• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Фотаздымак беларускай журналісткі трапіў на вокладку часопіса буйной авіякампаніі ЗША

    Беларуская журналістка Юлія Матузава зараз жыве ў іспанскай Малазе. Ужо больш за год яна займаецца фатаграфіяй. Хоббі для душы стала нагодай для нечаканага супрацоўніцтва, піша газета «Беларус», што выдаецца ў Амерыцы з 1950‑х гадоў.

    Юлія Матузава. Фота: з асабістага архіва

    Яе фотаздымкамі зацікавілася буйная амерыканская авіякампанія. Юліі прапанавалі супрацу, і вынік не прымусіў сябе доўга чакаць. Пра гэта беларуска напісала ў сваім допісе ў Х:

    Скрыншот акаўнтаЮліі Матузавай

    Для даведкі:

    Unit­ed Air­lines – буйная амерыканская авіякампанія са штаб-кватэрай у Чыкага, штат Ілінойс. Гэта адна з найбуйнейшых у свеце авіякампаній, якая абслугоўвае шырокую сетку ўнутраных і міжнародных маршрутаў з флотам, які ў асноўным складаецца з самалётаў Boe­ing і Air­bus. Unit­ed прапануе пасажырскія і грузавыя паслугі ў напрамкі па ўсёй Амерыцы, Еўропе, Азіі і Акіяніі. Яна з’яўляецца адным з заснавальнікаў Star Alliance, найбуйнейшага ў свеце альянсу авіякампаній, што дазваляе ёй супрацоўнічаць з іншымі авіякампаніямі, каб пашырыць свой глабальны ахоп і прапанаваць кліентам больш варыянтаў падарожжаў.

    М.Ч.: Юлія, віншую вас з такой прыемнай нагодай і хацеў бы задаць вам пару пытнняў. Як вы апынуліся ў Гішпаніі і як пачалі займацца фатаграфіяй?

    Ю.М.: Я працавала журналістам у Беларусі і з’ехаць мне адтуль прыйшлося з‑за палітычнай сітуацыі. Калі прыязджаеш у новую краіну і прычым даволі надоўга, то разумееш, што трэба шмат што пачынаць з нуля. Я працягвала працаваць на беларускія медыя, але дыстанцыйная праца мае вельмі шмат недахопаў. Хацелася неяк развівацца на новым месцы, знаходзіць кантакты, магчымасці для творчасці.

    Я заўсёды любіла фатаграфію і навучылася добра карыстацца тэхнікай яшчэ шмат гадоў таму, але толькі ў эміграцыі пачала разглядаць фатаграфію як магчымасць працы. Два гады таму я набыла прафесійную камеру і пачала здымаць: спачатку архітэктуру, мора, жыццё Малагі, а пасля — людзей. У 2022 у Малагу прыехала шмат украінцаў і беларусаў, неяк так паціху пачалі прыходзіць заказы на фотасэсіі — і цяпер я кожны тыдзень недзе здымаю (і сумяшчаю гэта з асноўнай працай журналістам у беларускім медыя).

    М.Ч.: Як на вас выйшлі з прапановай супрацы?

    Ю.М.: У мяне ёсць сайт, інстаграм і таксама партфоліа на вядомым фотастоку Unsplash. Менавіта праз гэты сайт на мяне і выйшлі з авіякампаніі Unit­ed, бо там я і публікую пейзажныя фотаздымкі Малагі і Гішпаніі. Гэта не першы раз, калі са мной вось так звязаліся: у канцы мінулага году вялізная туркампанія TUI прапаноўвала мне паздымаць іх тур у Андалусіі, а швейцарскія авіялініі публікавалі мае здымкі ў сваіх сацсетках.

    Але зрабіць вокладку для часопіса на борт авіякампаніі, вядома, было ваў! Адчула вельмі прыемныя эмоцыі і атрымала добры заробак за сваю працу.

    М.Ч.: З Беларусі пасля падзеяў 2020-га году выехала вялікая колькасць журналістаў. Шмат хто згубіўся і больш не адчувае сябе запатрабаваным у сваёй прафесіі. Як вы паступілі ў гэтай сітуацыі выгнання?

    Ю.М.: Сапраўды, як вы сказалі, шмат хто адчувае сябе незапатрабаваным за мяжой. Асабліва, калі твая прафесія вельмі вузкага профілю, як журналістыка, і складана рэалізавацца як на радзіме. Таму для мяне фатаграфія стала нейкім выйсцем з гэтай даволі дэпрэсіўнай сітуацыі. Хацелася б развівацца ў гэтым кірунку і спадзяюся на новыя супрацоўніцтвы.

    Ylia Matuzava hacopic

    Тая самая вокладка часопіса

    М.Ч.: Дарэчы, хто на фотаздымку?

    Ю.М.: На здымку — мая сяброўка, дзяўчына з Беларусі, якая жыве ў Малазе і працуе тут прафесійнай мадэллю. Яна таксама была вельмі радая такому супрацоўніцтву. Атрымалася цікава: праца для амерыканскай авіякампаніі пра Іспанію цалкам зробленая беларускамі.

    Азнаёміцца з фотапрацамі Юліі можна тут, а таксама ў яе інстаграм тут.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці