«Form. Line. Color» — выстава арт-фатаграфіі ў Гродна
У Гродна ў Цэнтры гарадскога жыцця праходзіць супольная выстава трох фатографаў — Іллі Гелея, Яўгена Новака, Аляксандра Саенкі.
Сцены былой галерэі “Крыга” нібы падзеленыя на тры розныя прасторы, дзе кожны з аўтараў прадставіў свае працы.
Пра выставу распавядае адзін з аўтараў Аляксандр Саенка:
— Для мяне цікава было сабрацца з калегамі на такі супольны праект. У нас зусім розныя погляды на фатаграфію. У кагосці форма, у кагосці лінія, у кагосці колер. І разам мы стварылі такую калабарацыю.
Па словах Іллі Гілея, Гродна чакала адкрыцця выставы падобнага фармату апошнія пяць год:
— Уся канцэпцыя выставы звязана з галоўнымі элементамі. У любым візуальным мастацтве гэта лінія, форма і колер. Экспазіцыя ўяўляе сабой візуальнае даследанне. Тут вы можаце знайсці працы, якія напрамую адносяцца да супрыматызму, абстракцыі і экспрэсіянізму. Для света гродзенскай фатаграфіі гэта— глыток свежага паветра, новы, не заезджаны фармат.
Адкрыццё выставы сабрала маладое пакаленне аматараў сучаснага мастацтва. Выстава будзе працаваць цягам бліжэйшых двух тыдняў.