выключны выпадак, мы з такім сустракаемся рэгулярна: у Амерыцы людзі чакаюць гадамі. Чым краіна далей ад Беларусі, чым менш у ёй беларускіх уцекачоў, тым складаней будзе ў гэтай дзяржаве атрымаць нейкія дакументы. 

    «Я разумею медыі, якія захоўваюць расійскую версію»

    У сваім выступе Франак Вячорка шмат казаў пра важнасць захавання нацыянальнае ідэнтычнасці. У той жа час нярэдка можна пабачыць у публічнай прасторы дыскусіі адносна моўнай палітыкі нашых медыяў: многія рэсурсы ствараюць кантэнт выключна па-расійску. Ці варта бачыць у гэтым праблему?

    — Я бачу праблему ў тым, што мала беларускамоўнага кантэнту ў прынцыпе, гэта не толькі пра медыі. Мала беларускамоўных блогераў, мала пастоў у сацсетках, ролікаў на YouTube. Гэта ўсё вядзе да таго, што беларуская мова не трапляе ў трэнды, у алгарытмы. У тэхналагічных кампаніяў няма матывацыі абслугоўваць беларускую мову. Тут можна прыгадаць выпадак Google: яны не будуць уводзіць мадэрацыю, бо для пары дзясяткаў незалежных медыяў рабіць гэта немэтазгодна. Але я разумею медыі, якія захоўваюць расійскую версію: яны робяць гэта для трафіку першачаргова, і для рэкламы.

    Нават калі браць тых, хто стварае YouTube-кантэнт: каб трапіць у трэнды, то прасцей зрабіць расійскамоўны ролік. Каб трапіць у Google­News, прасцей зрабіць расійскамоўны тэкст. І віна не медыяў, а тэхкампаніяў, якія ўскосна несвядома стымулююць пашырэнне рускамоўнага кантэнту. 

    На думку Франака, існуе некалькі выйсцяў з сітуацыі. Гэта найперш праца з тэхкампаніямі, каб вымусіць іх рабіць больш намаганняў для падтрымкі беларускага кантэнту. Напрыклад, увядзенне рэкламы для беларускамоўных ролікаў у YouTube. Другое — гэта заклікаць карыстальнікаў пісаць каментары па-беларуску, уводзіць пошукавыя запыты па-беларуску. Гэта будзе павышаць узровень, пазнавальнасць і бачнасць беларускага кантэнту ў алгарытмічных сетках. 

    — А дзяржаўнай праграмы падтрымкі ў нас няма. Калі б у нас была нармальная дэмакратычная краіна, можна было б прастымуляваць нейкімі льготамі падатковымі беларускамоўныя медыя. Паколькі такога няма, то ўсё застаецца на саміх рэдакцыях: наколькі для іх важная падтрымка нацыянальнай ідэнтычнасці і культуры, наколькі яны гатовыя інвеставаць, каб гэтую працу рабіць.

    «Гэта беларускія журналісты могуць даваць трэнінгі, а не наадварот»

    Агулам жа Вячорка надзвычай высока ацэньвае якасць незалежных медыяў, выказваючы захапленне працай беларускіх журналістаў:

    — Я лічу, што ў нас выдатныя медыі! У нас адныя з найлепшых, з найбольш крэатыўных рэдакцый ва ўсёй Еўропе. Гэта беларускія журналісты могуць даваць трэнінгі, а не наадварот. Рэпарцёры, якія жывуць і працуюць у камфортных дэмакратычных умовах, часта не маюць такой матывацыі нешта вынаходзіць, крэатывіць, каб здабываць аўдыторыю, абыходзіць цэнзуру. А нашыя медыйшчыкі папросту вымушаныя гэта рабіць. 

    Франак Вячорка праблемы незалежных медыя

    Франак Вячорка на Львоўскім Медыяфоруме. Фота: аўтара

    Па меркаванні суразмоўцы,  адзіная праблема ў тым, што мала медыя.

    — Мала рэсурсу, каб ствараць больш кантэнту, мала медыяў, каб забяспечваць усе групы беларусаў, іх патрэбы і ўнутры краіны і звонку. На гэта варта звярнуць увагу. Але калі гаворка пра якасць, то нам трэба больш піярыць сваю працу, удзельнічаць у міжнародных падзеях, распавядаць пра поспехі беларускіх рэдакцый. Бо пра расійскія СМІ ведаюць шмат дзе, а беларусы сціплыя і мала хваляцца.

    Таму я думаю, што беларускім медыям трэба навучыцца хваліцца сваімі поспехамі, паказваць і лічбы, і якасць, і эксперыменты. І тое, як праз усе блакіроўкі, экстрэмісцкія статусы, яны ўсё роўна маюць большасць аўдыторыі з Беларусі. Гэта абсалютна ўнікальны кейс, гэта такое ноу-хау, якое мы не паказваем дастаткова свету. 

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці