Фотакарэспандэнту AFP адмовілі ва ўездзе ў Расію праз Беларусь
Французскае агенцтва AFP паведаміла пра адмову ва ўездзе ў Расію свайму фотакарэспандэнту. У расійскім МЗС удакладнілі, што агенцтва не звярталася да іх па журналісцкую акрэдытацыю.
Фотакарэспандэнту французскага інфармацыйнага агенцтва Agence France Presse (AFP) грамадзяніну Украіны Сяргею Супінскому адмовілі ва ўездзе ў Расію. Пра гэта паведамляе ria.ru са спасылкай на AFP.
Паведамляецца, што Супінскі, які працуе на AFP каля 13 гадоў, збіраўся сесці на самалёт у Маскву ў аэрапорце Мінска. Аднак яму не дазволілі паднняцца на борт самалёта, патлумачыўшы гэта тым, што ўезд у краіну яму забаронены.
У расійскім МЗС пракаментавалі паведамленні французскага агенцтва. «Да МЗС гэтая гісторыя не мае ніякага дачынення, і пра гэта было сказана AFP пасля іх звароту. Як мы зразумелі з аповеду AFP, іх супрацоўнік, грамадзянін Украіны, збіраўся заехаць на тэрыторыю Расіі, але не як журналіст. Адпаведна, і мы гэта можам пацвердзіць, ён не звяртаўся ў МЗС па журналісцкую акрэдытацыю», — прыводзіць агенцтва словы прадстаўніка расійскага замежнапалітычнага ведамства.
Суразмоўца дадаў, што ведамству невядомая мэта паездкі фотакарэспандэнта ў Расію. «Але гэта дакладна не журналісцкая дзейнасць, як нам сказала агенцтва», — дадаў ён.